Для Пуціна і Лукашэнкі ў Магілёве праспявае аматар «расейскага свету»
19- 22.09.2018, 18:17
- 21,359
Дзяніс Майданаў «славуты» сваёй любоўю да «ДНР».
Закончыць асноўную праграму V Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расеі павінен гала-канцэрт 11 кастрычніка. Са слоў арганізатараў, у ім возьмуць удзел блізу 300 артыстаў з абедзвюх краін.
З боку беларускай эстрады будуць звыклыя Алёна Ланская, гурт «Песняры», Ядзвіга Паплаўская, Анатоль Ярмоленка, менш звыклы Руслан Аляхно ды іншыя, піша “Могилевская весна”.
Расея прапануе сваіх артыстаў, самым вядомым з якіх з'яўляецца Дзяніс Майданаў. Цікава, гэта супадзенне, што ён з'яўляецца адным з самых заўзятых прыхільнікаў «расейскага свету»?
З захапленнем сустрэў анэксію Крыма
Дзяніс Майданаў радасна ўспрыняў паглынанне паўвыспы Расейскай Федэрацыяй. У 2015 годзе артыст выступіў на байк-шоў «Кузніца перамогі» пад Севастопалем, арганізаваным мотаклубам «Начныя ваўкі».
Пасля выступу Майданаў ў інтэрв'ю для РІА Крым заявіў, што «далучэнне Крыма - гэта трыумф гістарычнай справядлівасці». Тое, што Крым належыць Украіне, спявак назваў вынікам «непісьменнага палітычнага раскідання спрадвечна расейскіх зямель».
- У гэтым выпадку была ўзаемная воля крымскага народа і прэзідэнта Уладзіміра Пуціна, які, будучы моцным чалавекам і кіраўніком, прыняў гэтую гістарычную пастанову», - заявіў тады Дзяніс Майданаў.
У адрозненне ад многіх іншых артыстаў, якія паспрабавалі дыстанцыявацца ад палітыкі, саліст заняў канкрэтную пазіцыю аматара «расейскага свету»:
- Ад шматлікіх артыстаў мы чуем, што творчасць - творчасцю, а палітыка - палітыкай. Але я думаю, што павінна быць свая ўнутраная праўда і адчуванне сябе ў гэтым свеце, - заяўляў Майданаў у 2015 годзе.
Аматар спецыфічных рэспублік
Крымам артыст не абмежаваўся. У 2015, 2016 і нават 2018 годзе Дзяніс Майданаў выступаў у сепаратысцкай Данецкай народнай рэспубліцы. Падчас канцэртаў спявак неаднаразова выказваў меркаванне аб канфлікце паміж ДНР і Украінай, абвінавачваючы апошнюю ў фашызме:
- Я шчыра дзякую вам за тое, што вы, як прыклад шмат каму, сталі супраць вандалізму, супраць фашызму і стаіце за свае інтарэсы, за сваю гісторыю, сваю зямлю. Зычу вам, каб вашая гісторыя была са шчаслівым канцом, - заявіў выканаўца падчас канцэрту 2016 года.
У гэтым годзе Майданаў выступаў у Данецку ў ліпені ў гонар «Дня працаўніка гандлю ДНР».
Улюбёнец расейскіх сілавікоў
У актыве Дзяніса Майданава тыповы набор узнагарод расейскага артыста – здабыў «Залаты грамафон», некалькі разоў быў лаўрэатам прэміі «Шансон года ў Крамлі».
Значна цікавейшыя іншыя ўзнагароды Майданава, якія яму выпісалі расейскія сілавікі.
Так, Міністэрства ўнутраных спраў узнагароджвала Майданава знакам «За садзейнічанне МУС Расеі» і медалём «За ўнёсак ва ўмацаванне правапарадку». Міністэрства абароны раскашэлілася на медаль «Удзельніку вайсковай аперацыі ў Сірыі», а потым яшчэ і на прэмію «За актыўную культурна-шэфскую працу».
Нарэшце, ФСБ Расеі прызнаў яго лаўрэатам 1-й прэміі ФСБ РФ у намінацыі «Музычнае мастацтва» за цыкл вайскова-патрыятычных песень. Што цікава, гэтую ўзнагароду ў той год Майданаў падзяліў (сюрпрыз-сюрпрыз) з Анатолем Ярмоленкам і ансамблем «Сябры».
***
V Форум рэгіёнаў Беларусі і Расеі пройдзе ў Магілёве 10-12 кастрычніка. Чакаецца, што на яго прыедуць Лукашэнка і Пуцін. Усяго ўдзел прымуць амаль 2 тысячы чалавек з 40 рэгіёнаў Расейскай Федэрацыі і шэсць рэгіёнаў Рэспублікі Беларусь.