Праз штрафы у журналістаў «Белсата» апісалі аўтамабілі і тэлефоны
11- 13.07.2018, 19:17
- 12,730
Для выплаты штрафаў у Вольгі Чайчыц і Андрэя Козела ёсць два тыдні.
Журналісты «Белсата» Вольга Чайчыц і Андрэй Козел пазбавяцца сваёй маёмасці, калі не выплацяць цягам двух тыдняў штрафы за прафесійную дзейнасць. Судовыя выканаўцы пагражаюць ім органамі сацыяльнай апекі.
13 ліпеня да журналістаў прыйшла судовая выканаўца Аддзела прымусовага выканання Дзяржынскага раёна Яна Васюк.
«Апісалі наш тэлефон, з партманэта забралі ўсе грошы. Апісалі аўто і ўзялі распіску, што мы яе не прададзім і не разаб'ём. Цяпер мы нясём крымінальную адказнасць за захаванасць нашых рэчаў. Дом, у якім мы прапісаныя, належыць маме Андрэя - таму Яна Віктараўна сказала, што трэба звяртацца ў сацыяльныя службы: маўляў, як дзеці жывуць у сітуацыі, калі ў нас няма маёмасці?» - кажа Вольга Чайчыц.
Толькі за гэты год беларускія суды наклалі агулам на Вольгу Чайчыц і Андрэя Козела 12 штрафаў (яны павінны заплаціць дзяржаве амаль Br 9000). Прычына пераследу журналістаў - прафесійная дзейнасць. Усе справы былі заведзеныя паводле артыкула 22.9 КоАП - «выраб або распаўсюд прадукцыі СМІ».
«Калі мы не заплацім штраф цягам двух тыдняў, гэтую маёмасць забяруць. Таксама яны сказалі, што будуць яшчэ думаць, што ў на забраць за штрафы», - дадала Вольга.
Яшчэ ніводнага штрафу за 2018-ы год Вольга і Андрэй не заплацілі.
У мінулым годзе журналісты «Белсату» заплацілі штрафаў больш чым $25 000. Магчыма цяперашняя сума штрафаў стане яшчэ большай: толькі за першыя 4 месяцы гэтага года суддзі пастанавілі спагнаць з журналістаў нашага тэлеканала больш за $12 000.