11 траўня 2024, Субота, 3:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Валер Карбалевіч: Лукашэнка глядзіць на эканоміку з пункту гледжання палітыкі

3
Валер Карбалевіч: Лукашэнка глядзіць на эканоміку з пункту гледжання палітыкі
ВАЛЕР КАРБАЛЕВІЧ

Беларуская сельская гаспадарка «ляснецца», калі беларусы не захочуць цярпець.

Арганізацыям аграпрамысловага комплексу хочуць дазволіць уваходзіць у спецыяльны рэжым фінансавага аздараўлення без ужывання судовых працэдураў. Адпаведнымі паўнамоцтвамі надзеляць старшыняў райвыканкамаў, паведамляе БЕЛТА.

Што для афіцыйнага Менска азначае аграпрамысловы комплекс – пра гэта ў каментары «Заўтра тваёй краіны» палітолаг Валер Карбалевіч.

– Як доўга найвышэйшае кіраўніцтва краіны будзе падтрымліваць аграпрамысловы комплекс?

– Гэта будзе доўжыцца да таго часу, пакуль у Беларусі будзе захоўвацца калгасна-саўгасны лад, хай і пад новай назвай – аграхолдынгі ці нешта яшчэ. Але ў прынцыпе гэта адно і тое.

– Чаму ўлады так упарта трымаюцца за сельскую гаспадарку, хоць яна відавочна стратная?

– Паводле палітычных прычынаў, таму што гэта ідэальная форма для ўтрымання ўлады. Яшчэ ў 1998 годзе на нарадзе ў сельскай гаспадарцы ў Гародні Лукашэнка ў сваім выступе сказаў фразу, якая не патрапіла ў афіцыйныя СМІ, але якую чулі ўсе, хто там быў: калі мы раздамо зямлю ў прыватныя рукі, то як мы будзем кантраляваць працэс выбараў у сельскай мясцовасці?

Гэта тая прычына, чаму Лукашэнка не хоча расставацца з дзяржсектарам і ў прамысловасці. Паводле ягонага ўяўлення, кантроль над эканомікай ёсць кантроль над палітычным і грамадскім жыццём.

Працоўныя калектывы ў Беларусі – гэта не проста суб'екты гаспадарання, гэта палітычныя суб'екты, з дапамогай якіх улада забяспечвае палітычную лаяльнасць супрацоўнікаў гэтых калектываў падчас выбарчых кампаній і не толькі. Улада трымаецца за эканамічна неэфектыўныя дзяржпрадпрыемствы, бо яны эфектыўныя з пункту гледжання палітыкі і забяспечваюць стабільнасць існага рэжыму.

– Але ж цяпер у краіне не хапае грошай, вісяць велізарныя пазыкі, адкуль тады браць сродкі на гэта аздараўленне?

– Нястача грошай павінна выліцца ў сацыяльныя катаклізмы. Але вось ужо колькі гадоў грошай не хапае, але ніякіх сацыяльных катаклізмаў няма. Любая праблема становіцца праблемай толькі тады, калі грамадства пачынае выказваць незадаволенасць. А пакуль грамадства маўчыць. Калі яно гатовае трываць, то не мае значэння, шмат грошай ці мала. Але, у канчатковым рахунку, падтрымка ўсіх гэтых неэфектыўных прадпрыемстваў наўпрост ці ўскосна перакладаецца на насельніцтва, акрамя таго, гэта выліваецца ў недахопы бюджэтнага фінансавання. У канчатковым рахунку давядзецца плаціць шараговаму абываталю.

– Ці з'яўляецца Беларусь сёння аграрнай краінай?

– Не, дзель сельскай гаспадаркі невялікая, магчыма, большая, чым у развітых краінах, але ўсё адно. І ў сельскай мясцовасці жыве людзей не так шмат. Але тым не менш насельніцтва вёсак – гэта надзейны электарат Лукашэнкі, як ён мяркуе, таму ён гатовы за яго трымацца і яго падтрымліваць. А так Беларусь прамысловая дзяржава нават з элементамі постпрамысловага грамадства.

– Ці змогуць новыя дырэктыўныя ўплывы на сельскую гаспадарку палепшыць сітуацыю ў гэтай галіне?

– Уся праблема ў тым, што Лукашэнка глядзіць на эканоміку з пункту гледжання не эканамічнай, а палітычнай эфектыўнасці. Гэта забяспечыла кіраўніку беларускай дзяржавы 24 гады беспраблемнага кіравання. Дык навошта мяняць тое, што эфектыўна працуе?

– Ці не «ляснецца» беларуская сельская гаспадарка ўрэшце ў выніку такога эфектыўнага кіравання?

– Яна і цяпер нерэнтабельная, знаходзіцца ў большасці выпадкаў на дзярждатацыі. А «ляснецца» тады, калі народ не захоча цярпець існую сацыяльную мадэль, і гэта выльецца ў сацыяльныя катаклізмы.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках