5 траўня 2024, Нядзеля, 0:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Вільні ўрачыста адкрыты сквер імя Барыса Нямцова

У Вільні ўрачыста адкрыты сквер імя Барыса Нямцова
ФОТА: DELFI.LT

Мерапрыемства сабрала больш за 150 чалавек.

У Вільні каля амбасады Расеі адбылося ўрачыстае адкрыццё сквера, названага ў гонар забітага ў Маскве лідара расейскай апазіцыі Барыса Нямцова. У мерапрыемстве ўдзельнічала больш за паўтары сотні чалавек, піша Delfi.

Перад імі выступілі першы кіраўнік незалежнай Літвы Вітаўтас Ландсбергіс, палітыкі Пятрас Аўштравічус і Эмануэліс Зінгерыс, міністр замежных справаў Літвы Лінас Лінкявічус, мэр Вільні Рэмігіюс Шымашус, старшыня ўправы "Фонду Барыса Нямцова за свабоду" Уладзімір Кара-Мурза, чалец гарадской рады Санкт-Пецярбурга Барыс Вішнеўскі і дачка Б. Нямцова Жанна Нямцова.

"Гэты сквер невыпадкова названы імем Барыса Нямцова. Гэтаму ёсць некалькі прычынаў, – заявіў мэр Вільнюса Рэмігіюс Шымашус. – Барыс Нямцоў быў сябрам Літвы, ён падтрымліваў нашу краіну, часта прыязджаў сюды, і мы адчувалі сапраўднае партнёрства. Ён быў расейскім дзяржаўным дзеячам, змагаром за свабоду, дэмакратыю, мір і правы чалавека. Каштоўнасці, за якія ён змагаўся, універсальныя.

Гэты сквер – не толькі Барыса Нямцова, гэта – сквер свабоды, дэмакратыі і міру, і змагароў за гэтыя каштоўнасці і нашай павагі да гэтых дзеячам. Я веру, што яны аднойчы перамогуць. Я спадзяюся, што прыйдзе той дзень, калі не толькі барацьбіты за свабоду, мір і дэмакратыю будуць ганарыцца тым, што гэты сквер названы імем Барыса Нямцова, але і амбасада Расеі будзе прымаць гэты сквер не як правакацыю, а як знак павагі да расейскага палітычнага дзеяча, і будзе ганарыцца тым, што знаходзіцца каля сквера імя Барыса Нямцова".

ФОТА: DELFI.LT

Кіраўнік МЗС Літвы Лінас Лінкявічус паведаміў, што ведаў Барыса Нямцова асабіста: "Гэта быў вялікі аптыміст, нічога не баяўся, – заявіў Лінас Лінкявічус. – Гэта важны дзень для ўсіх нас: мы аддаём даніну змагару за свабоду, справядлівасць і вальнадумства, і гаворым пра тыя сілы, якія дапамагалі Літве падчас станаўлення нашай незалежнасці. Мы рэдка ўспамінаем пра тую падтрымку, якая была зроблена Літве пасля студзеньскіх падзей 1991 года.

Для многіх у Санкт-Пецярбургу і Маскве гэта значыла і будзе значыць у будучыні многае. Свабода – не паняцце, якое само сабой разумеецца, яе трэба заваяваць і, самае галоўнае, абараніць. Гэты сквер у будучыні ацэняць і тыя, хто яго сёння крытыкуе".

Вітаўтас Ландсбергіс выказаў упэўненасць у тым, што ў Літве імя Барыса Нямцова будуць успамінаць усё часцей.

ФОТА: DELFI.LT

"Барыс Нямцоў верыў у будучую людскую Расею, у якой не толькі народ, але і ўлада будзе гуманная, яна не будзе краінай вайны, і ёю не будзе кіраваць партыя вайны, – сказаў палітык.

– Пакуль што гэтага няма: яна сканцэнтраваная на страшных і выдасканаленых сродках забойства. Такое не паўторыцца. Нямцоў верыў, што Расея можа і павінна распаўсюджваць мір сярод суседзяў. Нягледзячы на тое, што Нямцова забіла кіроўчая нялюдскасць, вера Нямцова прыносіць плён. Я так бачу, адчуваю".

Вітаўтас Ландсбергіс падзяліўся ўпэўненасцю ў тым, што людзі ў Расеі, якія думаюць, ужо разважаюць, якой будзе Расея пасля Пуціна.

"Яны вераць, што Расея можа быць і будзе лепшая. Можа быць, ужо фармуецца ідэалогія людзей добрай волі".

ФОТА: DELFI.LT

"Пасляпуцінская Расея". Калі б цяпер з'явіўся такі рух, я думаю, у яго была б будучыня. Некаторыя выказваюць думку, што Расея пасля Пуціна будзе іншай, будзе яшчэ горшай, але будзем спадзявацца, што не: ні пасля Сталіна, ні пасля Гітлера жыць горш не стала. Хай гэты сквер становіцца больш вядомым, больш прывабным, хай будзе вядома, што тут збіраюцца людзі, якія выступаюць "за": за Алега Сянцова, за Расею пасля Пуціна. "Пасляпуцінская Расея – гэта гучыць цікава", – усклікнуў Вітаўтас Ландсбергіс.

ФОТА: DELFI.LT

Барыс Нямцоў пачынаў сваё ўзыходжанне на расейскі палітычны Алімп яшчэ да распаду Савецкага Саюза. На думку старшыні ўправы "Фонду Барыса Нямцова за свабоду" Уладзіміра Кара-Мурзы, Барыс Нямцоў шмат у чым увасабляў той час. "Гэта быў дзіўны час у Расеі: час, калі грамадства было мацнейшае за ўладу, калі рэпрэсіўны рэжым рухнуў пад ціскам уласных грамадзянаў, калі мірныя, бяззбройныя людзі, у такія ж жнівеньскія дні выйшлі на вуліцы Масквы, апынуўшыся мацнейшымі за танкі".

ФОТА: DELFI.LT

Уладзімір Кара-Мурза падкрэсліў, што ўжо ў 37 гадоў Барыса Нямцова называлі будучым расейскім прэзідэнтам. "У Барыса Нямцова была ўзрушальная якасць: ён заўсёды рабіў тое, у што верыў, не тое, што было выгодным, бяспечным і зручным, а тое, што было правільным, – сказаў грамадскі дзеяч.

– Пасля 2000-га года, калі ў Расеі падзьмуў іншы вецер, калі многія з тых, каго называлі дэмакратамі, аддалі перавагу новым правілам, знаходжанню сабе месца ў новай сістэме, ва ўладзе ці ў бізнэсе, Нямцоў прадоўжыў рабіць тое, у што верыў: публікаваў даклады пра карупцыю ў найвышэйшых эшалонах улады, арганізоўваў шматтысячныя мітынгі супраць фальсіфікацыі выбараў, супраць "закона нягоднікаў", супраць пуцінскай агрэсіі ва Украіне, дамагаўся ўвядзення персанальных міжнародных санкцый супраць карупцыянераў і парушальнікаў правоў расейскіх грамадзянаў.

Яго затрымлівалі на мітынгах, саджалі пад арышт, на яго нападалі крамлёўскія дружыннікі. На яго паклёпнічалі з экранаў дзяржаўных тэлеканалаў. Ён не спыняўся. Яго спынілі толькі кулі на Вялікім Маскварэцкім мосце 27 лютага 2015 г.

Уладзімір Кара-Мурза нагадаў, што кожны год у дзень забойства Барыса Нямцова ў расейскіх гарадах на мітынгі памяці выходзяць тысячы людзей, а кожны дзень на месцы забойства палітыка з'яўляюцца свежыя кветкі.

"Чалавека можна забіць, а памяць – нельга. Але расейскія ўлады імкнуцца, усімі сіламі рупячыся паказаць, што не дазволяць шанаваць памяць расейскага дзяржаўнага дзеяча ў Расеі, – сказаў Уладзімір Кара-Мурза. – Мы глыбока ўдзячныя грамадзянам, палітыкам дэмакратычных краінаў, якія робяць тое, што мы ў нашай краіне пакуль зрабіць не можам. У лютым сёлета перад расейскай амбасадай у Вашынгтоне была афіцыйна адкрытая плошча Барыса Нямцова. Гарадская рада Вашынгтона прагаласаваў за гэта аднагалосна. Вільня стала першым горадам у ЕЗ і другім у свеце, які увекавечыў памяць Барыса Нямцова".

ФОТА: DELFI.LT

Палітык нагадаў, што ў 1984 годзе амерыканскія ўлады пастанавілі назваць адрэзак вуліцы перад тагачаснай савецкай амбасадай імем Андрэя Дзмітрыевіча Сахарава.

Сведкай увекавечання імя Барыса Нямцова стала і дачка расейскага палітыка Жанна Нямцова. Яна выказала ўпэўненасць у тым, што плошчы і скверы ў гонар яе бацькі пераназываюць не толькі ў сувязі з ягоным трагічным лёсам, але і таму, што ён быў унікальным палітыкам не толькі для Расеі, але і для свету.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках