14 снежня 2018, Пятніца, 21:12
Дзякую вам
Рубрыкі

Памілаваны экс-кіраўнік Салігорскага раёна ўзначаліў калгас пад Драгічынам

41
АЛЯКСАНДР РЫМАШЭЎСКІ

Аляксандр Рымашэўскі знайшоўся ў сельгаспрадпрыемстве «Радастоўскае».

Былы кіраўнік Салігорскага раёна Аляксандр Рымашэўскі стаў дырэктарам дзяржаўнага сельгаспрадпрыемства «Радастоўскі», якое месціцца ў Драгічынскім раёне Берасцейскай вобласці. Інфармацыю пра гэта tut.by паведамілі інфармаваныя крыніцы і пацвердзілі на самім прадпрыемстве, дзе працуе 160 чалавек.

«Так, з учорашняга дня ўзначальвае», - сказалі ў ААТ «Радастоўскі» ў адказе на пытанне, ці сапраўды Аляксандр Рымашэўскі прызначаны новым кіраўніком прадпрыемства. У прыёмнай дырэктара дадалі, што Рымашэўскі «вельмі заняты», таму не можа даваць каментары.

На днях Рымашэўскі выйшаў на волю, адбыўшы пад вартай паўгода. У снежні 2017 году суд Менскай вобласці прысудзіў былога кіраўніка Салігорскага раёна да 8 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Суд таксама забараніў яму займаць кіроўныя пасады цягам пяці гадоў і пастанавіў спагнаць з экс-старшыні 28 561 рубель.

Аляксандр Рымашэўскі быў затрыманы супрацоўнікамі ГУБАЗіК МУС Беларусі летам 2017 года пры атрыманні хабару. Паводле звестак аператыўнікаў, старшыня райвыканкама працяглы час злоўжываў уладай і службовымі паўнамоцтвамі пры развязанні пытанняў закупкі сродкаў аховы раслін, насення і запасных частак для сельгастэхнікі аграпрамысловых прадпрыемстваў і арганізацый Салігорскага раёна. Агульная сума хабараў склала 16 900 даляраў, сваю віну ў апошнім слове фігурант адмаўляў.

Паводле інфармацыі крыніцы, Аляксандр Рымашэўскі быў памілаваны Лукашэнкам.

Адкрытае акцыянернае таварыства «Радастоўскі» створанае ў канцы 2016 года шляхам пераўтварэння сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва «Радастоўскі» у адпаведнасці з указам Лукашэнкі ад 17 ліпеня 2014 г №349 «Аб рэарганізацыі калгасаў (сельскагаспадарчых вытворчых кааператываў)». Раней у Радастове быў калгас «Чырвоны партызан».

Прыбытак ААТ «Радастоўскі» за 2017 год склаў больш за 2 млн рублёў, павялічыўшыся ў параўнанні з 2016 годам на 300 тысяч рублёў. Чысты прыбытак вырас да 168 тысяч рублёў (супраць 11 тысяч рублёў у 2016 годзе). Кароткатэрміновая крэдыторская запазычанасць складала на пачатак года за 1,2 млн рублёў.

Аграгарадок Радастова - самы буйны населены пункт у Драгічынскім раёне, сёння ў вёсцы, ад якой да беларуска-ўкраінскай мяжы рукой падаць, жыве больш за 1200 чалавек. Тут прайшло дзяцінства старшыні КДБ Валерыя Вакульчыка. Ягоны бацька шмат гадоў кіраваў калгасам, мама была настаўніцай беларускай мовы і літаратуры, затым узначаліла мясцовую школу. Менавіта яе скончыў будучы старшыня КДБ. Тут жа сустрэў будучую жонку - яны вучыліся ў адным класе.