4 траўня 2024, Субота, 8:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Хельсінкі праходзяць акцыі пратэсту перад сустрэчай прэзідэнтаў ЗША і РФ

У Хельсінкі праходзяць акцыі пратэсту перад сустрэчай прэзідэнтаў ЗША і РФ
ФОТА: DPA

Сустрэча прэзідэнтаў дзвюх краін адбудзецца ў сталіцы Фінляндыі 16 ліпеня.

Напярэдадні сустрэчы прэзідэнтаў ЗША і РФ у сталіцы Фінляндыі пачаліся акцыі пратэсту. Усяго ў дзень саміту і да яго ў Хельсінкі запланаваны 16 мітынгаў і дэманстрацый супраць палітыкі абодвух лідараў, заявіў выданню «Фонтанка» ў нядзелю, 15 ліпеня, мэр фінскай сталіцы Ян Вапаавуоры, паведамляе DW.

Між іншым, праваабаронцы правялі марш у падтрымку правоў чалавека HelsinkiCalling. Паводле звестак паліцыі, у мерапрыемстве ўзялі ўдзел блізу 1500 чалавек.

У сваю чаргу, прадстаўнікі правапапулісцкай партыі «Сапраўдныя фіны» правялі акцыю Welcome Trump, у якой удзельнічалі блізу 50 чалавек, паведамляе інфармагенцтва «Інтэрфакс».

Транспартныя абмежаванні і рэкамендацыі паліцыі

Раней паліцыя паведаміла пра транспартныя абмежаванні, што ўводзяцца на час саміту у горадзе. Рух транспарту будзе закрыты на вуліцы Этэляранта, а таксама ў раёне рынкавай плошчы і парку Эспланада. Акрамя таго, у панядзелак рух на шэрагу маршрутаў грамадскага транспарту будзе абмежаваны.

Паліцыя фінскай сталіцы заклікала жыхароў дамоў на шляху руху картэжаў прэзідэнтаў не падыходзіць да вокнаў у дзень саміту. Рэкамендацыі звязаны з пытаннямі бяспекі, заявіў газеце Iltalehti начальнік гарадской паліцыі Хэйкі Каперойнен. Іх парушэнне можа прывесці да дадатковых мерапрыемстваў з боку вартавых парадку, адзначыў ён. Паліцыя рэкамендавала назіраць за картэжам у грамадскіх месцах.

Часовы памежны кантроль

У пятніцу Фінляндыя ўвяла часовы кантроль на сваіх межах з іншымі краінамі ЕЗ для забеспячэння мер бяспекі на перыяд саміту. Новы памежны рэжым будзе дзейнічаць да 12.00 аўторка. Улады ўдакладняюць, што праверкі плануецца выконваць выбарча, з улікам ацэнак пагроз і рызык, пададзеных органамі ўнутранай бяспекі. Меры кантролю ўзмоцненыя, між іншым, у міжнародным аэрапорце горада Хельсінкі, а таксама ў партах сталіцы і Турку.

Умяшанне ў выбары, Сірыя, Украіна

Сустрэча прэзідэнтаў ЗША і Расеі ў Хельсінкі запланавана на 16 ліпеня. Тэмамі абмеркавання на расейска-амерыканскім саміце стануць меркаванае ўмяшанне РФ у выбары ў ЗША, а таксама сітуацыя ў Сірыі і Украіне. Раней Пуцін і Трамп сустракаліся двойчы - на саміце «вялікай дваццаткі» ў Гамбургу і саміце АТЭС у В'етнаме ў 2017 годзе.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках