2 траўня 2024, Чацвер, 2:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дырэктар прадпрыемства раскрадаў інавацыйны фонд Менгарвыканкама?

12
Дырэктар прадпрыемства раскрадаў інавацыйны фонд Менгарвыканкама?

КДК устанавіў факт крадзяжу $3,5 мільёна.

У дачыненні да дырэктара унітарнага прадпрыемства ў Менску распачатая крымінальная справа аб буйным крадзяжы з інавацыйнага фонду гарвыканкама. Пад канкрэтны праект было выдадзена 7 мільёнаў рублёў, але ён не выкананы, распавялі tut.by ў Камітэце дзяржкантролю.

Фінансавая міліцыя праверыла, на што пайшлі грошы, выдадзеныя на падставе Дзяржаўнай праграмы інавацыйнага развіцця на 2011-2015 гады.

Выявілася, унітарнае прадпрыемства ў 2013-2016 гадах атрымала з інавацыйнага фонду Менгарвыканкама больш за 7 мільёнаў рублёў (3,5 мільёна даляраў. - Заўвага.). Грошы ішлі на распрацоўку доследнага ўзору шматмеснай гіпабаракамеры шматмэтавага выкарыстання. Але дагэтуль узор баракамеры не выраблены. Некаторыя закупленыя для гэтага тавары, работы і паслугі не выкарыстоўваліся, а асобныя працы фірма не выканала зусім.

Сродкі выдаткоўваліся з выкарыстаннем рэквізітаў некалькіх арганізацый, якія не мелі «дастатковага вытворчага і навуковага патэнцыялу» ў гэтай галіне, таксама грошы пералічваліся на рахункі фізічных асоб.

«Дакладна вядома, што прадстаўленыя ў органы казначэйства дакументы не адпавядалі рэчаіснасці, а выдадзеныя з інавацыйнага фонду Менгарвыканкама бюджэтныя сродкі выкарыстаныя на мэты, не звязаныя з распрацоўкай і вырабам доследнага ўзору баракамеры», - распавёў намеснік начальніка Дэпартамента фінансавых расследаванняў КДК Юрый Кардымон.

Паводле версіі следства, у 2013-2015 гадах на падставе дакументаў аб выкананні навукова-даследчых і доследна-канструктарскіх работ больш за 100 тысяч рублёў былі пералічаныя на рахункі фізічных асоб. Але, мяркуюць у КДК, ніякія працы не выконваліся, а грошы ішлі дырэктару, якія ён марнаваў на «ўласнае меркаванне».

У дачыненні да кіраўніка распачатая крымінальная справа на падставе ч.4 арт.210 КК (Крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі). Дырэктар прызнаны падазраваным, ён знаходзіцца пад вартай.

Высветлілася таксама, што за кошт фонду яшчэ ў 2016 годзе быў набыты рабатызаваны зварачны комплекс за 6 мільёнаў рублёў для вырабу баракамеры. Цягам месяца яго вывезлі ў Расею і не вярнулі дагэтуль, тут ён нават не выкарыстоўваўся.

Расследаванне крымінальнай справы прадаўжаецца.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках