Алег Сянцоў - Нарусовай: Білі - гэта самае лёгкае, што было
4- 2.06.2018, 21:59
- 22,135
Украінскі рэжысёр 20 хвілін размаўляў праз відэасувязь з Людмілай Нарусавай.
Сэнатарка Савета Федэрацыі РФ Людміла Нарусова, маці журналісткі Ксеніі Сабчак, блізу 20 хвілін размаўляла з дапамогай відэасувязі з украінскім рэжысёрам Алегам Сянцовым, які знаходзіцца ў расейскай калоніі. Пра гэта сэнатарка паведаміла 1 чэрвеня ў эфіры тэлеканала "Дождь".
Нарусова распавяла, што спрабавала асабіста сустрэцца з палітвязнем, але начальнік калоніі патлумачыў, што гэта немагчыма праз разліў ракі Обь. Ёй дазволілі пагутарыць праз відэаканал.
"Мы звязаліся на наступны дзень з Саветам Федэрацыі праз службовы кампутар з калоніяй - там ёсць камера для відэасувязі... Зусім выпадкова апынулася ў мяне ў кабінеце Ксенія, таму што яна акурат збіралася ўдзельнічаць у акцыі ў падтрымку Сянцова ў сваёй футболцы "Свабоду Сянцову", - распавяла сэнатарка.
Паводле ейных слоў, рэжысёр спачатку насцярожана паставіўся да прадстаўленага расейскай уладай суразмоўцы, аднак "змякчэў", калі ўбачыў Сабчак і ейную футболку.
"Я, вядома, пыталася ў яго, задавала пытанні, пра падрабязнасці ягонага арышту, катаванні для выбівання прызнальных сведчанняў, пыталася, ці білі яго. На што ён адказаў: "Білі - гэта самае лёгкае, што было"... Распавёў, што ён з'яўляецца грамадзянінам Украіны, ніколі не пісаў заявы на расейскі пашпарт", - адзначыла Нарусава.
Яна паведаміла, што ў канцы размовы Сянцоў ўсміхаўся.