17 кастрычнiка 2018, Серада, 15:33
Нам патрэбна ваша дапамога
Рубрыкі

Праваабаронца: Калі расейскіх паліцыянтаў пераапрануць у форму беларускага АМАПа - будзе скандал

21
Фота: Reuters

«Гастралёры» на Еўрагульнях могуць патрапіць пад статус незаконнага ўзброенага фармавання.

Расейскія праваахоўнікі будуць задзейнічаныя на будучых буйных спартовых падзеях у Беларусі, паведаміў 18 верасня міністр унутраных спраў Беларусі Ігар Шуневіч.

«Салідарнасць» наважыла даведацца пра законнасць гэтай заявы ў былога супрацоўніка праваахоўных органаў, кіраўніка праваабарончага цэнтра «Прававая дапамога насельніцтву» Алега Ваўчка.

- У адпаведнасці з Законам «Аб органах унутраных спраў» ахову і бяспеку грамадзян, грамадства і дзяржавы агулам могуць забяспечваць толькі грамадзяне Беларусі. У нас заканадаўча нідзе не агавораная прысутнасць замежных праваахоўных органаў.

Акрамя таго, забароненае перамяшчэнне зброі праз мяжу.

Алег Воўчак падкрэслівае, што расейскія паліцыянты не маюць права ўжываць фізічную сілу на тэрыторыі Беларусі.

- Гэта парушэнне Канстытуцыі, закона аб органах улады. Не можа, да прыкладу, прыехаць афіцэр з Ізраіля або ЗША і ў Беларусі забяспечваць ахову. Яго адразу арыштуюць.

На думку экспэрта, расейскіх паліцыянтаў, якія забяспечваюць парадак у Беларусі, можна ўважаць за наймітаў.

- Не чуў пра такое ў міжнароднай практыцы, каб запрашалі замежных спецыялістаў для аховы мерапрыемстваў.

Алег Воўчак звяртае ўвагу на тое, што Беларусь сярод сусветных лідараў у колькасці сілавікоў. У той жа час суразмоўца «Салідарнасці» адзначае, што ў міліцыі ідуць скарачэнні, у тым ліку і не галосныя.

- Скарачаюць афіцэраў, якім засталося паўтара-два гады да пенсіі, - кажа Воўчак. - Магчыма, на спартовыя мерапрыемствы ўладзе патрэбныя людзі, якія будуць бязлітасна караць у выпадку акцый пратэсту.

Экспэрт прапануе палітычным партыям адрэагаваць на заяву Шуневіча. Ён мяркуе, што трэба звярнуцца ў Канстытуцыйны суд, aдміністрацыю Лукашэнкі, да генпракурора і ў «парламент»: «Няхай растлумачаць, што гэта такое?»

Калі на Еўрагульнях у Менску расейскі паліцыянт затрымае чалавека, можа пачацца беззаконне, кажа Воўчак.

- Гэта не перавышэнне ўлады. Людзі з іншай дзяржавы прыехалі ўстанаўліваць парадкі. Незаконнае ўзброенае фармаванне можа пад гэты статус трапляць.

Калі расейскіх паліцыянтаў пераапрануць у форму беларускага АМАПа, будзе скандал. Усё адно рана ці позна інфармацыя праточыцца - здадуць свае ж міліцыянты, - упэўнены праваабаронца.