5 траўня 2024, Нядзеля, 7:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Будзеш працаваць як усе, мне пляваць на тваю траўму!»

14
«Будзеш працаваць як усе, мне пляваць на тваю траўму!»
АРХІЎНАЕ ФОТА

Прафзвяз РЭП змагаецца за рабочага з лесапавалу.

Дзмітрый Канячук працаваў у ТАА «Форэст-Даго» абсякальнікам сукоў. 22 лістапада падчас працы ў лесе пайшоў дождж. Дзмітрый, працуючы з пілой, паслізнуўся на мокрай глебе і пашкодзіў калена, якое падвярнуў пры падзенні. Брыгадзір адвёз яго ў Бабруйскую лякарню, дзе пацярпеламу наклалі гіпс і паставілі дыягназ: расцяжэнне пры перанапружанні. Лячэння не прызначылі і выпісалі з лякарні, паведамляе praca-by.info.

Як распавёў Дзмітрый Канячук, ён намагаў на тым, каб траўму аформілі як вытворчую і склалі акт Н-1. Аднак дамогся ён гэтага не адразу: некалькі разоў яму ў лякарні прыносілі на подпіс тлумачальныя, якія ён адмаўляўся падпісваць:

- Я ўжо пачаў лаяцца: што гэта такое? Хочуць, каб я падпісаў, быццам я не працаваў у дзень траўмы, а проста ішоў па дзялянцы і паслізнуўся. Хацелі замяніць «паслізнуўся» на «спатыкнуўся». Але я дамогся свайго. Склалі акт аб вытворчай траўме, дзе была паказаная віна дырэктара ў тым, што ён не забяспечыў мяне спецвопраткай.

Аднак давядзенне вытворчага характару траўмы было толькі пачаткам цяжкасцяў. Калі знялі гіпс, выявілася, што з нагой Дзмітрыя не адбылося зусім ніякіх паляпшэнняў:

- Я не мог выйсці на працу: нага не працуе, не гнецца, ацёк, бесперапынны боль, праз гэта бессань...

11 студзеня МРТ паказала, што першапачатковы дыягназ быў памылковы. У Зміцера было не расцяжэнне, а разрыў звязак, кампрэсійны пералом храстка, аскепкі ў тканінах... Дзмітрый дамогся накіравання ў Магілёў, і 29 студзеня, пасля першага ж агляду, яго паклалі ў лякарню і адразу ж зрабілі аперацыю.

Цяжкасці на працы, тым часам, прадаўжаліся: Дзмітрый сутыкнуўся з тым, што выплаты праз лісток непрацаздольнасці былі меншыя, чым ён разлічваў:

- Першапачаткова працаваў, без афармлення. Уладкавалі мяне афіцыйна толькі тады, калі ўвялі гэты дэкрэт «Аб дармаедах». Тут ужо я сам вінаваты: не прасачыў, як мяне аформілі. З працай было цяжка, і асабліва на дакументы не глядзеў. Высветлілася, што заробак мне плацяць адзін, а ў працоўнай дамове запісаны іншы, меншы. Праз касу грошай ніколі не атрымліваў. Сам вінаваты! – і нічога даказаць цяпер не магу.

Па выніках МРЭК, Дзмітрыю Канечуку цэлы год трэба займацца толькі лёгкай працай; страта працаздольнасці склала 15%. Забароненыя статыка-дынамічныя нагрузкі на хворую нагу, нельга працаваць стоячы даўжэй 60% ад часу змены.

ДЗМІТРЫЙ КАНЯЧУК У ЛЯКАРНІ

- Гэта значыць, я не магу падымаць цяжкае, не магу працаваць ні з пілой, ні з сякерай, - тлумачыць Дзмітрый.

Дзмітрыю ўдалося дасягнуць паразумення з брыгадзірам, і ён далей працуе ў сваёй брыгадзе.

На жаль, гэта доўжылася нядоўга: брыгадзір з'ехаў на заробкі ў Расею, а работнік, які прыйшоў на ягонае месца, з першых жа дзён пастараўся пазбавіцца ад Зміцера:

- Не даў распісацца ў паперах за дзялянку, адразу кажа: ідзі працуй. Я адмовіўся, ён прамаўчаў. На наступны дзень я тлумачу сітуацыю: не магу працаваць так, як усе, праблемы з нагой. Брыгадзір прапусціў міма вушэй. Я адпрацаваў належныя 4 гадзіны 48 хвілін. І вечарам вярнуўся дадому, нічога не падазраючы. І тут тэлефануе мне дырэктар і распавядае, што на мяне напісаны дзве дакладныя: ад брыгадзіра і ад намесніка дырэктара. Нібыта я не проста адмовіўся выходзіць на працу, а нават хадзіў па суседняй дзялянцы, дзе працавала іншая брыгада. А гэта – грубае парушэнне тэхнікі бяспекі! Я не мог такога зрабіць. Я быў у шоку!

Дзмітрый пачаў высвятляць, які лёс чакае яго; патэлефанаваў брыгадзіру:

- Брыгадзір сцвярджаў: ты ў мяне будзеш працаваць як усе, мне пляваць на «лёгкую працу». Размову я запісаў на дыктафон. Там і пагрозы былі, і лаянка.

Цяпер Дзмітрый зноў знаходзіцца на лістку непрацаздольнасці:

- Ад дакладных на мяне, ад абвінавачванняў, ад гэтых размоў у мяне пачаўся такі стрэс, што абвастрылася хвароба, прыступаў якой не было ў мяне шэсць гадоў. На маёй скуры цяпер няма жывога месца. Лекар адназначна сказаў, што гэта ад стрэсу.

Акрамя таго, сур'ёзна адбілася тое, што Дзмітрый на патрабаванні брыгадзіра папрацаваў у тым рэжыме, які яму забаранілі лекары:

- 18 чэрвеня раніцай я не змог устаць з канапы: нага хруснула, і я ўпаў. Тэлефон забыўся ў бацькоў, таму не мог нават паклікаць на дапамогу, доўга ляжаў на падлозе. Калі нарэшце трапіў да лекара, той напісаў, што нага пачала балець ад інтэнсіўнай працы. Звязкі не вытрымалі, зноў мне наклалі гіпс. Зноў болі, бессань, няма апетыту, і з працай катастрофа, і сямейнае жыццё разбураецца...

Калі Дзмітрый зразумеў, што ён рызыкуе застацца з траўмай і без працы, стаўшы ахвярай жахлівай несправядлівасці (бо менавіта на працы ён атрымаў сур'ёзную траўму), ён праз знаёмых знайшоў прафзвяз РЭП і звярнуўся па дапамогу.

Юрыст прафзвязу РЭП Алег Жалноў параіў Змітру напісаць дакладную на імя дырэктара, дзе пералічыць усе парушэнні працоўнага заканадаўства, з якімі сутыкнуўся работнік; аднак дырэктар, са словах Дзмітрыя, «шпурнуў гэтую дакладную мне ў твар», а канцылярыя адмовілася рэгістраваць дакумент.

Цяпер Дзмітрыя чакае яшчэ адзін раўнд перамоў з наймальнікам: Белдзяржстрах выдаў яму накіраванне ў санаторый, і лекары намагаюць на тым, што пацыенту вельмі неабходна прайсці гэтае лячэнне, каб не страціць нагу. Зміцер папрасіў даць яму адпачынак за свой кошт, аднак дырэктар не даў адказу.

З дырэктарам у Дзмітрыя цяпер адназначны канфлікт: начальніку не падабаецца тое, што Дзмітрый бароніць свае правы.

- Дырэктар неяк кінуў такую фразу: «Я свой аўтарытэт гадамі зарабляў». Ну і грош цана такому аўтарытэту! Пакуль я быў на лістку непрацаздольнасці, у нашай кампаніі яшчэ адзін работнік загінуў – яго заваліла дрэвамі, і адзін пацярпеў.

Сваю будучыню Дзмітрый Канячук уяўляе вельмі цьмяна:

- І страціў у заробку, і на лекі павінен грошы аднекуль браць: Белдзяржстрах мне ўсё не аплачвае. На маральна-матэрыяльную кампенсацыю я не падаваў: хацеў працаваць, не хацеў канфлікту з наймальнікам. А цяпер што? Я і не інвалід, і не работнік.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках