18 траўня 2024, Субота, 11:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У заказніку «Лябяжы» заўважылі будаўнічую тэхніку і новую бетонную дарогу

3
У заказніку «Лябяжы» заўважылі будаўнічую тэхніку і новую бетонную дарогу

Журналісты даведаліся, што гэта.

Падобна на тое, у заказніку «Лябяжы» зноў нешта ўзводзяць, ужо з процілеглага боку ад будоўлі кампаніі «Тапас» - такія асцярогі ў чацвер выказвалі жыхары дамоў, размешчаных непадалёк ад ахоўнай прыроднай тэрыторыі, піша tut.by.

Павышаная ўвага грамадскасці да заказніка тлумачыцца тым, што на другім беразе сажалкі група кампаній «Тапас» будуе жылы комплекс «Алімпік Парк», а таксама рэстарацыю. Тую будоўлю ўзаконілі ўказам Лукашэнкі постфактум.

Вось так выглядае бетонная дарога, якая з'явілася ў заказніку цяпер.

Журналіст высветліў, што заказчык цяперашніх работ на ахоўнай тэрыторыі - «Мінскзеленбуд». Мясцовую сажалку збіраюцца пачысціць.

Начальнік службы аховы і абароны лесу УП «Менская лесапаркавая гаспадарка» Аляксей Апёнак патлумачыў, што «Лебядзіны» - штучны вадаём, які з'явіўся падчас будаўніцтва праспекта Пераможцаў (раней - Машэрава) на месцы былых торфараспрацовак.

- Водапрыток у сажалку паменшаны, водаабмен абцяжараны, праз гэта вадаём зарастае расліннасцю, - распавёў Аляксей Апёнак. - Наспела неабходнасць правесці мерапрыемствы паляпшэння гідралагічнага рэжыму тэрыторыі. З моманту ўтварэння заказніка дагэтуль сажалку не ачышчалі ад воднай расліннасці і смецця. Калі нічога не зрабіць цяпер, зарастанне вадаёма дасягне катастрафічных аб'ёмаў.

Рашэнне аб ачыстцы акваторыі прынялі на падставе навуковых даследаванняў спецыялістаў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

- Да акваторыі сажалкі зладзілі часовую дарогу - яна патрэбна для пад'езда і ўстаноўкі спецыялізаваных агрэгатаў. Для дарогі выбралі аптымальны маршрут, выдалялі кусты, дрэвы не высякалі. Пасля заканчэння мерапрыемстваў дарогу дэмантуюць, а тэрыторыю прывядуць у першапачатковы стан. Усе працы праводзяцца пад наглядам спецыялістаў, - дадалі ў Менскай лесапаркавай гаспадарцы.

Чысціць сажалку пачнуць на наступным тыдні.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках