22 сакавiка 2019, Пятніца, 10:00
Выклік для кожнага
Рубрыкі

Леанід Кулакоў: Лукашэнка сеў у вялікую лужыну

46

Гэтую ўладу ненавідзяць усе.

Актывіст грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», абаронца Курапатаў, лаўрэат Нацыянальнай прэміі ў галіне абароны правоў чалавека за 2018 год Леанід Кулакоў разам з сайтам Charter97.org падвёў вынікі мінулага года.

- Леанід, віншуем Вас з атрыманнем Нацыянальнай прэміі ў галіне абароны правоў чалавека за 2018 год.

- Шчыра дзякую. Прэмія стала для мяне вялікай нечаканасцю. Раніцай 31 снежня, як высветлілася праз 5 хвілін пасля публікацыі артыкула аб прэміі на «Хартыі-97», мне патэлефанаваў каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Максім Вінярскі і пачаў радасна віншаваць.

Я яшчэ тады здзівіўся, з чым гэта ён мяне віншуе. З Новым годам жа яшчэ рана... Увогуле, я быў проста ў шоку. Не чакаў, што мяне ўзнагародзяць такой ганаровай прэміяй.

Я ж, напраўду, як вы напісалі ў артыкуле « кінуў выклік сістэме» не дзеля прэмій, а для сябе і краіны, таму не бачу ў гэтым ніякага геройства. Бо хто, калі не мы?

Тым не менш, прыемна, што мяне і маю дзейнасць адзначылі. Я паспрабую быць годным узнагароды.

- Мінулы год, безумоўна, запомніцца акцыямі пратэсту ва ўрочышчы Курапаты, вы - сталы ўдзельнік акцый у абарону нацыянальнага мемарыялу. Чаму падзеі ва ўрочышчы знайшлі такі водгук у вас у сэрцы?

- Мой адказ будзе простым - не хачу, каб паўтарыліся падзеі 30-40-ых гадоў. Не дай Божа нам перажыць той жах. Я мяркую, што Курапаты - гэта маленькая Беларусь, і калі мы не абаронім гэты кавалак зямлі, то не зможам абараніць вялікую тэрыторыю.

- Працягваецца падвядзенне вынікаў мінулага 2018 года. Якім ён быў для Беларусі? Якія найважнейшыя падзеі вы б адзначылі?

- Падводзячы вынікі 2018 года, я б назваў абарону Курапатаў адной з найважнейшых падзей. Бо яна аб'яднала вялікую колькасць людзей з рознымі поглядамі. Таксама летась мы святкавалі 100-годдзе Беларускай Народнай Рэспублікі. Я вельмі рады, што мне пашчасціла нарадзіцца ў выдатны час, калі наша дзяржава святкуе юбілей.

На жаль, да 25 сакавіка я быў арыштаваны і цяпер на мне вісяць арышты, за якія мяне ў кожную часіну могуць зноў арыштаваць, але я магу смела глядзець людзям у вочы і казаць, што судзімы, і мне ні кропелькі не сорамна.

І вядома ж, як не адзначыць скандальны дэкрэт Лукашэнкі аб «дармаедах», які выклікаў «фурор».

- Сапраўды, многія разглядаюць вяртанне Дэкрэта аб «дармаедах» за адную з самых галоўных падзей мінулага года. Як людзі рэагуюць на гэты дэкрэт? Ці можа ён выклікаць новыя акцыя пратэсту, бо пад яго дзеянні трапляе паўмільёна беларусаў?

- Ваша пытанне па адрасе. Вядома, выклічуць. Такіх, як я, запісаных у «дармаеды», у нашай краіне сапраўды сотні тысяч. Мне 59 гадоў, я думаю, што даўно зарабіў на спакойную старасць. Усё жыццё працаваў, плаціў падаткі і гэтак далей, а апынуўся амаль у 60 гадоў у «дармаедах». Гэта крыўдна.

Ведаеце, мне хочацца пайсці на гэтую «дармаедскую камісію» і сказаць: дайце працу, але я іншадумца. Я ненавіджу дзейную ўладу, я сябра незалежнага прафзвязу і як хадзіў на плошчу, так і буду хадзіць, але я гатовы добрасумленна працаваць. Што яны мне адкажуць?

Не сакрэт, што ўлады вельмі баяцца людзей-іншадумцаў, а нас жа вельмі і вельмі шмат.

Пратэсты будуць. Гэтую ўладу ненавідзяць усе.

У 2017 годзе мяне дэкрэт №3, супраць якога ва ўсёй Беларусі прайшла хваля пратэстаў, не закрануў, але я ўсё адно выходзіў на Маршы абураных беларусаў, бо ведаў - гэтым разам мяне не закранула, але можа закрануць заўтра. Так і выйшла.

Беларусы будуць пратэставаць, бо практычна ва ўсіх сем'ях ёсць людзі, якія праз катастрафічную сітуацыю ў краіне не могуць уладкавацца на працу. І за іх трэба будзе аплачваць падвышаную «камуналку». То бок, гэта закране не толькі беспрацоўных, але і працоўных. Заробкі ў краіне мізэрныя, людзям давядзецца аддаваць апошняе. Ну і як у такой сітуацыі можна дзейнічаць? Улады самі падштурхоўваюць нас да масавага бунту.

- Якім 2018 год быў для простых беларусаў у плане дабрабыту, ці адбіўся ён на партманэтах?

- Скажу так, 2018 быў складаным, але сітуацыя, на жаль, выглядае так, што далей будзе ўсё горш і горш. З кім я ні камунікую - суседзі, знаёмыя, ды нават проста з людзьмі ў чарзе ў краме - увесь народ плюецца і хоча пазбавіцца ад дзейнай улады. Яны шчыра кажуць, не падбіраючы выразаў - паганая ўлада.

Ведаеце, у мяне такое пачуццё, што людзі неўзабаве самі выйдуць на плошчу, без лідара. Нам ужо невыносна гэтак жыць: у беднасці, бяспраўі і з самадурствам урада.

Столькі гадоў змагацца з карупцыяй, якая як гідра - адсек адную галаву, вырасце яшчэ некалькі новых. Сэнс ад гэтай «барацьбы» з якой Лукашэнка прыйшоў да ўлады?! Ён наадварот памножыў карупцыю.

Самі чыноўнікі балююць. Яны абкрадаюць народ, каб яшчэ лепш жыць, будаваць сабе палацы, а простым беларусам - дэкрэт.

- Якім будзе ваш прагноз на 2019 год? Чаго Вы зычыце беларусам у новым годзе?

- Ведаеце, у мяне было такое адчуванне, што ў навагоднюю ноч Лукашэнка паўторыць легендарную фразу і скажа: «Я стаміўся, я сыходжу». Ох, з якой надзеяй я гэтага чакаў, але на жаль.

Чаго толькі варта яго пустое віншаванне. Ён перастаў даваць абяцанні, раней ён любіў гэта рабіць, а цяпер маўчыць. Яму проста няма чаго сказаць. Лукашэнка сеў у вялікую лужыну. Яму ўжо нічога не дапаможа.

Паўтаруся, упэўнены, што без плошчы не абыдземся. Магчыма, акцый пратэсту будзе некалькі. Нават «шуняўкі» нічога не змогуць зрабіць. На ўсіх турмаў не выстарчыць.

А беларусам зычу змагання за свае правы, свабоду, шчасце для сябе і сваіх дзяцей. За нас гэтага ніхто не зробіць. За нас ніхто будучыню нашых дзяцей не абароніць. Мы павінны быць на плошчы. Толькі так і ніяк інакш.