8 траўня 2024, Серада, 6:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Навуковец: Бяспечнага спосабу захоўвання ядзернага паліва не існуе

11
Навуковец: Бяспечнага спосабу захоўвання ядзернага паліва не існуе

Чым пагражае Беларусі «Ядзерная пастка»?

Міністэрства энэргетыкі абмеркавала з грамадскасцю даклад па стратэгічнай экалагічнай ацэнцы праекта Стратэгіі абыходжання з адпрацаваным ядзерным палівам БелАЭС, піша zautra.by.

Ва ўсіх трох прапанаваных прадстаўнікамі Мінэнэрга варыянтах абыходжання з адкідамі або яны вернуцца ў Беларусь пасля перапрацоўкі ў Расеі, альбо проста будуць захоўвацца ў Беларусі.

Экспэрты ж намагаюць на тым, што ніводная з існых у свеце тэхналогій захоўвання адпрацаванага на АЭС паліва не гарантуе поўную бяспеку. А рызык такія адкіды нясуць больш, чым краіна атрымае выгод ад электраэнэргіі.

Небяспека экалагічнай катастрофы

Адпрацаванае ядзернае паліва − гэта высокаактаўныя цеплавыдзяляльныя радыеактыўныя адкіды, якія змяшчаюць шэраг радыенуклідаў, тлумачыць эколаг, фізік-ядзершчык (Расія) Андрэй Ажароўскі. Простымі словамі - гэта найбольш небяспечны тып адкідаў, якія нясуць рызыкі цягам сотняў тысяч гадоў. Небяспека іх пахаванняў усякім вядомым спосабам тоіцца ў магчымым выхадзе радыеактыўных рэчываў у навакольнае асяроддзе. Як адбылося, напрыклад, у 1957 годзе падчас самай страшнай «дачарнобыльскай» аварыі - Кыштымскай, калі выбухнула ёмістасць з адкідамі перапрацоўкі адпрацаванага ядзернага паліва, забрудзіўшы велізарныя тэрыторыі.

Усякае сховішча можа працячы, падкрэслівае экспэрт. Гэта здаралася ў свеце шмат разоў. Самы непрыемны прыклад - сітуацыя з пахаваннямі 126 тысяч кантэйнераў і бочак радыеактыўных адкідаў у салянай шахце Asse - 2 у Нямеччыне. Насуперак прагнозам, туды паступаюць грунтовыя воды, што прыводзіць да карозіі бочак і вымывання небяспечных радыенуклідаў у навакольнае асяроддзе. Цяпер толькі, каб раскапаць сховішча і выняць адкіды з глыбіні некалькіх сотняў метраў, патрабуецца прыкладна 1,5 мільярда еўраў.

Іншы прыклад - АЭС у Обнінску, недалёка ад Масквы. Яе сховішчы радыеактыўных адкідаў працякаюць - цэзій і стронцый трапляюць у даліну ракі, распавядае Андрэй Ажароўскі.

У свеце ёсць яшчэ дзясятак прыкладаў аварыйных сітуацый на часовых і сталых сховішчах небяспечных адкідаў ад дзейнасці АЭС. Тым больш што тэхналогій, інжынерных канструкцый, якія дазваляюць ізаляваць вырабленыя на АЭС радыенукліды на тысячы гадоў, не існуе.

Кошт будаўніцтва пляцоўкі для пахавання, перавозкі і перапрацоўкі адпрацаванага паліва прадстаўнікі Мінэнэрга і прадпрыемства «Беларуская атамная электрастанцыя» падчас грамадскіх абмеркаванняў назвалі камерцыйнай таямніцай.

Арганізацыя пляцовак для пахавання адкідаў працы АЭС еўрапейскім краінам каштавала 6-9 мільярдаў еўраў. У сілу эканамічных прычын Беларусь не гатовая брацца за максімальна магчымыя бяспечныя і самыя дарагія інжынерныя развязанні - яна абярэ больш эканомны варыянт, мяркуе старшыня Беларускай партыі «Зялёныя» Анастасія Дарафеева.

У Беларусі стварэнне інфраструктуры для пахавання адкідаў АЭС можа каштаваць 2-3 мільярды еўраў, адзначыла ў сваім выступе на грамадскім абмеркаванні сябра Рады грамадскай арганізацыі «Экадом» Ірына Сухій. Да гэтага дададуцца вялікія выдаткі на ўтрыманне, ахову, пакаванне і магчымыя рамонты цягам хоць бы ста тысяч гадоў, дадае Андрэй Ажароўскі і перасцерагае: як толькі Беларусь пачне вырабляць адпрацаванае ядзернае паліва, яна патрапіць у сур'ёзную эканамічную пастку. Таму што будзе абавязаная несці сталыя выдаткі для яго бяспечнага захоўвання.

Што калі Беларусь і Расея не дамовяцца?

Прапрацоўка пытання стварэння БелАЭС стартавала больш за 10 гадоў таму, 7 гадоў таму пачалося яе будаўніцтва, запусціць першы блок плануюць налета. А праблему, што рабіць з адпрацаваным палівам, беларускія ўлады дагэтуль не вызначылі.

Два з прапанаваных Мінэнэрга сцэнары абыходжання з адкідамі разлічаныя на тое, што Расея будзе прымаць адкіды БелАЭС на перапрацоўку. З гэтым можа справіцца адзінае ў Расеі прадпрыемства «Маяк». Але дамоўленасці з Расеяй аб перадачы і перапрацоўцы адкідаў няма. Што будзе, калі БелАЭС запусцяць, а дамовіцца з Расеяй з нейкіх прычын не атрымаецца?

- У Пагадненні аб будаўніцтве БелАЭС, падпісаным у 2011 годзе, гаворыцца, што пытанні абыходжання з адпрацаваным палівам павінны быць урэгуляваныя асобным міжурадавым пагадненнем. Але гэтага пагаднення ўсё яшчэ няма. Раз яго цяпер няма, трэба сур'ёзна разгледзець магчымасць, што яго і не будзе, - кажа Андрэй Ажароўскі.

БелАЭС пасварыць хаўруснікаў: на змену газавым і нафтавым войнам прыйдзе атамная?

Якая ёсць альтэрнатыва? «Нулявы» варыянт

Пакуль у АЭС не загрузілі паліва, Беларусь яшчэ можа адмовіцца ад яе запуску, адпаведна, выключыўшы ўтварэнне радыеактыўных адкідаў і звязаныя з імі рызыкі, перакананыя экспэрты.

На думку расейскага эколага, да такой высновы вядзе нават даклад аб стратэгічнай экалагічнай ацэнцы праекта Стратэгіі абыходжання з адпрацаваным ядзерным палівам БелАЭС:

- Аўтары ацэнкі знайшлі ў сабе мужнасць сумленна напісаць, што інфраструктуры для захоўвання адпрацаванага ядзернага паліва няма і пагаднення з Расеяй таксама. Яны проста не зрабілі палітычную выснову - кожны з варыянтаў захоўвання адкідаў накладае неапраўданыя рызыкі і вядзе да марнавання мільярдаў еўраў − адзначае Андрэй Ажароўскі.

Калі ўлады прыслухаюцца да меркавання экспэртнай і грамадзянскай супольнасці, яны могуць прыйсці да найлепшага ў такіх варунках развязання – адмовы ад запуску АЭС, і тады не спатрэбіцца прыдумляць, як стагоддзямі захоўваць небяспечныя радыеактыўныя адкіды, падкрэсліваюць экспэрты. Гэтую перспектыву падзей актывісты называюць «нулявым» варыянтам.

Андрэй Ажароўскі прапануе беларускім уладам скарыстацца тым, што «Расатам» не паспеў пабудаваць БелАЭС у прызначаны тэрмін, і згарнуць праект.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках