4 траўня 2024, Субота, 12:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

National Interest: Расейскі танк канчаткова адпраўлены ў адстаўку

18
National Interest: Расейскі танк канчаткова адпраўлены ў адстаўку

Баявыя машыны да нядаўняга часу знаходзіліся на ўзбраенні ў Лаоскім войску.

Войска Лаоса вярнула Расеі 30 танкаў Т-34 часоў Другой сусветнай вайны.

Паводле заявы Крамля, баявыя машыны, якім амаль 80 гадоў, да нядаўняга часу знаходзіліся на ўзбраенні ў Лаоскім войску, што вельмі характэрна. У выніку самыя старыя танкі, якія засталіся з часоў Другой сусветнай вайны, цяпер у найбольшай колькасці знаходзяцца на ўзбраенні Тайваня, піша The National Interest (пераклад – inosmi.ru).

Як адзначае расейскае Міністэрства абароны, урад Лаоса адправіў 29-тонныя Т-34 морам у порт Уладзівасток, які знаходзіцца недалёка ад расейскай мяжы з Кітаем і Паўночнай Карэяй. Адтуль баявыя машыны паедуць па чыгунцы ў падмаскоўны горад Нара-Фамінск.

«Перададзеную лаоскім бокам тэхніку плануецца выкарыстоўваць падчас парадаў Перамогі, а таксама для абнаўлення музейных экспазіцый і здымак гістарычных фільмаў пра Вялікую Айчынную вайну», — гаворыцца ў заяве расейскага Міністэрства абароны.

«Вялікай Айчыннай вайной» расейцы называюць Другую сусветную вайну.

Дзейныя Т-34 часта бяруць удзел у штогадовых парадах Перамогі. Яны таксама прыцягваюць да сябе ўвагу кінематаграфістаў. Расейскі ўрад прафінансаваў здымкі гістарычнага баевіка «Т-34», які выйшаў у 2019 годзе, аб...танку Т-34.

За першы тыдзень паказу гэтага фільма, які выйшаў у пракат ва ўсёй краіне 1 студзеня 2019 года, касавыя зборы склалі больш за 15 мільёнаў даляраў, дзякуючы чаму гэтая стужка пабіла рэкорд. «Радыё «Свабодная Еўропа» паведаміла аб тым, што за гэты час «Т-34» паглядзелі больш чатыры мільёны чалавек.

Паводле паведамленняў СМІ, расейскі міністр абароны Сяргей Шайгу ў студзені 2018 года пабываў у Лаосе і падчас перамоваў з лаоскім бокам дамовіўся аб вяртанні партыі старых танкаў.

Урады дзвюх краін дамовіліся аб перадачы старой тэхнікі ў рамках перамоў аб маштабнай угодзе на пастаўку зброі, якая сведчыць аб аднаўленні партнёрства паміж Расеяй і Лаосам. У снежні 2018 года ў прэсе з'явіліся паведамленні аб тым, што Расея даставіла ў Лаос некалькі сучасных танкаў Т-72Б і лёгкіх знішчальнікаў Як-130.

Т-34 са сваёй 76-міліметровай гарматай (першая версія танка мела такую прыладу, на апошняй мадыфікацыі ўжо была 85-міліметровая гармата — - заўв. вельмі моцна састарэў за апошнія дзесяцігоддзі службы ў Лаосе. Найбольш бедныя краіны, такія як Малі, па-ранейшаму маюць на ўзбраенні невялікую колькасць дзейных танкаў Т-34, а ў 2015 годзе дзейныя Т-34 былі заўважаныя ў Емене. Але Лаоскае войска вызначаецца тым, што яшчэ ў 2018 годзе ў яго на ўзбраенні знаходзіліся дзясяткі танкаў Т-34.

Крэмль заявіў выданню «Москоу Таймс», што лаоскія машыны «знаходзяцца ў вельмі добрым стане».

Некалькі баявых машын такога ж узросту, як лаоскі Т-34, застаюцца на ўзбраенні або нядаўна былі выведзеныя з баявога складу. У 2016 годзе Парагвай нарабіў шуму ў прэсе, раскансерваваўшы 10 танкаў М-4 «Шэрман», якія знаходзіліся на складах, з намерам выкарыстоўваць іх у баявой падрыхтоўцы.

33-тонны танк М-4 з 75-міліметровай прыладай быў галоўным танкам амерыканскага войска ў гады Другой сусветнай вайны.

У 2018 годзе Парагвай спісаў апошнія тры танкі М-4 з ліку раскансерваваных. А ў 2014 годзе войска гэтай краіны таксама раскансервавала некалькі лёгкіх танкаў М-3 вытворчасці ЗША. Як паведамляецца ў даведніку «Джэйн» (Jane's), частка гэтых машын у красавіку 2018 года яшчэ знаходзілася на ўзбраенні.

Тайвань таксама не адмаўляецца ад сваіх вельмі старых баявых машын. Праз шматгадовы ціск Кітая на вядучых сусветных танкабудаўнікоў Тайбэй цягам дзесяцігоддзяў не можа набыць новыя танкі, такія як амерыканскія М-1 «Абрамс».

У 2018 годзе галоўным танкам тайваньскага войска па-ранейшаму быў створаны ў 1970-я гады шаноўны M-60A3, набыты ў ЗША ў сярэдзіне 1990-х гадоў. Наземныя войскі ЗША пачалі мяняць 55-тонны М-60 на 70-тонны М-1 у пачатку 1980-х гадоў. У M-60A3 гармата калібру 105 міліметраў, у той час як сучасная версія М-1 абсталяваная больш магутнай 120-міліметровай прыладай.

М-60 - гэта старая машына, але яе наўрад ці можна назваць самым старым тайваньскім танкам. Яшчэ ў 2017 годзе на ўзбраенні тайваньскага войска знаходзілася 625 лёгкіх танкаў M41 «Уокер Бульдог», пра што паведамляе Брытанскі Міжнародны інстытут стратэгічных даследаванняў (International Institute for Strategic Studies).

На ўзбраенне наземных войскаў ЗША М41 пачаў паступаць у 1951 годзе. Гэты 23-тонны танк з 76-міліметровай прыладай ненашмат перасягае «Шэрман» у сваёй эфектыўнасці.

Тайваньскае войска мадэрнізавала свае танкі М41 і M-60A3, а таксама не менш старыя М-48 і гібрыдныя баявыя машыны, якія сканструявалі мясцовыя інжынеры, усталяваўшы вежу ад М-48 на шасі M-60 і дадаўшы туды сістэму кіравання агнём. Тайбэй спадзяецца, што дзякуючы глыбокай мадэрнізацыі машын M-60A3, якая пачнецца ў 2020 годзе, яму ўдасца на доўгія гады наперад захаваць свой танкавы парк.

Насамрэч, у тайваньскіх танкаў наўрад ці ёсць нейкія шанцы на перамогу ў баі з сучаснымі кітайскімі машынамі. Лаос пры першай жа магчымасці памяняў свае састарэлыя танкі на больш сучасныя мадэлі. Але ў Тайваня наўрад ці з'явіцца такая магчымасць.

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках