8 траўня 2024, Серада, 3:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Навукоўцы высветлілі, як і чым кармілі дзяцей у дагістарычную эпоху

5
Навукоўцы высветлілі, як і чым кармілі дзяцей у дагістарычную эпоху
Фотa: ARCHOLOGIEDERSCHWEIZ

Археолагі выявілі старажытны посуд.

Немаўлят, якія жылі больш за 3 тысячы гадоў таму, кармілі малаком жывёлін, высветлілі навукоўцы. Археолагі выявілі сляды жывёльных тлушчаў у старажытным гліняным посудзе, атрымаўшы ўнікальную магчымасць высветліць, чым харчаваліся немаўляты ў перыяды бронзавага і жалезнага веку, паведамляе расейская служба ВВС.

Гістарычныя знаходкі паказваюць на тое, што грудным дзецям давалі малако жывёл у дадатак да матчынага малака, і гэта магло стаць прычынай усплёску нараджальнасці.

Дакладна невядома, малако якой жывёліны выкарыстоўвалася, але, хутчэй за ўсё, яно было ці ад казы, ці ад каровы.

Упершыню ўдалося даведацца, з чаго складаўся рацыён немаўлят дагістарычнай эпохі, распавяла супрацоўніца Брыстальскага ўніверсітэта Джулі Дзюн.

«Так выдатна, што ёсць такое акно ў мінулае. Можна ўявіць, як маці і сем'і гадавалі дзяцей некалькі тысяч гадоў таму», - сказала яна.

«Той факт, што немаўлят пачалі карміць малаком, азначае, што жанчыны ў дагістарычную эпоху ўпершыню атрымалі магчымасць нараджаць больш дзяцей. Гэта прывяло да імклівага росту насельніцтва, што ў выніку стала падставай для з'яўлення сучаснага грамадства», - дадала яна.

ФОТА: UNIVERSITY OF BRISTOL

Навукоўцы даследавалі змесціва трох маленькіх «бутэлек», выяўленых у магілах немаўлят, якія жылі ў перыяды бронзавага і жалезнага веку на тэрыторыі сучаснай Баварыі.

Прыкладна 7 тысяч гадоў назад стыль жыцця людзей у Еўропе істотна змяніўся. Скончыўся час паляўнічых і збіральнікаў, і людзі пачалі займацца земляробствам і жывёлагадоўляй.

Чалавек пачаў спажываць малочныя прадукты прыкладна 6 тысяч гадоў таму, але мала што было вядома пра рацыён немаўлят таго часу.

Паводле існых археалагічных сведчанняў навукоўцы прыйшлі да высновы, што пасля шасці месяцаў немаўлят, хутчэй за ўсё, кармілі нейкім дзіцячым харчаваннем акрамя груднога малака, але падрабязнасці іх дыеты былі невядомыя.

ФОТА: NATURE

Па рэканструяванаму сасуду можна зразумець, як пілі малако дзеці дагістарычнай эпохі

У пошуках адказу археолагі звярнуліся да керамічных вырабаў, напрыклад, да глінянага посуду, які выкарыстоўваўся больш за 5 тысяч гадоў таму.

Яны даследавалі змесціва трох маленькіх «бутэлек», выяўленых у магілах немаўлят, якія жылі ў перыяды бронзавага і жалезнага веку (з 1200 да 450 г. да н.э.).

Малекулярны аналіз выявіў тлушчы жывёльнага паходжання, у тым ліку са свежага малака.

Такое кармленне было спалучанае з рызыкай, бо мыць збаны было нялёгка, і дзіця магло падхапіць інфекцыю.

Але пераход з груднога кармлення, магчыма, паспрыяў павелічэнню нараджальнасці, стаўшы адным з фактараў імклівага росту насельніцтва ў той перыяд.

Археолаг Саян Халкроў з універсітэта Атага ў Новай Зеландыі ў каментары пра знаходку сказала, што неабходна правесці дадатковыя даследаванні, каб высветліць наступствы дадавання малака ў дзіцячы рацыён.

«Такія веды разам са звесткамі пра захворванні вывучанага чалавека могуць дапамагчы лепш зразумець значнасць малака жывёл для жыцця дзяцей дагістарычнай эпохі», - сказала яна.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках