4 траўня 2024, Субота, 18:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Памылкі Крамля: Чаму рэкордна ўпаў рэйтынг Пуціна

10
Памылкі Крамля: Чаму рэкордна ўпаў рэйтынг Пуціна

ЧС не дапамог кіраўніку Расеі.

Уладзіміру Пуціну не ўдалося дыстанцыявацца ад пенсійнай рэформы, а аб'ява аб непрыемных рэформах падчас чэмпіянату свету ў футболе не спрацавала: сацыёлагі зафіксавалі самае вялікае з 2014 года падзенне рэйтынгаў прэзідэнта і ўрада, паведамляе Расейская служба ВВС.

Адразу дзве сацыялагічныя службы - дзяржаўны Усерасійскі цэнтр грамадскай думкі (УЦДГМ) і фонд «Грамадская думка» (ФГД) - зафіксавалі значнае зніжэнне ўзроўню адабрэння дзейнасці прэзідэнта Уладзіміра Пуціна.

ФГД паведаміў аб самым нізкім узроўні адабрэння Пуціна за апошнія пяць гадоў - 69%. Паводле звестак сацыёлагаў, амаль кожны пяты расеец дрэнна ацэньвае працу прэзідэнта.

Электаральны рэйтынг Пуціна таксама ўпаў амаль на «дакрымскі ўзровень» - галасаваць за яго гатовыя толькі 54%. Для параўнання ў сакавіку 2018 года пра гатоўнасць галасаваць за Пуціна казалі 66% расейцаў.

Паводле апытання УЦДГМ, з траўня адабрэнне Пуціна ўпала на 8,2 адсотка. Цяпер яго працу ўхваляе 72,1%.

Урадам незадаволеныя

Адабрэнне працы ўрада, паводле звестак УЦДГМ, за апошні месяц упала з 45,4% да 38,5%. Паўтара гады таму, у снежні 2016 года, дзейнасцю кабінета міністраў былі задаволеныя 61,2% рэспандэнтаў УЦДГМ.

Паводле звестак ФГД, узровень адабрэння работы ўрада дасягнуў самага нізкага ўзроўню з 2009 года. Амаль палова расейцаў паведаміла аб дрэннай рабоце ўрада. Пазітыўна аб дзейнасці Белага дома адгукнуліся 34% рэспандэнтаў ФГД.

Акрамя таго, 67% паведамілі сацыёлагам ФГД, што чулі ад навакольных крытычныя выказванні ў адрас расейскіх уладаў - гэта самы высокі з 2013 года ўзровень. Палова апытаных прызналася, што дзеянні ўлады за апошні месяц выклікалі незадаволенасць асабіста ў іх.

Імітацыя недатычнасці да пенсій не дапамагла

Сацыёлагі і палітолагі адзначаюць, што ўсплёск незадаволенасці звязаны з планамі падвышэння пенсійнага ўзросту, ростам коштаў бензіну і падвышэннем ПДВ.

Афіцыйна Крэмль каментуе пенсійную рэформу так, быццам бы Пуцін ніяк да яе не датычны. Сам прэзідэнт у адказе на пытанне аб падвышэнні пенсійнага ўзросту на «Жывой лініі», казаў, што пастанову будзе прымаць урад.

Прэс-сакратар прэзідэнта Дзмітрый Пяскоў казаў, што ні Пуцін, ні ягоная адміністрацыя не ўдзельнічаюць у абмеркаванні рэформы, бо пакуль у яе няма «канчатковых абрысаў», і раіў звяртацца да ўраду.

Чым абернецца для расейцаў падвышэнне ПДВ? Тлумачым у 100 і 500 словах

Гэта не выратавала прэзідэнта ад падзення рэйтынгу. «Гульня ў тое, што гэта робіць урад, а Пуцін ні пры чым, непераканаўчая, - сказаў Расейскай службе ВВС палітолаг Глеб Паўлоўскі. - Людзей стала пераконваюць, што ўсё вызначае Пуцін. А потым раптам кажуць, што ўсе, акрамя вось гэтага».

Аналітык ФГД Рыгор Кертман таксама ўпэўнены, што дзеянні ўлады людзі ўспрымаюць комплексна і за адказнага ўважаюць менавіта Пуціна. «Спробы дыстанцыяваць прэзідэнта ад пенсійнай рэформы не былі пачутыя грамадзянамі, лічбы паказваюць на значную незадаволенасць», - сказаў сацыёлаг. З ягонага пункту гледжання, рост або зніжэнне незадаволенасці залежаць ад дзеянняў прэзідэнта, які цяпер трымае паўзу.

Тактыка ўхіляцца ад балючых падзей, «магчыма, мела сэнс» раней: 20 гадоў таму, маладога прэзідэнта Пуціна засцерагалі ад сувязі з дрэннымі навінамі і сумнымі тэмамі, нагадвае Паўлоўскі. «Але і тады гэта было няправільна. Сёння імітацыя недатычнасці стала ўласцівасцю палітыкі і самога Пуціна. Яму непрыемна выходзіць у поле рэальных палітычных пастаноў», - запэўнівае экспэрт.

Пуцін разумее сацыяльную неадназначнасць рэформы і спрабуе сысці з-пад наўпроставага ўдару па рэпутацыі, тлумачыць палітолаг Андрэй Калядзін. З ягоных слоў, так бывала і ў мінулым, калі эканамічныя праблемы хутчэй білі па прэм'еру Дзмітрыю Мядзведзеву.

Схавацца за чэмпіянат не здолеў

Аб планах падвысіць пенсійны ўзрост урад абвясціў у дзень пачатку чэмпіянату свету ў футболе, тады ж стала вядома аб будучым падвышэнні ПДВ.

На думку палітолага Андрэя Калядзіна, час для анансавання рэформы выбралі невыпадкова: улады спрабавалі згладзіць сітуацыю. «Але калі справа тычыцца партманэта, ніякія медыйныя захады не кампенсуюць у вачах насельніцтва пагрозу магчымай шкоды», - тлумачыць экспэрт.

Калі ўлады сапраўды разлічвалі, што адкрыццё хатняга ЧС разрадзіць незадаволенасць людзей балючымі рэформамі, то яны паступілі неразумна, мяркуе Кертман: «Гаворка ішла аб сур'ёзнай гісторыі, якая істотна мяняе важны аспект існавання людзей, аб пытанні, якое не забудзецца праз месяц ці два».

Паўлоўскі мяркуе, што Пуцін мог бы сам выразна абвясціць аб пенсійнай рэформе, напрыклад, на «жывой лініі» 7 чэрвеня. Але тады прэзідэнт не стаў проста адказваць на пытанне аб падвышэнні ўзросту выхаду на пенсію.

«Ва ўрадавай заяве аб планах падвысіць пенсійны ўзрост быў эфект раптоўнасці, шоку, - адзначыў сацыёлаг Кертман. - Людзі ўспрынялі гэта як канчатковую пастанову, якую не зменяць ні Дзярждума, ні прэзідэнт». Сацыёлаг мяркуе, што гэтага можна было пазбегнуць, калі б будучую рэформу падавалі больш адэкватна.

Ці чакаць пратэстаў

Тэма вельмі адчувальная, і пратэстныя акцыі ў сувязі з ёй не выключаныя, але даваць прагнозы цяпер цяжка.

Як мяркуе Калядзін, Крэмль загадзя рыхтаваўся да магчымых наступстваў і нават падзенне рэйтынгу не прымусіць улады адмовіцца ад рэформы: «Магчымыя карэкціроўкі, гэта будзе залежаць ад сілы пратэстаў. Але калі яны будуць не занадта сур'ёзнымі, то параметры могуць і не мяняць».

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках