25 красавiка 2024, Чацвер, 19:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Cяргей Чалы пра напад: Білі моўчкі

16
Cяргей Чалы пра напад: Білі моўчкі
CЯРГЕЙ ЧАЛЫ
АРХІЎНЫЯ ФОТА «РАДЫЁ СВАБОДА»

Вядомы эканаміст распавёў пра абставіны здарэння.

Эканаміст Сяргей Чалы пасля начнога нападу невядомых у цэнтры Менска трэці дзень знаходзіцца ў лякарні хуткай дапамогі. Дэталі нападу ён распавёў «Радыё Свабода».

У гадзіну ночы 19 траўня незалежны эканаміст і блогер Сяргей Чалы быў збіты невядомымі мужчынамі ў двары дома на вуліцы Леніна ў Менску, за ГУМам. Чалы знаходзіцца ў менскім шпіталі хуткай дапамогі: у яго чэрапна-мазгавая траўма, пералом носа, пашкоджанне вачэй, шмат гематом і ранак на галаве, моцна разбітыя плячо і рука.

Сяргей не выключае, што напад на яго - не звычайнае хуліганства, а помста і папярэджанне. Але за што - не можа зразумець.

«Білі ў асноўным па галаве, яшчэ плячо сіняе. Усё баліць», - кажа Сяргей Чалы.

Пра сам напад невядомых асобаў ён ужо распавядаў міліцыянту і дзяжурнаму Следчага камітэта. Сяргей Чалы прызнаецца, што памятае трохі падрабязнасцяў. З ягоных слоў, збіццё заняло не больш за хвіліну, «нібыта спяшаліся», і наогул выглядае падазроным.

Быў град удараў

«Гэта было каля ГУМа, на вуліцы Леніна. Там нейкая шаўрмічная «Курыца - памада». Як павернеш за кут - арка.

Блізу гадзіны ночы мы выйшлі з шаўрмічнай і зайшлі ўтрох у арку, стаялі ў двары. Я стаяў тварам да аркі, размаўляў з сябрам, ён быў спіной да аркі, тварам да мяне. А наш трэці сябар на хвілінку адышоў.

Памятаю, як да нас падыходзіў нейкі мужчына, але дакладна памятаю, што канфлікту з ім не было. Мы прадаўжалі размову, як раптам з аркі выбеглі на нас гэтыя людзі. Магчыма, чалавек пяць.

Беглі хутка, такім клінам. Адразу збілі з ног майго сябра і ўзяліся за мяне. Што памятаю? Твар мужчыны з кулаком, паднятым для ўдару, а вось у чым быў апрануты той, хто мяне першы ўдарыў, дакладна не памятаю.

Далей град удараў, я спрабую адмахвацца, але ўдары сыплюцца з усіх бакоў. А потым яны так жа моўчкі ўцяклі. Ні слова. Падчас бойкі я нават і спытаў, за што, але не адказалі», - распавёў пра тыя падзеі Сяргей Чалы.

Ён дадаў, што нападнікі не зацікавіліся ягонымі рэчамі: «У мяне дарагі тэлефон, партманэт у кішэні, заплечнік. Ніякага інтарэсу».

Са слоў Сяргея Чалага, перад гэтым у яго не было канфліктаў з мінакамі або з наведвальнікамі каля Цэнтральнага ўніверсама, дзе ён з сябрамі піў піва.

«Нас была вялікая кампанія, шмат знаёмых, але ўсё было мірна. Піў толькі піва, асабіста я іншых напояў не ўжываю. З «Цэнтральнага» мы пайшлі ў шаўрмічную, яшчэ там пасядзелі. Там наогул не было наведвальнікаў, канфліктаваць няма з кім».

«Раптам яны пабеглі на нас і пачалі біцца»

Аляксандр Васюковіч быў у кампаніі з Сяргеем Чалым, але за хвіліну да нападу адышоў у бок. Аляксандр сказаў журналістам, што гэта выратавала яго ад збіцця невядомымі.

«Памятаю аднаго з іх, гладка паголены, невялікага росту, хударлявы. Гэта ён падыходзіў да Сяргея і нешта яму казаў, але канфлікту паміж імі не было. Чалавек пайшоў, але, відавочна, каб вярнуцца ўжо з кампаніяй.

Яны прыйшлі ў той двор пазней за нас, Сяргей іх і не бачыў. Раптам яны пабеглі на нас і пачалі біцца. Сяргея збівалі два з іх, адзін нашага сябра Сакалоўскага. Потым пагналіся за мной, але я адбегся і дастаў мабільны тэлефон, яны спыніліся і ўцяклі. Увогуле чаму яны на нас напалі, не разумею», - успомніў пра інцыдэнт Аляксандр Васюковіч.

Пры гэтым Сяргей Чалы не ведае прычын нападу, якія могуць быць звязаныя з ягонай дзейнасцю як эканаміста і інтэрнэт-вядоўцы.

«За апошні час шмат было вострых перадач, але ніхто не выказваў заўваг або прэтэнзій. Ды і я ж ведаю, як выказацца так, каб іх не было. Нейкая дзікая гісторыя».

Са слоў Сяргея Чалага, у СК яму паведамілі, што згодна з ягонай заявай будзе заведзеная крымінальная справа. У следчым камітэце пакуль не ўдалося пацвердзіць гэтую інфармацыю.

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках