4 траўня 2024, Субота, 12:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

ПАРЕ заклікала краіны Еўропы прыняць «законы Магніцкага»

1
ПАРЕ заклікала краіны Еўропы прыняць «законы Магніцкага»

У Страсбургу праходзіць сесія парламенцкай асамблеі Рады Еўропы.

Парламенцкая Асамблея Рады Еўропы заклікала краіны Еўропы прыняць заканадаўства, якое дазваляе накладваць санкцыі на асоб, якія маюць дачыненне да сур'ёзных парушэнняў правоў чалавека і карупцыі, паводле аналогіі з дзейнымі ў ЗША і некалькіх краінах ЕЗ «законамі Магніцкага», паведамляе «Радыё Свабода».

Рэзалюцыя была прынятая ў аўторак на сэсіі ПАРЕ, якая праходзіць у Страсбургу. «За» галасавалі 95 дэлегатаў, 3 выказаліся супраць, 6 устрымаліся.

У дакуменце ўтрымліваецца заклік да ўладаў Расеі расследаваць усе акалічнасці гібелі юрыста Сяргея Магніцкага ў маскоўскім СІЗА і прыцягнуць вінаватых да адказнасці. Пры гэтым адзначаецца, што ўлады Расеі дагэтуль гэтага не зрабілі, а, наадварот, прадаўжаюць пераследаваць Уільяма Браўдэра - ініцыятара прыняцця «закона Магніцкага» ў ЗША. Сам Браўдэр вітаў прыняцце рэзалюцыі ПАРЕ.

У дакуменце таксама вітаецца пастанова Вялікай Брытаніі, Эстоніі, Латвіі і Літвы прыняць заканадаўства паводле ўзору амерыканскага «закона Магніцкага». Пры гэтым падкрэсліваецца, што такія законы павінны распаўсюджвацца на парушальнікаў правоў чалавека не толькі ў нейкай асобнай краіне, але і ва ўсіх краінах свету.

ПАРЕ таксама адзначае, што кропкавыя («разумныя») санкцыі супраць канкрэтных асоб і звязаных з імі кампаній маюць перавагу над эканамічнымі, накіраванымі супраць цэлых краін, якія адпаведна абіваюцца на ўзроўні жыцця іх насельніцтва. Санкцыі, на думку ПАРЕ, павінны быць адраснымі і накіраванымі непасрэдна на парушальнікаў правоў чалавека і кіроўнай эліты.

Аўдытар і юрыст Сяргей Магніцкі, які супрацоўнічаў з фондам Hermitage Capital Уільяма Браўдэра, памёр у маскоўскім СІЗА ў лістападзе 2009 года. Магніцкі трапіў у СІЗА пасля таго, як заявіў, што раскрыў схему крадзяжу значных сродкаў з расейскага бюджэту. Паводле сцвярджэнняў адвакатаў і шэрагу сведчанняў, ягоная смерць стала вынікам жорсткага абыходжання і адмовы адміністрацыі СІЗА надаць падследнаму неабходную медыцынскую дапамогу. За смерць Магніцкага ніхто не панёс адказнасці. Браўудэр у Расеі быў завочна асуджаны, супраць яго завялі новую крымінальную справу, у рамках якой ён, у тым ліку, абвінавачваецца і ў арганізацыі забойства Магніцкага.

Расейская дэлегацыя не бярэ ўдзел у працы сесіі ПАРЕ. У 2014 годзе Расея была пазбаўленая права голасу ў асамблеі ў сувязі з анэксіяй Крыма. Расея спыніла выплаты ў бюджэт Рады Еўропы і пагражае выхадам з гэтай арганізацыі.

24 студзеня, як чакаецца, ПАРЕ на запыт Украіны абмяркуе сітуацыю ў Азоўскім моры і Керчанскай пратоцы ў сувязі з захопам у лістападзе мінулага года Расеяй украінскіх вайсковых караблёў і маракоў.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках