11 траўня 2024, Субота, 4:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Чаму Лукашэнка «сеў у лужыну» са словамі аб медыках

122
Чаму Лукашэнка «сеў у лужыну» са словамі аб медыках

Абяцанне ўтрымаць спецыялістаў у краіне нагадала аналагічную гісторыю пра будаўнікоў.

Чатыры гады таму падчас наведвання РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя Аляксандрава Лукашэнка казаў пра вялізныя сродкі, накіраваныя ў ахову здароўя. А таксама аб неабходнасці іх эфектыўнай аддачы, піша «Салідарнасць».

Нагадваў тады дыктатар і аб медыцынскіх спецыялістах:

- Для мяне важна было паглядзець на тых, хто тут працуе. Не важна, хто гэта - спецыялісты сталых гадоў ці моладзь, галоўнае, каб мазгі мелі і маглі працаваць. Я тут убачыў моладзь, у якой блішчаць вочы, і якая ўжо ўмее працаваць. Гэта наша будучыня, і гэта значыць, што грошы ўкладзеныя нездарма.

Праз некалькі гадоў становіцца зразумела, наколькі эфектыўна і нездарма былі выдаткаваныя мільёны з бюджэту. Падчас чарговага наведвання цэнтра Лукашэнка абурыўся чэргамі на анкалагічныя аперацыі: «Па два-тры месяцы людзі стаяць».

Пры гэтым ён заявіў, што «не напружваецца» праз ад'езд медыкаў з краіны. І адначасна папракнуў Польшчу, якая рыхтуецца прыняць у сябе беларускіх дактароў:

- Але калі так развіваецца краіна, чаго тады вочы паклалі на спецыялістаў з Беларусі з гэтай «дыктатурай»? Вы добра развіваецеся - калі ласка, карміце сваіх лекараў, няхай яны лечаць вашых людзей. Не, хочуць, каб беларускія.

Сарказм сарказмам, але якое развязанне праблемы прапануюць уладзе? Паводле слоў Лукашэнкі, у Беларусі будуць ужываць захады, каб утрымаць спецыялістаў за кошт «стварэння неабходных умоў для жыцця і працы, падвышэння заробку».

Прыгожыя і правільныя словы. Але як тут не ўзгадаць нядаўнюю гісторыю пра будаўнікоў, якіх улады паспрабавалі ўтрымаць у краіне тым жа самым спосабам. Для таго, каб даведацца, што з гэтага выйшла, дастаткова зайсці раніцай у амбасаду Літвы ці Польшчы. І ўбачыць там сотні муляраў, абліцоўшчыкаў і плітачнікаў, якія стаяць у чарзе па рабочую візу. Ці з'ездзіць у Капыль, Шаркаўшчыну або Глыбокае. І запытаць, куды едуць на заробкі мужчыны працаздольнага ўзросту.

У адным дыктатар безумоўна мае рацыю:

- Сілай утрымліваць ні лекараў, ні настаўнікаў, ні інжынераў ніхто не будзе. Усё адно сілай чалавека не ўтрымаеш. Свет глабалізуецца, міграцыя вялізная. Трэба цывілізавана працаваць з людзьмі.

Менавіта таму Польшча і прыцягвае лекараў з Беларусі, бо самі палякі едуць працаваць туды, дзе больш плацяць. Але ў адрозненне ад беларускіх уладаў польскі ўрад не спрабуе ў першую чаргу дасягнуць заробкаў нямецкіх ці ангельскіх клінік. Палякі ўжо сёння развязваюць праблему росту дэфіцыту спецыялістаў у тым ліку і за кошт беларусаў.

І вялікае пытанне - хто прыедзе лячыць нас, калі нашы лекары з'едуць за мяжу «трохі павучыцца»?

Напісаць каментар 122

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках