6 траўня 2024, панядзелак, 13:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусаў пасадзяць на хлеб і ваду?

22
Беларусаў пасадзяць на хлеб і ваду?
ФОТА З САЙТА CASHBUZZ.RU

Тэктанічныя зрухі на рынку працы.

Красавіцкая афіцыйная статыстыка рынку працы вельмі расчаравала. Сітуацыя з прынятымі і звольненымі работнікамі не была такой дрэннай аж з 2016 года. На рынку працы другі квартал 2018 года пачаўся для ўладаў з негатыву.

Упершыню за 17 месяцаў розніца паміж прынятымі і звольненымі работнікамі пагоршылася ў дачыненні да супастаўнага перыяду мінулага года. Паляпшэнне сітуацыі занятых пазначылася ў чацвёртым квартале 2016 года і супала з пачаткам росту эканомікі Беларусі. У такой логіцы звесткі красавіка 2018 года могуць казаць пра спаўзанне краіны ў новую рэцэсію, пішуць banki24.by.

Пералом трэнду адбыўся ў сакавіку, калі працадаўцы звольнілі на чыстай аснове 5 тысяч чалавек - столькі ж, колькі ў сакавіку 2017 года. У выніку, калі да сакавіка 2018 сальда прынятых і звольненых стабільна паляпшалася да мінулага года, то ў пачатку вясны гэтая розніца паміж гадамі практычна абнулілася. Прапорцыя прынятых і звольненых у адсотках у сакавіку 2018 склала 90,1%, тады як у сакавіку 2017 года была крыху вышэйшай - 90,3%. Адкат у негатыўны бок адбыўся першы раз з канца 2016 года.

Красавіцкія звесткі выйшлі сапраўды дрэннымі. За красавік 2018 года працадаўцы звольнілі на 10,3 тысяч чалавек больш, чым за красавік2017 года, а прынялі - усяго на 3,6 тысяч чалавек больш. У выніку розніца паміж прынятымі і звольненымі ў дачыненні да 2017 года апусцілася на мінус 6,7 тысяч чалавек!

Каэфіцыент замяшчэння звольненых работнікаў прынятымі знізіўся з 85,9% у красавіку 2017 года да 77,7% у красавіку 2018 года. Гэта значыць, што на кожных 100 звольненых у гэтым годзе прыпала толькі 77,7 прынятых. Амаль чвэрць працоўных месцаў фактычна была скарочаная, бо ніхто не замяніў звольненых.

У абсалютных лічбах сітуацыя выглядала наступным чынам. У красавіку 2018 года колькасць звольненых у Беларусі перавысіла колькасць прынятых на 14,3 тысяч чалавек, у красавіку 2017 года - на 7,6 тысяч чалавек. Паколькі штомесячныя справаздачы ў Белстат не здаюць мікрапрадпрыемствы і частка малых кампаній, у найлепшым выпадку гэтыя людзі сышлі ў дробны бізнэс. У горшым выпадку яны эмігравалі з Беларусі ў іншую краіну.

Нават няпоўная афіцыйная статыстыка працоўнай міграцыі апошнім часам выклікае вялікія асцярогі. Вядома, частку росту колькасці звольненых можна спісаць на надвор'е. Бо кожную вясну ў энэргетыцы адбываецца звальненне сезонных рабочых у кацельнях. Красавік у 2018 годзе быў значна цяплейшы за аналагічны месяц у 2017 годзе. Таму ацяпляльны сезон закончыўся на некалькі тыдняў раней, чым у мінулым годзе. Але гэты фактар тлумачыць толькі 2,6 з 6,7 тысяч чалавек, звольненых звыш планкі 2017 года.

У красавіку 2018 хваля звальненняў пракацілася па большасці сфер занятасці і рэгіёнаў. Больш за ўсіх пацярпела Менская вобласць. Гэты рэгіён страціў за месяц на 3,3 тысячы работнікаў больш, чым у красавіку 2017 года. У «чырвонай» зоне апынуўся раней паспяховы Менск. З назіранай эканомікі сталіцы знікла 1,1 тысячы чалавек звольненых у красавіку 2017 года.

Відавочна, улады спынілі ўсялякія спробы рэфармавання сістэмы і проста плывуць па плыні, следам за зменамі сусветнай кан'юнктуры. Рынак працы сігналізуе, што бяздзейнасць чыноўнікаў пачынае не проста не дапамагаць, а шкодзіць эканоміцы Беларусі. Калі раней мы хоць бы плылі, то цяпер рызыкуем патануць.

Напісаць каментар 22

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках