На беларускай мяжы затрымалі сына расейскага алігарха
31- 10.01.2019, 19:48
- 51,594
Ён ехаў п'яны за стырном і з наркотыкамі.
29 снежня ў пункце пропуску «Берасце» затрымалі 24-гадовага расейца, які вёз з Польшчы наркотыкі. Паводле неафіцыйных звестак, затрыманы з'яўляецца сынам расейскага алігарха, уладальніка некалькіх буйных транспартных кампаній Канстанціна Шарыга, клічуць яго Аляксандр.
Паводле звестак следства, 29 снежня маладзён ехаў на Mercedes з Польшчы ў Беларусь праз пункт пропуску «Берасце». Падчас дагляду ў яго знайшлі гашышны алей і марыхуану. Яго затрымалі і ўзялі пад варту, паведамляе tut.by.
Згодна з вынікамі медыцынскага агляду, кіроўца Mercedes быў п'яны (0,56 праміле ў выдыханым паветры).
8 студзеня маладзёну выставілі абвінавачванне паводле ч. 1 арт. 328-1 КК (Незаконнае перамяшчэнне праз дзяржаўную мяжу Рэспублікі Беларусь наркатычных сродкаў).
Як паведамілі дзве незалежныя адна ад аднае крыніцы, затрыманы - сын расейскага алігарха Аляксандр Шарыга. У Следчым камітэце гэту інфармацыю не пацвердзілі, але і не зняпраўдзілі.
Маладзён раней неаднаразова станавіўся героем скандальных публікацый расейскіх СМІ. У яго інстаграме апошняя фатаграфія размешчаная 27 снежня. Мяркуючы па геатэгу, фота было зробленае ў Барселоне.
Нагадаем, летась у Берасці паводле гэтага ж артыкула асудзілі 26-гадовую расейскую мадэль, зорку Instagram Марыю Хрэсціну. Яна атрымала 3 гады пазбаўлення волі за незаконнае перамяшчэнне наркотыкаў праз мяжу.