2 траўня 2024, Чацвер, 20:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Крык душы 40-гадовага жыхара райцэнтра

37
Крык душы 40-гадовага жыхара райцэнтра

У Беларусі зарабіць законным шляхам сабе на куплю або пабудову жылля практычна немагчыма.

Чытач kp.by з невялікага райцэнтра Алег распавёў сваю гісторыю:

- Мне ўжо за 40 гадоў. У такім веку шмат хто ўжо мае дарослых дзяцей, кватэру, самаход. Я не жанаты і ніколі не быў. У маладосці не гатовы быў ні маральна, ні матэрыяльна стварыць і ўтрымліваць сям'ю. Думаў, спачатку ўстаць на ногі, быць матэрыяльна незалежным, набыць жытло, а потым ужо ствараць сям'ю. Але «на ногі» так і не ўстаў, жыллё не набыў.

Я звычайны, зорак з неба не хапаю, жыву ў маленькім райцэнтры, заплата невялікая. Ну не ўмею я «круціцца», «рабіць грошы», а зарабіць законным шляхам сабе на куплю або пабудову жытла не выйшла. Нават калі будаваць жыллё з дапамогай ільготных крэдытаў, то штомесяц трэба плаціць увесь мой зарпобак, а яшчэ ж трэба рабіць рамонт (кватэры здаюць з голымі сценамі), купляць мэблю, плаціць за камунальныя паслугі, ды і харчавацца трэба хоць бы пару разоў на дзень. А дзе на гэта ўзяць сродкі?

Мне самому таго, што зарабляю, стае. Я чалавек непатрабавальны, без шкодных звычак. І я зразумеў, што пры такім становішчы лепш быць кавалерам. У маім разуменні, каб сям'я была паспяховай, акрамя ўзаемнай сімпатыі і ўзаемаразумення патрэбны і пэўны матэрыяльны дастатак (каб не даводзілася ашчаджаць на самым неабходным), наяўнасць жылля. Бо большасць сем'яў раскідаюцца з прычыны жыллёвай і бытавой неўладкаванасці. А я не хачу эксперыментаваць, не хачу, каб мая патэнцыйная сям'я бадзялася па здымных кватэрах, не хачу, каб ашчаджалі кожны грош, не хачу пладзіць галечу!

На маіх вачах раскідаліся сем'і ў маіх знаёмых, майго аднакласніка і ягоную жонку пазбавілі бацькоўскіх правоў. Мне робіцца сумна, калі працоўныя людзі, якія маюць дзяцей, вымушаныя пазычаць 10 - 20 рублёў (у тым ліку, і ў мяне), каб «дацягнуць да заплаты» або сабраць дзяцей у школу. У крамах свайго мястэчка я бачу скрыні для ахвяраванняў з надпісам «Дапамажыце сабраць дзіця ў школу». Гэта праводзіцца такая акцыя для маламаёмных і шматдзетных сем'яў. Некаторыя сем'і вымушаныя браць крэдыты ў банку, каб сабраць дзяцей да школы. Я не хачу жыць, як яны, калі ад адсутнасці перспектыў і ад немагчымасці даць сваім дзецям неабходнае пачынаюць злоўжываць алкаголем.

Мне могуць параіць: бяры прыклад з паспяховых сем'яў! Так, ёсць і такія сем'і, дзе муж і жонка рэалізавалі свой патэнцыял, маюць пэўны дастатак, сваё жытло, ёсць паразуменне і ўзаемная сімпатыя. Але ў тым і рэч, што адным выпадае стварыць паспяховую сям'ю, а іншым не, як бы ні стараліся. На жаль, але такіх кавалераў, як я, становіцца ўсё больш і больш. А што думаеце вы, паважаныя чытачы? Што лепш: заставацца кавалерам альбо спрабаваць усё ж стварыць сям'ю, не маючы дастатковых сродкаў на яе ўтрыманне?

Напісаць каментар 37

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках