7 траўня 2024, aўторак, 21:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Дзецям не месца ў турме»: у Маскве прайшоў «Марш маці»

«Дзецям не месца ў турме»: у Маскве прайшоў «Марш маці»

На акцыю пратэсту прыйшлі з дзіцячымі цацкамі.

У цэнтры Масквы прайшоў «Марш маці», удзельнікі якога патрабавалі вызваліць з-пад варты абвінавачаных паводле справы «Новай велічы». Паліцыя не стала перашкаджаць удзельнікам няўзгодненай акцыі, а следства ў дзень маршу хадайнічала аб пераводзе 18-гадовай Ганны Паўлікавай і 19-гадовай Марыі Дубовік пад хатні арышт, паведамляе bbc.com.

Удзельнікі акцыі прайшлі ад Навапушкінскага сквера да Вярхоўнага суда Расеі, пад сценамі якога скандавалі «Свабоду, свабоду!» і «Дзецям не месца ў турме».

У шэсці па бульварах узялі ўдзел не менш як некалькі соцень чалавек, перадавалі карэспандэнты Бі-бі-сі. У прэс-службе сталічнага ўпраўлення МУС Интерфаксу паведамілі, што ў няўзгодненым мерапрыемстве ўзялі ўдзел блізу 200 чалавек.

НА «МАРШ МАЦІ» ЗАКЛІКАЛІ ПРЫХОДЗІЦЬ З ЦАЦКАМІ, А НЕ З ПАЛІТЫЧНАЙ СІМВОЛІКАЙ
ФОТА: TASS

Акцыя праходзіла пад праліўным дажджом. Паліцыя не замінала шэсцю, але прасіла ўдзельнікаў акцыі не выходзіць на праезную частку і не перашкаджаць праходу іншых грамадзян.

Паліцыянты казалі, што не стануць нікога затрымліваць, калі не будзе банэраў і плакатаў, паведамляў праект «ОВД-Инфо». Паводле яе звестак, затрыманых у выніку не было.

КОНІК LITTLE PONNY - ЛЮБІМАЯ ЦАЦКА ГАННЫ ПАЎЛІКАВАЙ
ФОТА: TASS

• Акцыя «Марш маці» была аб'яўленая пасля таго, як 9 жніўня суд пакінуў Паўлікаву ў СІЗА, нягледзячы на просьбы адвакатаў перавесці дзяўчыну пад хатні арышт праз пагаршэнне стану здароўя.

• Са слоў арганізатараў акцыі, сярод якіх журналістка Ганна Нарынская, актрыса Яна Траянава, тэлевядучая Таццяна Лазарава і іншыя, ідэя складалася ў тым, каб «выказаць абурэнне справай «Новай велічы» і ўказаць на тое, што такія метады сілавых органаў ставяць пад пагрозу ўсіх падлеткаў і зусім маладых людзей».

• Акцыя не была ўзгодненая з маскоўскімі ўладамі. У сераду раніцай дамоў да Нарынскай і Траянавай прыйшлі супрацоўнікі праваахоўных органаў, каб уручыць засцярогі «аб недапушчальнасці парушэння закона». Але дома іх не засталі.

ТЭЛЕВЯДУЧАЯ І МАЦІ ТРАІХ ДЗЯЦЕЙ ТАЦЦЯНА ЛАЗАРАВА (У ЦЭНТРЫ НА ФОТА) СТАЛА АДНОЙ З АРГАНІЗАТАРАЎ «МАРШУ МАЦІ»
ФОТА: TASS

«Не сапсаваць марш нейкімі бязладзямі»

Людзі пачалі збірацца ў Навапушкінскім скверы прыкладна за паўгадзіны да пачатку акцыі, многія прынеслі з сабой мяккія цацкі. Арганізатары падкрэслівалі, што на акцыю не трэба браць палітычныя плакаты і якую-небудзь сімволіку.

Таксама ў скверы былі заўважаныя актывісты руху SERB Гоша Тарасевіч і Ігар Брумель, якія спрабавалі ўступаць у сваркі з удзельнікамі акцыі.

АКЦЫЯ ПАЧАЛАСЯ У НАВАПУШКІНСКІМ СКВЕРЫ ПАД ПРАЛІЎНЫМ ДАЖДЖОМ

Адзін з арганізатараў акцыі Ганна Нарынская ў эфіры «Радио Свобода» сказала, што за дзве гадзіны да пачатку маршу бачыла каля Навапушкінскага сквера шмат паліцэйскіх і аўтазакі, але калі акцыя пачалася, іх ужо не было. «Напэўна, адбылася нейкая змена ў выбары стратэгіі», - выказала здагадку яна.

Удзельнікі маршу пад праліўным дажджом прайшлі па Цвярскім і Нікіцкім бульвары да будынка Вярхоўнага суда Расеі на Кухарскай вуліцы. На праезную частку яны не выходзілі, дарогу стараліся пераходзіць па пешаходных пераходах.

Дайшоўшы да Вярхоўнага суда, некаторыя ўдзельнікі «Марша маці» паклалі мяккія цацкі ля аднаго з пад'ездаў суда і пачалі скандаваць: «Свабоду!»

Калі пачалося скандаванне, Нарынская заклікала актывістаў, якія сабраліся каля суда разыходзіцца: «Вельмі просім не сапсаваць марш нейкімі бязладдзямі».

Пасля гэтага людзі пачалі крычаць «Свабоду палітвязням!» і «Скасаваць 282!» (282-гі «экстрэмісцкі» артыкул КК). Дождж не спыняўся, і неўзабаве людзі пачалі разыходзіцца. Засталіся толькі цацкі.

УДЗЕЛЬНІКІ АКЦЫІ ПРЫНЕСЛІ ДА БУДЫНКА ВЯРХОЎНАГА СУДА РАСЕІ ЦАЦКІ

СПРАВА «НОВАЙ ВЕЛІЧЫ»

Ганну Паўлікаву, Марыю Дубовік і яшчэ восем чалавек абвінавачваюць у стварэнні экстрэмісцкай супольнасці «Новая веліч». Паводле версіі следства, яны збіраліся ўдзельнічаць у «народных паўстаннях, рэвалюцыйных дзеяннях, у сутыкненнях з прадстаўнікамі дзейнага ў Расеі рэжыму».

Абарона Паўлікавай, як і абарона некаторых іншых фігурантаў, сцвярджае, што абвінавачаныя сталі ахвярамі правакатара, звязанага з праваахоўнымі органамі.

Паўлікава і Дубовік з'яўляюцца самымі малодшымі фігуранткамі справы, яны знаходзяцца пад арыштам з сакавіка 2018 года. Са слоў адвакатаў, пасля заключэння пад варту ў абедзвюх дзяўчат сур'ёзна пагоршыўся стан здароўя. За іх перавод пад хатні арышт выступіла ўпаўнаважаная ў правах чалавека пры прэзідэнце Таццяна Маскалькова.

3 жніўня матэрыялы аб арышце Паўлікавай запатрабавалі на перагляд Вярхоўны суд Расеі. Яе адвакат Вольга Карлавага распавяла Бі-бі-сі, што гэта «дае велізарныя шанцы на змяненне меры стрымання на хатні арышт, падпіску аб нявыездзе ці іншы больш мяккі варыянт».

У ДЗЕНЬ АКЦЫІ СТАЛА ВЯДОМА, ШТО СЛЕДЧЫ ПРОСІЦЬ АДПУСЦІЦЬ ПАЎЛІКАВУ З СІЗА ПАД ХАТНІ АРЫШТ
ФОТА: ANNA ARTEMYEVA/NOVAYA GAZETA

За некалькі гадзін да «Марша маці» стала вядома, што следчы ў справе «Новай велічы» хадайнічаў аб пераводзе Паўлікавай і Дубовік пад хатні арышт. Гэтае рашэнне прынятае ў сувязі з завяршэннем асноўных следчых дзеянняў і «з улікам звестак аб асобах» абвінавачаных, заявілі ў Следчым камітэце Расеі.

У чацвер, следчы Віктар Малюкін папросіць Дарагамілаўскі суд Масквы аб змене меры стрымання. На мінулым тыдні той жа суд адмовіўся адпусціць Паўлікаву з СІЗА, пагадзіўшыся з пазіцыяй абвінавачвання аб тым, што яна можа аказаць ціск ці схавацца.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках