5 траўня 2024, Нядзеля, 11:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Фядыніч пра агента КДБ у РЭП: Год таму я зразумеў, хто ў нас «крот»

11
Фядыніч пра агента КДБ у РЭП: Год таму я зразумеў, хто ў нас «крот»

Лідар незалежнага прафзвязу распавёў, як здагадаўся, што Юхнавец - агентка КДБ.

Былая сакратарка прафзвязу РЭП Юлія Юхнавец, якая на судзе прызналася, што працавала «ў якасці агенткі КДБ», пакуль не размаўляе з журналістамі, паведамляе «Радыё Свабода».

Старшыня прафзвязу РЭП Генадзь Фядыніч, якога разам з бухгалтарам Ігарам Комлікам цяпер судзяць у Савецкім раённым судзе Менску, сказаў журналістам, што здагадаўся, што Юлія Юхнавец працуе на спецслужбы, падчас першага ператрусу ў іх офісе 2 жніўня 2017 года.

Тады Юлія Юхнавец ужо не працавала ў прафзвязе радыёэлектроннай прамысловасці.

«Хто ў нас «крот», я зразумеў год таму падчас ператрусу ў офісе. Я проста супаставіў факты. Былі некаторыя рэчы, пра якія ведалі толькі я і Юхнавец, а следчыя, якія праводзілі ператрус, таксама пра гэта ведалі. Так што я здагадаўся. Але не думаў, што ў яе выстарчыць розуму так адкрыта прызнацца ў супрацоўніцтве з органамі».

Пасля судовага паседжання ў панядзелак 30 ліпеня Юлія Юхнавец хуценька збегла. У аўторак раніцай яна з'явілася зноў у судзе, але ад журналістаў зноў уцякла і на само паседжанне не прыйшла. Праз тэлефон карэспандэнту 31 жніўня яна сказала, што вельмі занятая, гаварыць не можа, але паабяцала ператэлефанаваць. Аднак праз нейкі час заблакавала свае старонкі ў сацсетках і на сувязь больш не выходзіла.

Юлія Юхнавец працавала ў офісе прафзвязу РЭП з 2014 да 2016 года. Трапіла на гэтую працу яна выпадкова: у офіс патрэбная была сакратарка, Генадзю Фядынічу параілі звярнуцца ў Менскі дзяржаўны каледж электронікі, і добра знаёмыя яму майстры параілі 18-гадовую выпускніцу Юлію Юхнавец, рэкамендавалі яе як адказную, працавітую дзяўчыну. Як сказала Юлія падчас допыту ў якасці сведкі на судзе, заробак у яе быў 350-400 рублёў на месяц.

У судзе дзяўчына паказала, што калі працавала, прыкладна раз на месяц ездзіла ў Вільню і прывозіла грошы, якія ёй перадавалі Фядыніч і Комлік каля літоўскага банка, а пасля перасячэння мяжы або ў Менску на вакзале яна ім тыя грошы перадавала назад. Дзяўчына назвала прыблізную суму - 5 тысяч еўраў.

Сказала, што толькі адзін раз грошы пералічыла. На ўдакладняючае пытанне, якія былі купюры, Юлія адказала, што па 500 еўраў. Тым часам на фотаздымках у крымінальнай справе відаць купюры па 200 еўраў. Яшчэ на адно пытанне, навошта яна фатаграфавала, дзяўчына спачатку прызналася, што з асабістай зацікаўленасці. А потым шакавала прысутную на судзе публіку:

«Ну, таму што супрацоўнічала з Камітэтам дзяржаўнай бяспекі».

Яна пацвердзіла, што супрацоўнічала з КДБ з 2015 года. На пытанне, у якасці каго, дзяўчына з паднятай галавой адказала: «У якасці агенткі».

Пасля гэтай фразы прысутныя ў зале суда скандавалі: «Ганьба». Юлія прызналася таксама, што атрымлівала ад КДБ узнагароджанне, але суму не назвала. З залы пачуліся воклічы: «А падаткі плаціла?» Суддзя з цяжкасцю заклікала прысутных да парадку.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках