Вітрэнка: Партнёры «Газпрама» на «Паўночнай плыні - 2» дагэтуль не сталі акцыянерамі праекта
2- 4.08.2018, 21:54
- 11,129
Еўрапейскія кампаніі баяцца санкцый ЗША.
Еўрапейскія кампаніі, якія з'яўляюцца партнёрамі «Газпрама» ў будаўніцтве газаправода «Паўночная плынь - 2», дагэтуль не сталі акцыянерамі праекта, заявіў камерцыйны дырэктар НАК «Нафтагаз Украіны» Юрый Вітрэнка ў інтэрв'ю "Новому времени", якое выйшла 3 жніўня.
З ягоных слоў, у пытанні процідзеяння будаўніцтва гэтага газаправода «Нафтагаз» і ўрад дзейнічаюць як адзіная каманда і «выкарыстоўваюць шмат розных шляхоў».
«Мы выступаем супраць «Паўночнай плыні - 2», напрыклад, дасягаючы таго, што ЗША ўжо ўвялі пэўныя санкцыі. Пэўныя санкцыі з'яўляюцца адкрытымі, пэўныя санкцыі з'яўляюцца рэальнай пагрозай для партнёраў «Газпрама» ў «Паўночнай плыні - 2», - сказаў ён.
Вітрэнка дадаў, што «ўжо цяпер відаць пэўнае прыпыненне некаторых працэсаў».
«Пачынаючы з таго, што партнёры «Газпрама» па «Паўночнай плыні- 2» дагэтуль не сталі акцыянерамі гэтага праекта. Гэта значыць усе гэтыя ENGIE, Shell, Wintershall і гэтак далей не з’яўляюцца акцыянерамі. Яны баяцца. Так, яны прыдумалі схему, яны пазычаюць грошы «Газпраму». Але гэта, па-першае, не ўваход у праект, па-другое, вядомыя пэўныя дэталі, як гэта было структуравана. Гэта вельмі яркая прыкмета таго, што яны вельмі асцярожна да гэтага ставяцца», - падкрэсліў камерцыйны дырэктар НАК.
З ягоных слоў, гэтыя кампаніі прама кажуць пра тое, што рызыка амерыканскіх санкцый для іх з'яўляецца вельмі істотнай. «І таму яны хочуць, каб неяк гэтае пытанне было ўрэгуляванае на ўзроўні стасункаў Еўропы і ЗША», - дадаў ён.