18 траўня 2024, Субота, 12:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Які сапраўдны кошт «таннага» расейскага газу?

6
Які сапраўдны кошт «таннага» расейскага газу?
Яўгенія Чырыкава

«Газпром» прадаўжае захопліваць землі карэнных народаў Ямала, спрабуючы здабыць больш газу.

«Мала хто на Захадзе задумваецца пра этыку і рэальны кошт пакупкі выкапнёвага паліва ў Расеі Пуціна. Праект «Паўночны струмень-2», трубаправод, які злучае Расею з Нямеччынай, паказвае, хто насамрэч плаціць цану за танны расейскі газ», - піша на старонках французскай газеты La Tribune (пераклад - inopressa.ru) Яўгенія Чырыкава, расейская экалагічная актывістка, якая атрымала ў 2012 годзе экалагічную прэмію Голдмана за сваю барацьбу за захаванне Хімкінскага лесу, які размяшчаўся на шляху будаўніцтва аўтамагістралі Масква-Санкт-Пецярбург.

«(...) Адкрыццё нафтавых і газавых радовішчаў на паўвостраве Ямал, якое абяцала росквіт рэгіёну, не палепшыла, а хутчэй пагоршыла сітуацыю. «Газпром» прадаўжае захопліваць землі карэнных народаў Ямала, спрабуючы здабыць больш газу. У выніку мясцовае насельніцтва застаецца без пашы для выпасу аленяў. Для карэнных народаў Ямала мала што змянілася з XVI стагоддзя: імперыя брала ў іх футры, каб прадаваць іх на Захадзе. Цяпер імперыя забірае ў іх нафту і газ, каб прадаваць іх Захаду. Ільвіная доля падатковых паступленняў ад продажу прыродных выкапняў не застаецца на Ямале, а адпраўляецца ў Маскву», - гаворыцца ў артыкуле.

«Адной з сур'ёзных кліматычных праблем Ямала з'яўляецца спальванне газу ў паходні. Гэта варварства і марнатраўства. Праз недасканаласць гэтага метаду газ проста спальваецца і выкідваецца ў атмасферу, што павялічвае выкіды парніковых газаў. Паводле звестак Сусветнага банка, Расея з'яўляецца сусветным лідарам у вытворчасці выкідаў ад газавых паходняў. У 2018 годзе на долю Расеі прыпадала амаль 21,3% сусветнага аб'ёму спальвання газу ў паходнях», - паказвае Чырыкава.

«(...) Расейскія ўлады не змагаюцца з экалагічнымі злачынствамі «Газпрома». Штрафы і папярэджанні, накладзеныя на «Газпром» пракуратурай Ямала, не ўплываюць на паводзіны гэтай кампаніі. Паводле інфармацыі даследнікаў незалежнай некамерцыйнай арганізацыі «Праект вугляроднай справаздачнасці» (Carbon Disclosure Project - CDP), «Газпром» з'яўляецца другім па велічыні вытворцам парніковых газаў на планеце», - адзначае экалагічная актывістка.

«Падчас будаўніцтва «Паўночнага струменю-2» былі парушаныя правы карэнных фіна-вугорскіх народаў. Трубаправод знішчае фіна-вугорскія карэнныя землі і Кургальскі заказнік, дзе захаваліся рэдкія расліны, імхі і рэдкія віды птушак», - піша аўтарка артыкула.

«Кампанія Nord Stream 2 AG, створаная для кіравання праектам, утаіла сапраўдную каштоўнасць Кургальскага заказніка. Ні падчас публічных слуханняў аб праекце ў Расеі і іншых краінах, ні ў дакладзе Эспа-Канвенцыі не згадвалася пра рэальныя наступствы будаўніцтва трубаправода ў гэтым заказніку. Грынпіс Аўстрыі атрымаў сакрэтныя справаздачы аб нарадах расейскага ўрада, Nord Stream 2 AG і «Газпрома», падчас якіх абмяркоўваліся змены ў прыродаахоўным заканадаўстве. Землямерныя працы ў Кургальскім заказніку пачаліся незаконна, без якога-небудзь дазволу. У выніку такога ўварвання ва ўнікальную экасістэму былі знішчаныя сотні рэдкіх раслін», - тлумачыць Чырыкава.

«(...) Паўночны струмень-2» парушае правы расейцаў. Справа ў тым, што пасля продажу расейскага газу Захаду выяўляецца, што яго недастаткова для задавальнення патрэбаў расейцаў. Праграмы газіфікацыі былі скарочаныя: 30% расейцаў жывуць у дамах без газу», - гаворыцца ў публікацыі.

«Унутраную праблему энэргазабеспячэння расейскія ўлады развязваюць самым шкодным для навакольнага асяроддзя спосабам: замест газу яны выкарыстоўваюць вугаль. Эксплуатацыя вугальных электрастанцый, не абсталяваных сучаснымі фільтрамі ачысткі, выклікае рэальныя экалагічныя катастрофы. Напрыклад, у Краснаярску людзі часта становяцца сведкамі эфекту «чорнага неба», выкліканага дробнадысперсным вугальным пылам», - сцвярджае Чырыкава.

«Дзякуючы праекту «Паўночны струмень-2» еўрапейцы атрымаюць газ, які менш забруджвае навакольнае асяроддзе. У той час як расейцы будуць задыхацца ад вугальнага пылу, карэнныя народы Ямала будуць і надалей пакутаваць ад спальвання газу «Газпромам» і будуць пазбаўленыя лепшай пашы, а ўнікальны Кургальскі заказнік панясе істотныя страты. Дзякуючы прыбытку ад продажу выкапнёвага паліва пуцінскі рэжым здольны дасягаць сваіх архаічных палітычных амбіцый, ажыццяўляць палітычныя рэпрэсіі, захопліваць тэрыторыі суседніх дзяржаў, падкупляць заходніх палітыкаў і весці прапаганду. Само сабой зразумела, што без попыту на расейскі газ план Пуціна проста не спрацуе», - аналізуе аўтарка артыкула.

«Ці згодныя еўрапейцы на такую рэальнасць і на такую цану «таннага» расейскага газу?» - задаецца пытаннем Яўгенія Чырыкава.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках