5 траўня 2024, Нядзеля, 2:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Назіральнікі паказалі, як ловяць фальсіфікатараў галасавання ў Беларусі

24
Назіральнікі паказалі, як ловяць фальсіфікатараў галасавання ў Беларусі

У СМІ трапілі некалькі скандальных выпадкаў.

Як камісіі ў Беларусі прыпісваюць колькасць тых, хто прагаласаваў, і відэадоказы таго, як укідваюцца бюлетэні, прапануе ў сюжэце Юліі Цяльпук тэлеканал «Белсат».

Нарад міліцыі выклікаў Юрась Губарэвіч, старшыня Руху «За Свабоду» на сталічны выбарчы ўчастак № 571.

«Паводле звестак назіральнікаў, на ўчастку № 571 у Менску за ўвесь дзень прыйшлі і прагаласавалі толькі 11 чалавек. Паводле звестак з вывешаных пратаколаў камісіі лік прагаласавалых, – 109. Гэта ў 10 разоў больш, чым на самай справе. Тое, што цяпер адбываецца на выбарчым участку, – гэта прамое крымінальнае злачынства», – заявіў Юрый Губарэвіч.

Арт. 427 КК – службовая падробка, і арт. 192 КК – парушэнне заканадаўства аб выбарах – прад'яўляюць дзясяткам выбарчых камісій незалежныя назіральнікі. Пасля 571-га ўчастка Юрась Губарэвіч наведаў 107-ы, на якім вылучаўся, але ў кандыдаты не трапіў.

«Яўка ў разы завышаная і тут. А потым – будзе ўкід бюлетэняў, бо трэба, каб адпаведная колькасць бюлетэняў ляжала ў выбарчай скрыні. Сёння, калі я зазірнуў праз шчыліну ў скрыню – убачыў там дзясятак бюлетэняў максімум. Яшчэ не паспелі гэтую сотню ўкінуць, але не сумнявайцеся – зробяць гэта», – кажа Губарэвіч.

Ашаламляльным называе аб'ём фальсіфікацый Вольга Беляўцова, назіральніца на сталічным участку № 17, які даў рэкордную яўку – 14% у першы ж дзень.

«Два чальцы выбарчай камісіі, якія працуюць на выбарчым участку, могуць прыняць 170 выбарнікаў. Гэта значыць 387 немагчыма прыняць фізічна», – кажа Вольга Беляўцова.

Назіральніца ледзь дамаглася прыезду міліцыі, каб зарэгістраваць сваю заяву, але разбірацца міліцыя не стала.

«У нас няма паўнамоцтваў умешвацца ў выбарчы працэс», – заявілі міліцыянты.

Ведаючы, што ніхто не ўмяшаецца, здымаць пастанавілі студэнты на сённяшнім сходзе аднаго з факультэтаў Інстытута сацыяльна-гуманітарнай адукацыі БДЭУ. Відэа даслалі на Радыё Свабода.

«Не дай бог мяне потым выклічуць і пачнуць скланяць, што мая група не прагаласавала. Там усё адсочваецца жорстка: які пакой прыйшоў, які інтэрнат. Таму зрабіце ласку. Гэта не я прыдумала, паверце», – кажа студэнтам куратарка.

За пагрозы звальнення ці адлічэння і прымус да галасавання таксама прадугледжаная Крымінальная адказнасць: арт. 185 КК – прымус, арт. 191 КК – перашкода свабодзе выбіраць. Галасаваць датэрмінова кожныя выбары вымушаюць студэнтаў і працаўнікоў дзяржпрадпрыемстваў. Сёлета кіраўнік дзяржавы паўтараў прынамсі тройчы: «Гэта проста рэпетыцыя прэзідэнцкіх выбараў». Рэпетуюць таксама, пакуль выбарнікі спяць.

«Чалавек можа прагаласаваць з аўторка да суботы, і тут узнікае адна вялікая праблема – неналежнае захоўванне скрыняў для галасавання. І атрымліваецца наступнае. Ноччу за ёй глядзіць толькі міліцыянт, і доступ да яе можа мець хто заўгодна», – мяркуе Аляксандр Сілкоў з кампаніі «Права выбару».

А сітуацыя на менскім участку № 568 паказала, што рабіць сваё змогуць і днём.

«Паводле нашых падлікаў прагаласавалі 13 чалавек. Пасля закрыцця ўчасткаў учора а 19-й гадзіне вывесілі пратакол, паводле якога прагаласавалі 94 чалавекі», – апавядае Андрэй Рогаў, назіральнік, сябра партыі БНФ.

Пасля гэтага інтэрв'ю камісія пазбавіла Андрэя Рогава пасведчанні назіральніка. У пратаколе адзначылі: «Перашкаджаў дзейнасці камісіі».

Напісаць каментар 24

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках