8 траўня 2024, Серада, 15:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Улады дапускаюць новае павышэнне пенсійнага ўзросту ў Беларусі і ўразанне бальнічных

14
Улады дапускаюць новае павышэнне пенсійнага ўзросту ў Беларусі і ўразанне бальнічных
Фота: bymedia

Пачынаючы з мінулага года, пенсійны ўзрост у Беларусі штогод павялічваецца.

Гэты працэс павінен закончыцца ў 2022 годзе, калі жанчыны пачнуць выходзіць на пенсію ў 58 гадоў, а мужчыны – у 63 гады. Пры гэтым пасля 2022 года пенсійны ўзрост жанчынаў і мужчынаў могуць зраўнаваць. Дзяржава ўжо разглядае такі сцэнар, піша naviny.by.

Гендарная роўнасць для пенсіянераў

У Фондзе сацыяльнай абароны насельніцтва, за кошт сродкаў якога насельніцтва атрымлівае пенсіі і дапамогі, ужо цягам пяці гадоў (пачынаючы з 2013-га) назіраецца дэфіцыт. У апошнія гады гэты дэфіцыт пакрываецца дзякуючы субвенцыям рэспубліканскага бюджэту.

Такое становішча турбуе беларускія ўлады. Таму нядзіўна, што на фоне падрыхтоўкі бюджэту на 2019 г. улады надумалі абмеркаваць, што рабіць з хранічным дэфіцытам Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва.

Паводле інфармацыі БелаПАН, тэма дэфіцыту ФСАН на гэтым тыдні выносілася на разгляд групы экспертаў, якая збіралася ў Савеце Рэспублікі. Сярод іх былі кіраўнічыя супрацоўнікі міністэрстваў і ўстановаў.

«Забяспечваць збалансаванасць Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва плануецца за кошт комплексу захадаў, у тым ліку шляхам пераносу некаторых выдаткаў фонду на рэспубліканскі бюджэт», – паведаміў суразмоўца ў парламенцкіх колах, знаёмы з вынікамі пасяджэння групы экспертаў.

Сярод іншага, прапануецца зрабіць так, каб выдаткі на выплату дапамогі ў доглядзе за інвалідамі першай групы і састарэлымі, якія дасягнулі 80 гадоў, фінансаваліся з рэспубліканскага бюджэту, а не са сродкаў ФСАН.

Яшчэ адна прапанова, якую агучылі ўлады на пасяджэнні экспертнай групы, – перагледзець падыходы да аплаты бальнічных, што таксама дасць магчымасць знізіць выдаткі ФСАН. Сярод іншага, прапануецца не аплачваць бальнічныя супрацоўнікам у сувязі з агульным захворваннем або траўмай у побыце першыя тры каляндарныя дні, а аплачваць іх толькі з чацвёртага дня часовай непрацаздольнасці.

У сярэднетэрміновай перспектыве дзяржава плануе прыняць і іншыя захады, якія дазволяць не дапусціць павелічэння нагрузкі на ФСАН у сувязі са старэннем насельніцтва. Сярод іншага, на афіцыйным узроўні разглядаецца магчымасць далейшага павышэння пенсійнага ўзросту.

"Прапанова, якая была агучаная ў Cавеце Рэспублікі, заключаецца ў тым, каб павялічыць пенсійны ўзрост для жанчынаў. Новы этап павышэння пенсійнага ўзросту ў гэтым выпадку можа пачацца ў 2023 годзе», – паведаміў суразмоўца БелаПАН у парламенцкіх колах.

Нагадаем, у 2016 годзе ў Беларусі ўжо была прынятая пастанова павышаць пенсійны ўзрост для жанчынаў і мужчынаў з 2017-га штогод на шэсць месяцаў. У выніку, за 2017–2022 гады пенсійны ўзрост жанчынаў вырасце з 55 да 58 гадоў, а мужчынаў – з 60 да 63 гадоў.

Паводле ацэнак дзяржавы, павелічэнне пенсійнага ўзросту для жанчынаў з 58 да 63 гадоў, якое можна ажыццявіць у 2023–2032 гады, дасць магчымасць не дапусціць павелічэння дэфіцыту ФСАН і пры гэтым захаваць пенсіі на цяперашнім узроўні (не менш за 40% ад сярэднямесячнага заробку).

Непазбежная перспектыва

Беларускія эканамісты мяркуюць, што пазбегнуць павышэння пенсійнага ўзросту для жанчынаў да ўзроўню мужчынаў наўрад ці ўдасца.

«Захаваць права жанчынаў выходзіць на пенсію на пяць гадоў раней за мужчынаў наўрад ці атрымаецца. З улікам старэння насельніцтва гэта запатрабуе альбо павелічэння ўнёскаў у ФСАН, якія і так высокія, альбо зніжэння пенсійных выплатаў, але яны і так невялікія. Таму павышэнне пенсійнага ўзросту жанчынаў да ўзроўню мужчынаў, хутчэй за ўсё, адбудзецца", – адзначыла ў каментары навуковая супрацоўніца Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтра (BEROC) Марыя Акулава.

Разлікі экспертаў, заснаваныя на дэмаграфічных звестках, пацвярджаюць гэтую выснову.

«Нашы разлікі, якія мы рабілі ў рамках даследаванняў, паказваюць, што для недапушчэння росту дэфіцыту ФСАН у доўгатэрміновай перспектыве пенсійны ўзрост жанчынаў трэба падымаць да ўзроўню мужчынаў. Таму, хутчэй за ўсё, у 2022 годзе працэс павышэння пенсійнага ўзросту ў Беларусі не спыніцца», – мяркуе акадэмічная дырэктарка Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтра (BEROC) Кацярына Барнукова.

Павышэнне пенсійнага ўзросту жанчынаў у доўгатэрміновай перспектыве – цалкам лагічны працэс, мяркуе эканамістка.

«Беручы пад увагу, што жанчыны ў сярэднім жывуць на 10 гадоў даўжэй за мужчынаў, такія змены можна зразумець. Пры гэтым засмучае іншы факт. Крокі дзяржавы, якія тычацца пенсійнай сістэмы, пакуль абмяжоўваюцца толькі захадамі ў павышэнні пенсійнага ўзросту, хоць даўно ўжо варта было задумацца пра стымуляванне развіцця ашчаднай пенсійнай сістэмы», – мяркуе Барнукова.

Дарэчы, на пасяджэнні групы экспертаў пытанне пра тое, што пенсійныя выплаты павінны быць увязаныя з памерам пенсійных унёскаў, уздымалася і абмяркоўвалася.

«Відавочна, каб ашчадная пенсійная сістэма развівалася, неабходна забяспечыць не толькі макраэканамічную стабільнасць, але і магчымасць насельніцтва хеджыраваць валютныя рызыкі. Насельніцтва стане не захоўваць зберажэнні ў сваёй шафе, а рабіць добраахвотныя пенсійныя ўнёскі толькі ў тым выпадку, калі будзе ўпэўненае, што такія ашчаджэнні не абясцэняцца», – падкрэслівае Марыя Акулава.

Дарэчы, травеньскае апытанне Нацбанка паказала, што насельніцтва чакае паступовага зніжэння інфляцыйных працэсаў, але па-ранейшаму аддае перавагу таму, каб захоўваць ашчаджэнні ў замежнай валюце. Так робяць 76,2% апытаных, на карысць ашчаджэнняў у нацвалюце выказаліся толькі 23,8% рэспандэнтаў.

Увогуле, рабіць доўгатэрміновыя рублёвыя назапашванні беларусы цяпер наўрад ці гатовыя. А вось рыхтавацца да доўгай прафесійнай кар'еры варта. Сігналы, якія паступаюць ад дзяржавы, сведчаць, што, імаверна, пенсію многія людзі ўбачаць няхутка, таму спадзявацца ў састарэлым узросце варта ў першую чаргу на сябе.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках