6 траўня 2024, панядзелак, 14:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Паводле «справы медыкаў» затрыманы ўладальнік найбуйнейшай прыватнай аптэчнай сеткі

13
Паводле «справы медыкаў» затрыманы ўладальнік найбуйнейшай прыватнай аптэчнай сеткі

Леанід Томчын арыштаваны праз падазрэнне ў дачы хабару.

У панядзелак праваахоўныя органы затрымалі паводле «справы медыкаў» яшчэ аднаго буйнога бізнэсоўца, старшыню савета дырэктараў найбуйнейшай прыватнай аптэчнай сеткі «Аптэка груп» Леаніда Томчына. Пра гэта tut.by паведамілі тры не звязаныя адзін з адным крыніцы.

«Затрымалі Леаніда праз падазрэнне ў дачы хабару. Гэта было ў панядзелак, цяпер ён арыштаваны», - распавяла крыніца.

У КДБ Беларусі інфармацыю аб затрыманні Томчына пакуль не пракаментавалі.

Тэлефон Томчына адключаны. У кампаніі паведамілі, што Леаніда Альбертавіча на месцы няма і не хацелі адказаць на пытанне, ці бачылі яго ў офісе з панядзелка.

Леанід Томчын займае 33 пазіцыю ў топ-200 самых уплывовых беларускіх бізнэсоўцаў паводле версіі «Ежедневника».

Холдынг «Аптэка груп» зарадзіўся больш за 20 гадоў таму ў Віцебску. У 1995 годзе кампанія «Фарммаркет» занялася пастаўкамі лекавых прэпаратаў у Беларусі і адкрыла першыя чатыры аптэкі ў горадзе над Дзвіной.

Цяпер у складзе холдынгу 260 аптэк, пад брэндамі ADEL і «Добрыя лекi» працуе 201 гандлёвы аб'ект. Блізу 60 аптэк знаходзіцца ва ўпраўленні «Аптэка груп».

У студзені кампанія Томчына прыцягнула 5 млн еўраў Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця (ЕБРР) на развіццё раздробнай сеткі беларускага холдынгу. «Гэтая ўгода дазволіць за 5 гадоў падвоіць колькасць аптэк пад брэндамі Adel і «Добрыя лекi», - казаў на прэс-канферэнцыі Леанід Томчын.

За гэты час агульную колькасць аптэк планавалася давесці да 400 ва ўсіх рэгіёнах краіны. Да 2021 года холдынг планаваў адкрыць блізу 160 аптэк, імкнучыся да долі раздробнага рынку ў 10%. Паводле звестак на пачатак года доля «Аптэка груп», паводле ацэнак кампаніі, складала 5,5%. Паводле звестак за 2016 год, дзяржаўная сетка аптэк «Фармацыя» займала долю 52%. На трэцім месцы знаходзілася сетка «Планета здароўя» Дзмітрыя Скаромніка.

У холдынг «Аптэка Груп» уваходзяць не толькі 6 раздробных кампаній, але і два медцэнтры, ІТ-служба і падраздзяленні па кантрактнай вытворчасці лекаў, а таксама аптовая кампанія «ВітФармМаркет». Томчын ацэньваў яе долю на аптовым рынку ў 12%, што дазваляла ўваходзіць у тройку дыстрыб'ютараў і імпарцёраў лекаў. У лідарах таксама «Іскамед» Сяргея Шакуціна (затрыманы паводле «справы медыкаў» у канцы чэрвеня) і «Інтэрфармакс» вышэйзгаданага Скаромніка.

Нагадаем, 25 чэрвеня старшыня КДБ Валерый Вакульчык паведаміў пра тое, што камітэт выявіў маштабную карупцыйную схему ў сферы аховы здароўя Беларусі, затрыманыя некалькі дзясяткаў чалавек.

У іх ліку - дырэктар цэнтра экспертыз і выпрабаванняў у ахове здароўя Аляксандр Сталяроў, дырэктар прадпрыемства «Белмедтэхніка» Аляксандр Шарак, начальнік галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Гарадзенскага аблвыканкама Андрэй Стрыжак і начальнік вайскова-медыцынскага ўпраўлення Міністэрства абароны Аляксей Яськоў. Пазней стала вядома пра затрыманне намесніка міністра аховы здароўя Ігара Ласіцкага, галоўнага лекара Менскай абласной бальніцы Андрэя Каралько, дырэктара Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра траўматалогіі і артапедыі Аляксандра Бялецкага, галоўнага лекара 9-й бальніцы Валерыя Кушнірэнкі і загадчыка эндаскапічным аддзяленнем Андрэя Саўчанкі. У сярэдзіне жніўня некалькім затрыманым змянілі меру стрымання.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках