19 красавiка 2024, Пятніца, 9:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мэй назвала тры прынцыпы перагляду пагаднення Brexit

Мэй назвала тры прынцыпы перагляду пагаднення Brexit
АРХІЎНАЕ ФОТА

Брытанская прэм'ер-міністарка анансавала далейшыя крокі выхаду.

У панядзелак, 21 студзеня, прэм'ер-міністарка Вялікабрытаніі Тэрэза Мэй распавяла пра намер рэалізаваць Brexit, дапусціўшы магчымасць змены ўмоў пагаднення аб выхадзе каралеўства з Еўрапейскага звязу. Гэта пагадненне Мэй узгадніла з Брусэлем у лістападзе, але не змагла заручыцца падтрымкай дэпутатаў у палаце абшчын (ніжняя палата парламента), каб зацвердзіць дакумент. Паводле вынікаў галасавання, супраць выступілі 432 заканадаўцы, за - 202, паведамляе РБК.

Анансуючы далейшыя крокі ўрада, Мэй удакладніла, што не збіраецца ні падаўжаць акно перамоў з ЕЗ, якое мінае 29 сакавіка, ні праводзіць другі рэферэндум што да выхаду з Еўразвязу. Брытанцы вынеслі свой вердыкт у ліпені 2016 года, калі прагаласавалі за Brexit, і такая пастанова не павінна пераглядацца, сказала яна.

У сваім звароце да дэпутатаў парламента Вялікабрытаніі Мэй назвала тры прынцыпы, якімі яна мае намер кіравацца пры пераглядзе дамовы. Па-першае, яна заклікала праявіць больш увагі да прапаноў ад іншых партый. Па-другое, прэм'ер-міністарка абяцала задаволіць просьбу, з якой выступаюць сябры апазіцыйнай Лейбарысцкай партыі - даць гарантыі выканання правоў працоўным у Вялікабрытаніі грамадзян пасля Brexit, не дапусціць пагаршэння ўмоў іх працы пасля выхаду з ЕЗ і агульнаеўрапейскіх нормаў.

Па-трэцяе, Мэй указала на магчымасць пераадолець неспакою паплечнікаў па кіруючай Кансерватыўнай партыі і прадстаўнікоў Дэмакратычнай юніанісцкай партыі (ДЮП) Паўночнай Ірландыі што да так званага механізму backstop. Ён абавязвае Брытанію прытрымлівацца некаторых рэгламентаў Звязу пасля Brexit. Механізм будзе актываваны ў тым выпадку, калі Брытанія і ЕЗ не змогуць дасягнуць пагаднення, што дазваляе пазбегнуць з'яўлення фізічнай мяжы паміж Рэспублікай Ірландыя (сябра ЕЗ) і Паўночнай Ірландыяй (частка Злучанага Каралеўства).

Мэй акрэсліла два недахопы backstop. Першы з іх - адсутнасць часавых рамак тэрмінаў дзеяння механізму і немагчымасць Брытаніі выйсці з яго без згоды ЕЗ. Другая праблема - патрабаванні, якія актывацыя backstop накладвае на Паўночную Ірландыю. Гаворка ідзе, між іншым, пра неабходнасць Белфасту прытрымлівацца рэгламентаў ЕЗ. Прэм'ер-міністарка паабяцала выслухаць турботы заканадаўцаў ДЮП і кансерватараў і вярнуцца да стала перамоў з Еўразвязам.

У панядзелак міністр замежных спраў Польшчы Яцэк Чапутовіч прапанаваў абмежаваць тэрмін дзеяння механізму backstop двума гадамі. Аднак у Брусэлі да кампрамісаў у пытанні ірландскай мяжы не гатовыя. Пра гэта ў панядзелак заявіў галоўны перамоўшчык Brexit ад Еўракамісіі Мішэль Барні. З ягоных слоў, узгодненая ў лістападзе ўгода выхаду Брытаніі з ЕЗ - лепшае, што можа прапанаваць звяз. У той жа час Барні паведаміў пра гатоўнасць да дыскусій у так званай «палітычнай дэкларацыі» - з дакументам аб тым, на якіх умовах Лондан і Брусэль будуць супрацоўнічаць пасля Brexit.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках