22 кастрычнiка 2018, панядзелак, 11:46
Нам патрэбна ваша дапамога
Рубрыкі

Пенсійныя зберажэнні расейцаў замарозілі назаўжды

5

Крэмль «зарабіў» на гэтым два трыльёны рублёў.

«Замарожванне» назапашанай часткі пенсіі, якая была ўведзеная ў 2014 годзе і дэкларавалася як часовая, а затым штогод падаўжалася, прынесла ў бюджэт 2 трыльёны рублёў, піша finanz.ru.

Гэтую суму дзяржава зэканоміла, накіроўваючы пенсійныя назапашванні грамадзян на выплаты існым пенсіянерам і скарачаючы трансферт з бюджэту ў пенсійны фонд.

Як паведамляе РІА «Новости», такія звесткі прывёў у пятніцу міністр працы і сацыяльнай абароны Максім Тапілін у кулуарах другога Еўразійскай жаночага форуму.

Падчас адказу на пытанне аб тым, якая імавернасць, што назапашаную частку пенсіі «размарозяць», ён заявіў: «Такой магчымасці няма».

Уся сума, якую працадаўца адлічвае за работніка ў Пенсійны фонд (22% ад заробку), будзе сыходзіць на існыя выплаты пенсіянерам, уключаючы 6%, якія, як меркавалася першапачаткова, павінны былі фармаваць назапашванні грамадзян для выплат ім жа ў старасці.

«Замарожванне - гэта такі выдуманы тэрмін, таму што гэтыя грошы не адцягваюцца ў назапашванні, не кампенсуюцца з бюджэту. За апошнія гады, калі гэта было прынята, федэральны бюджэт зэканоміў прыблізна 2 трлн рублёў. Зэканоміў, а людзі нічога не страцілі», - сказаў Тапілін.

У канцы 2017 года прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін падпісаў закон аб падаўжэнні «замарожвання» да 2020 года. Але гэта «толькі такая часовая пастанова», сказаў міністр: «Цяпер міністэрства фінансаў рыхтуе прапанову аб індывідуальным пенсійным капітале».

На задуму міністэрства, якое рыхтуе рэформу супольна з ЦБ, у рамках новага механізму назапашванні стануць уласнасцю грамадзян.

Мяркуецца, што фармавацца і захоўвацца ІПК будзе ў недзяржаўных пенсійных фондах, куды грамадзяне змогуць накіроўваць сродкі як праз працадаўцаў, так і самастойна. Стартавым капіталам могуць стаць сродкі, акумуляваныя раней у рамках адлічэнняў на назапашаную частку пенсіі на падставе ранейшага механізма.

Першы намеснік старшыні Банка Расеі Сяргей Сшывальшчыкаў у чэрвені казаў, што ІПК будзе прадугледжваць тры тыпы пенсійных выплат - тэрміновыя (на тэрмін ад 10 гадоў з індэксацыяй і магчымасцю атрымання ў спадчыну нявыкарыстанага астатку), бестэрміновыя (пажыццёвая пенсія без атрымання ў спадчыну) і гібрыдныя (зменныя выплаты са штогадовым разлікам пенсіі, кожны раз на тэрмін 20 гадоў наперад).