2 красавiка 2020, Чацвер, 19:37
Народны карантын
Рубрыкі

Польскія еўрадэпутаты выказалі поўную падтрымку сайту Charter97.org

13
Польскія еўрадэпутаты выказалі поўную падтрымку сайту Charter97.org

Наталля Радзіна сустрэлася з еўрапейскімі дэпутатамі ад Польшчы.

Галоўная рэдактарка сайта Charter97.org Наталля Радзіна наведала на гэтым тыдні Еўрапарламент, дзе сустрэлася з былымі міністрамі замежных справаў Польшчы Ганнай Фатыгай (партыя "Права і справядлівасць") і Радаславам Сікорскім (партыя "Грамадзянская платформа"), кіраўніком дэлегацыі Еўрапарламента ў сувязях з Беларуссю Робертам Бедранем (партыя "Вясна", кааліцыя "Левыя"), былымі віцэ-прэзідэнтамі Еўрапарламента Здзіславам Краснадэмбскім і Яцэкам Сарыюшам-Вольскім (абодва – партыя "Права і справядлівасць").

Каментуючы візіт у Еўрапарламент, Наталля Радзіна адзначыла:

«У першую чаргу на сустрэчах з еўрадэпутатамі мы абмяркоўвалі татальна сфальсіфікаваныя беларускімі ўладамі "парламенцкія выбары". Нават выдатна дасведчаныя ў тым, што ніякіх рэальных выбараў у Беларусі няма ўжо 25 гадоў, парламентарыі былі шакаваныя нахабствам Лукашэнкі і Ярмошынай, якія практычна ў адкрытую падтасавалі вынікі галасавання і намалявалі няісную яўку.

Выбарчая кампанія паказала дзве важныя рэчы. Першае: дэмакратычныя кандыдаты ў дэпутаты ва ўсёй краіне змаглі абысці тысячы кватэраў выбарнікаў і сустрэцца з дзясяткамі тысячаў беларусаў падчас перадвыбарных пікетаў. Яны зрабілі сапраўдны замер грамадскай думкі і высветлілі, што ў Лукашэнкі зусім не засталося прыхільнікаў у Беларусі, людзі ненавідзяць дыктатара.

НАТАЛЛЯ РАДЗІНА І ГАННА ФАТЫГА

Другое: не дапусціўшы ніводнага апазіцыянера ў "парламент", істотна абмежаваўшы магчымасці ўдзелу ў выбарчай кампаніі кандыдатаў ад дэмакратычных сілаў, Лукашэнка прадэманстраваў сваю паталагічную баязлівасць і панічны страх страціць уладу. Ён ведае, што наступны год можа стаць для ягонага рэжыму апошнім.

У Еўрапарламенце мы таксама абмеркавалі сітуацыю са свабодай слова ў Беларусі. Польскія еўрадэпутаты выказалі поўную падтрымку сайту Charter97.org, адзначыўшы важнасць працы незалежных журналістаў для дэмакратычных пераўтварэнняў у Беларусі. Парламентарыі маюць намер дамагацца ад беларускіх уладаў выканання патрабаванняў дзвюх рэзалюцый Еўрапейскага парламента і неадкладна разблакаваць найбуйнейшы незалежны сайт у Беларусі.

Польскія еўрадэпутаты мяркуюць, што Польшча павінна быць салідарная з беларускім народам і далей падтрымліваць беларускія незалежныя медыі», - сказала Наталля Радзіна.