2 траўня 2024, Чацвер, 2:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ізраіль адказаў на пагрозы і абвінавачванні РФ

Ізраіль адказаў на пагрозы і абвінавачванні РФ

ЦАХАЛ усклаў віну за збіты Іл-20 на Сірыю, Іран і «Хэзбалу».

Ізраіль усклаў віну за гібель расейскага самалёта Іл-20, які быў збіты ў сірыйскай правінцыі Латакія, на Сірыю, Іран і рух «Хэзбала». Пра гэта ў аўторак, 18 верасня, паведамляе РІА «Новости» са спасылкай на прадстаўнікоў ізраільскага войска.

Раней міністр абароны Расеі Сяргей Шайгу абвінаваціў Ізраіль у гібелі 15 расейскіх вайскоўцаў, якія знаходзіліся на борце Іл-20. Як заяўлялі ў вайсковым міністэрстве РФ, ізраільскія лётчыкі нібыта «падставілі» расейскі самалёт пад удар сродкаў СПА Сірыі, у выніку чаго ён быў збіты ракетай комплексу С-200.

Самалёт радыёэлектроннай барацьбы Іл-20 знік над акваторыяй Міжземнага мора ў момант налёту ізраільскіх знішчальнікаў F-16 на правінцыю Латакія. Таксама ў момант знікнення былі зафіксаваныя запускі ракет з французскага фрэгата Auvergne. На борце самалёта знаходзіліся 15 расейскіх вайскоўцаў.

Як адзначае РБК, ізраільскія вайскоўцы прывялі чатыры аргументы ў абарону сваёй пазіцыі. У першую чаргу яны адзначылі, што сірыйскія СПА вялі «шырокі і недакладны агонь», што, на іх думку, і стала прычынай гібелі расейскага Іл-20. У момант, калі сірыйскія СПА выпусцілі ракеты, што збілі Іл-20, самалёты ВПС Ізраіля ўжо знаходзіліся ў ізраільскай паветранай прасторы, заяўляюць у IDF. Акрамя таго, падчас удараў ВПС Ізраіля па цэлях у Латакіі, расейскі Іл-20 знаходзіўся па-за зонай правядзення аперацыі.

«Сірыйскія супрацьпаветраныя батарэі вялі недакладны агонь, як мы разумеем, не заклапаціліся пацвярджэннем таго, што ў небе не было расейскіх самалётаў», - падкрэсліваецца ў паведамленні Арміі абароны Ізраіля.

IDF таксама мяркуе, што за гэты інцыдэнт адказныя Іран і праіранская шыіцкая групоўка «Хэзбала». У ноч на аўторак ізраільская авіяцыя наносіла ўдары па аб'екце Узброеных сіл Сірыі, адкуль комплексы для стварэння дакладнай зброі павінны былі быць пастаўленыя ў Ліван. У Ліване і дзейнічае «Хэзбала», якую Іран забяспечвае зброяй. Тэль-Авіў неаднаразова заяўляў, што ўважае дзейнасць «Хэзбалы» небяспечнай для Ізраіля.

Паміж Расеяй і Ізраілем дзейнічае сістэма пазбягання канфліктных сітуацый. «Гэтая сістэма працавала гэтай ноччу», - заявілі ў IDF.

Ізраільскія вайскоўцы таксама выказалі гатоўнасць падаць расейскім уладам усю інфармацыю аб інцыдэнце.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках