14 лiстапада 2019, Чацвер, 13:14
Добрая навіна
Рубрыкі

39 мігрантаў у рэфрыжэратары: тыповыя гісторыі в'етнамскіх гастарбайтэраў

39 мігрантаў у рэфрыжэратары: тыповыя гісторыі в'етнамскіх гастарбайтэраў
ФОТА: GETTY IMAGES

Многія з іх выбіраюць Вялікую Брытанію.

У сціплым доме в'етнамца Ле Ван Ха адчай. Ягоныя родныя спрабуюць звыкнуцца з думкай, што, хутчэй за ўсё, ён быў у тым злашчасным кантэйнеры ў графстве Эсэкс, у якім на мінулым тыдні былі знойдзеныя целы 39 чалавек, піша ВВС.

Ягоная бабуля глядзіць у пустэчу, закрыўшы твар рукамі. Жонка сядзіць моўчкі, адмаўляючыся ад ежы. Ягоны бацька Ле Мінь Туан плача, моцна абдымаючы свайго маленькага ўнука.

Гісторыю Ле Ван Ха аж да трагічнага заканчэння ягонага падарожжа можна назваць тыповай для маладзёна з гэтай беднай і пераважна сельскагаспадарчай часткі В'етнама.

Ён пайшоў шляхам, пракладзеным тысячамі іншых, адправіўшыся ў іншую краіну ў пошуках лепшага заробку. Ён з'ехаў у Еўропу тры месяцы таму, незадоўга да нараджэння свайго другога сына.

Сям'і давялося ўзяць крэдыт, каб скончыць будаўніцтва дома і аплаціць яму дарогу.

Кантрабандысты патрабуюць за свае паслугі 25 тысяч даляраў. Для Ле Мінь Туана гэта велізарная сума, і яму давялося закласці два зямельныя надзелы.

У Ле Ван Ха не было іншага выйсця, акрамя як знайсці добрую працу і выплаціць крэдыт. Але ўсе мары рассыпаліся ў пыл.

ЛЕ МІНЬ ТУАНУ ДАВЯЛОСЯ ЗАКЛАСЦІ ДВА ЗЯМЕЛЬНЫЯ НАДЗЕЛЫ, КАБ АПЛАЦІЛІ ПАЕЗДКУ СЫНА
ФОТА: GETTY IMAGES

«Цяпер на нас вісіць вялізная запазычанасць, - кажа Ле Мінь Туан. - Не ведаю нават, калі мы зможам яе выплаціць. Я ўжо стары, у мяне слабае здароўе, а мне цяпер давядзецца дапамагаць гадаваць яго дзяцей».

Ле Мінь Туан перакананы, што ягоны сын мёртвы. Незадоўга да весткі пра гібель людзей у грузавіку сын паведаміў яму ў «Фэйсбуку», што выязджае ў Англію.

Большасць з тых, хто знаходзіўся ў кантэйнеры, як мяркуецца, былі выхадцамі з павета Ентхань у правінцыі Нгеан.

Суседзі прыходзяць да сваякоў зніклых, каб падтрымаць іх у няпросты час. Яны разам моляцца перад сямейнымі алтарамі з фотаздымкамі.

На адным з фота ўсмешлівы твар 19-гадовай Буй Тхі Нюнг. Яе партрэт прымацавалі над сямейным алтаром. Сям'я дзяўчыны ўсё яшчэ спадзяецца, што яе не было ў грузавіку.

СВАЯКІ 19-ГАДОВЫ БУЙ ТХІ НЮНГ СПАДЗЯЮЦЦА, ШТО ЯЕ НЕ БЫЛО Ў ЗЛАШЧАСНЫМ ГРУЗАВІКУ
ФОТА: REUTERS

Яе сястра Буй Тхі Лаан распавяла, што 21 кастрычніка яны абмяняліся паведамленнямі ў «Фэйсбуку». Буй Тхі Нюнг згадала, што знаходзіцца на нейкім складзе.

«Пакуль не было пацверджанай інфармацыі, - сказала яна. - Пакуль што ўсё абмяркоўваецца ў інтэрнэце і сацсетках, так што мы яшчэ не страцілі надзею. Нам вядома, што ў той час у Англію адправіліся тры грузавікі, і мы спадзяемся на цуд, на тое, што яна была ў іншым грузавіку».

З яе слоў, Буй Тхі Нюнг была самай кемлівай з чатырох сясцёр, у яе было шмат сяброў, якія дапамаглі ёй сабраць грошы на паездку. Яе сям'і не давялося залазіць у пазыкі ці нешта прадаваць.

Цяпер яны спадзяюцца, што ім паведамяць, што яна жывая, ці ў найгоршым выпадку дапамогуць даставіць яе цела ва В'етнам.

Новыя дамы, якія з'явіліся ў гэтым раёне, сведчаць аб тым, што людзі могуць зарабляць грошы ў іншых краінах.

Многія выбіраюць Вялікую Брытанію. Некаторыя спрабуюць знайсці працу ў такіх краінах, як Расея ці Румынія, але, з іх слоў, спадзявацца там на добры заробак вельмі складана.

НОВЫЯ ДАМЫ СВЕДЧАЦЬ АБ ТЫМ, ШТО ЛЮДЗІ МОГУЦЬ ЗАРАБЛЯЦЬ ГРОШЫ Ў ІНШЫХ КРАІНАХ
ФОТА: GETTY IMAGES

Яны распавядаюць, што ў Францыі нелегальных мігрантаў бесперапынна пераследуе паліцыя. А ў Брытаніі існуюць моцныя в'етнамскія абшчыны, і яны дапамагаюць знайсці працу ў салонах прыгажосці, рэстарацыях або на фермах.

Людзі звяртаюцца да пасярэднікаў, звязаных са злачынным светам кантрабандыстаў, якія бяруць значныя сумы за нелегальную перавозку людзей у іншыя краіны.

Сума аплаты бывае рознай - ад 13 да 40 тысяч даляраў. За больш высокую плату мігрант нібыта атрымлівае VIP-абслугоўванне.

Многія з іх выязджаюць з В'етнама праз Кітай. Але, калі яны дабіраюцца да праліва Ла-Манш, самым надзейным спосабам дабрацца да Брытаніі застаецца паездка ў кантэйнеры або кузаве грузавіка, па-за залежнасцю ад таго, колькі заплаціў чалавек кантрабандыстам.

Пасля трагедыі ў Эсэксе в'етнамскі прэм'ер-міністр загадаў правесці расследаванне дзейнасці груповак кантрабандыстаў.

Але нелегальная перавозка людзей, у тым ліку жанчын і дзяцей, ужо даўно стала сур'ёзнай праблемай для краіны.

Сёлета Дзярждэпартамент ЗША ў сваёй справаздачы аб сітуацыі з гандлем людзьмі ў свеце перавёў В'етнам у больш праблемную катэгорыю.

Нягледзячы на ўсе захады ўладаў, незаконная перавозка людзей прыносіць велізарныя даходы кантрабандыстам, бізнэс якіх прадаўжае квітнець ва В'етнаме.