11 траўня 2024, Субота, 4:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусь трапіла ў пастку нізкіх тэмпаў росту

1
Беларусь трапіла ў пастку нізкіх тэмпаў росту

Корань усіх беларускіх праблемаў – адсутнасць рэформаў дзяржсектару.

Беларуская эканоміка прырасла за першае паўгоддзе на 4,5%, што ніжэй ад вынікаў папярэдняга месяца. На думку экспертаў, у найбліжэйшай перспектыве яна будзе запавольвацца яшчэ больш. Корань усіх беларускіх праблемаў – адсутнасць рэформаў дзяржсектару, піша ng.ru.

Валавы ўнутраны прадукт Беларусі за першае паўгоддзе вырас на 4,5% і склаў 55,8 млрд беларускіх рублёў, што эквівалентна прыкладна 27,9 млрд дал., паведаміў «Белстат». Статыстыка, такім чынам, зафіксавала невялікае запаволенне тэмпаў росту ВУП (паводле вынікаў пяці месяцаў было 4,7%).

Знізіла тэмпы і сельская гаспадарка – рост за шэсць месяцаў 1,7% супраць 3% у студзені-траўні, і прамысловасць – 7,8% і 8,3% адпаведна. Затое паскорыўся тэмп росту рэальных прыбыткаў насельніцтва: 7,7% супраць 7,4% месяц таму.

Нягледзячы на нязначнае запаволенне тэмпаў, яны ўсё роўна перавышаюць прагнозны ўзровень. Нагадаем, што паводле разлікаў ураду ВУП сёлета павінен вырасці не менш чым на 3,5%. Міжнародныя арганізацыі, праўда, не такія аптымістычныя. Напрыклад, паводле абноўленага ў красавіку прагнозу МВФ, рост складзе 2,8% (раней эксперты фонду спадзяваліся на 2,4%), а паводле разлікаў спецыялістаў ЕБРР, ВУП Беларусі павялічыцца на 3%.

Мясцовыя эксперты прагназуюць, што тэмпы росту беларускай эканомікі будуць і далей запавольвацца. Звязана гэта з нізкай базай пачатку мінулага года. Нагадаем, што ў пачатку 2017 года Расея знізіла аб'ёмы паставак нафты на беларускія НПЗ. Гэта негатыўна паўплывала на аб'ёмы прамысловай вытворчасці. У другім паўгоддзі 2017 года сітуацыя з пастаўкамі нафты нармалізавалася.

Мясцовыя эканамісты, ды і міжнародныя эксперты непакояцца, што Беларусь у найбліжэйшай перспектыве патрапіць у пастку нізкіх тэмпаў росту, і паколькі будзе развівацца больш павольна за сусветную эканоміку, то разрыў ва ўзроўні жыцця з краінамі-суседзямі будзе толькі расці. Паводле ацэнак МВФ, сярэднесусветны ВУП у гэты перыяд будзе расці значна хутчэй – на 3,9% штогод.

Корань усіх беларускіх праблемаў – адсутнасць рэформаў дзяржсектару, на чым настойваюць усе міжнародныя арганізацыі і, сярод іншых, МВФ. Адмова Беларусі ад правядзення рэформаў стала прычынай адмовы фонду ад крэдытавання. Праўда, беларускія ўлады, мяркуючы з усяго, спадзяюцца, што супрацоўніцтва з МВФ адновіцца. Напрыклад, пра гэта казаў першы намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Васіль Мацюшэўскі ў ходзе нядаўняга візіту ў Менск місіі МВФ на чале з Жакам Міньянам.

Місія не абмяркоўвала гэтым разам ніякія праграмы, яе мэтай была ацэнка цяперашняй эканамічнай сітуацыі ў краіне. «Сваёй стратэгічнай задачай беларускія ўлады мяркуюць падтрыманне эканамічнага росту, развіццё малога і сярэдняга бізнэсу, зніжэнне ўразлівасці эканомікі, удасканаленне механізму сацыяльнай абароны... Менавіта праз гэтую прызму мы хацелі б развіваць супрацоўніцтва з фондам. І, вядома, аптымальны фармат – гэта супольная праграма», – тады ж заяўляў, сустракаючыся з Жакам Міньянам, спікер верхняй палаты беларускага «парламента» Міхаіл Мясніковіч. «Адсутнасць праграмы з фондам не азначае адсутнасці рэформаў. Мы іх праводзім», – запэўніваў ён.

Праўда, мясцовыя эксперты рэформаў не заўважаюць. Палепшаная кан'юнктура вонкавых рынкаў змяніла дынаміку эканомікі Беларусі на станоўчую, і ўлады чарговы раз затармазілі рэформы. У той самы час, на іхнюю думку, стан дзяржсектару цалкам не палепшыўся і пагроза пазыковага крызісу нікуды не дзелася.

Дзель праблемных пазыкаў дзяржсектару ў крэдытах банкаў расце, а дзяржава не робіць ніякіх намаганняў для таго, каб пазбавіцца – або ад саміх стратных прадпрыемстваў, або прынамсі ад іх абавязкаў. Раней «НГ» пісала пра тое, што «прэзідэнт» прыняў указ №200, які дазваляе банкам не толькі прадаваць дрэнныя пазыкі прадпрыемстваў, але і прабачаць іх. Гэта дало экспертам падставы меркаваць, што ўрад самаўхіліўся ад развязання праблемы пазыкаў. «Дакумент можна разглядаць як намёк на тое, каб банкі не чакалі дапамогі ад дзяржавы і спрабавалі развязваць свае праблемы самастойна», – мяркуе эканаміст Цэнтра эканамічных даследаванняў BEROC Дзмітрый Крук.

Эксперты таксама нагадваюць, што ў 2015–2016 гадах эканоміка Беларусі падала, у выніку ВУП скараціўся з 76 млрд дал. да 55. Таму цяпер правільней казаць пра аднаўленне, а не пра рост. «Мы да гэтага часу б'емся за тое, каб проста аднавіць страчаныя пазіцыі. За гэты час нашы суседзі сышлі далёка наперад – Польшча і краіны Балтыі ўжо ў разы абганяюць Беларусь ва ўзроўні ВУП на душу насельніцтва», – кажа эканаміст Барыс Жаліба. Паводле ягонай ацэнкі, Беларусі, каб дагнаць суседнія краіны, трэба прырастаць на 6-7% за год, што без рэформаў немагчыма. Гаворка ідзе ўсё пра тыя ж структурныя рэформы ў галіне дзяржсектару, пра якія шмат казалі эксперты ВМФ. Трэба змяншаць прысутнасць дзяржавы ў эканоміцы, падтрымліваць развіццё прыватнага бізнэсу, мяркуе Барыс Жаліба.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках