4 траўня 2024, Субота, 18:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Абаронцы Курапатаў дамовіліся прадаўжаць пратэсты (Відэа)

10
Абаронцы Курапатаў дамовіліся прадаўжаць пратэсты (Відэа)

Актывісты пастанавілі несці вахту да «Дзядоў».

Акцыі пратэсту супраць працы рэстарана ў Курапатах, дзе расстрэльвалі ахвяраў сталінскіх рэпрэсій, будуць прадоўжаныя, заявіла грамадская актывістка Ганна Шапуцька на сходзе абаронцаў Курапатаў. Мерапрыемства з удзелам блізу 80 чалавек прайшло 9 верасня каля ўваходу ў рэстаран, паведамляе «Новы час».

Шапуцька падзякавала аднадумцам за тое, што яны прыйшлі на сход. Яна нагадала, што цяпер «за кратамі застаюцца лідары курапацкай вахты Павел Севярынец, які марыў, каб на гэты сход прыйшло шмат людзей».

«Будзем меркаваць, што гэта толькі першая хваля. Наступны раз нас будзе яшчэ больш, – сказала яна. – Нам трэба сабрацца ў большай колькасці, каб зачыніць гэты “Бульбаш-хол” (першапачатковая назва ўстановы), каб ягоныя ўладальнікі зразумелі, што ён не мае права існаваць побач з месцам гібелі тысячаў і тысячаў нашых продкаў».

Шапуцька адзначыла, што абаронцы Курапатаў праводзяць пікетаванне рэстарана ўжо больш за 100 дзён. «Абарона прадаўжаецца, спыняцца мы не збіраемся. Мы будзем трымаць варту да “Дзядоў”, нягледзячы ні на рэпрэсіі, ні на затрыманні. Адначасова мы будзем звяртацца ў Міністэрства культуры, у Генпракуратуру і іншыя органы з патрабаваннем зачыніць гэтую ўстанову, што абражае памяць», – заявіла яна.

На імправізаваным мітынгу выступіў шэраг іншых грамадскіх актывістаў.

Як паведамлялася раней, за заклікі да ўдзелу ў сходзе сустаршыня аргкамітэту ў стварэнні партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя Павел Севярынец 6 верасня быў арыштаваны на 10 сутак. Такую пастанову прыняў суддзя Менскага раённага суда Аляксей Кропачаў. Севярынец прызнаны вінаватым паводле ч. 3 арт. 23.34 КаАП (паўторнае парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў). Суд уважае за правапарушэнне, што палітык заклікаў людзей удзельнічаць у акцыі 9 верасня ў Курапатах.

Таксама стала вядома, што абаронцу Курапатаў Дзяніса Урбановіча, які павінен быў 8 верасня выйсці з-пад арышту, ізноў затрымалі і 10 верасня ён паўстане перад судом. Як паведаміў кіраўнік Менскага РУУС, на Урбановіча складзены пратакол паводле артыкула 23.34 КаАП (паўторнае парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў).

Пратэсты супраць працы рэстарана ва ўрочышчы Курапаты, дзе расстрэльвалі ахвяраў сталінскіх рэпрэсій, доўжацца з 31 траўня.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках