Паўночная Карэя выпрабавала ракетную ўстаноўку звышбуйнога калібру
1- 29.11.2019, 10:20
- 6,082
Ракеты былі выпушчаныя ў бок Японскага мора.
У КНДР 28 лістапада зладзілі выпрабаванні шматмэтавай ракетнай устаноўкі звышбуйнога калібру. Пра гэта паведамляе паўночнакарэйскае выданне Rodong (пераклад – gordonua.com).
Пуск прайшоў на выпрабавальным палігоне Акадэміі нацыянальнай абароны КНДР. За ім назіраў лідар Паўночнай Карэі Кім Чэн Ын, піша выданне.
Выпрабаванні нібыта прайшлі паспяхова, "ваенна-тэхнічная перавага і надзейнасць ўстаноўкі былі пацверджаныя".
Паведамляецца, што Кім Чэн Ын выказаў "велізарнае задавальненне" вынікам выпрабаванняў.
У Паўднёвай Карэі пацвердзілі запуск дзвюх ракетаў у КНДР, паведамляе агенцтва Yonhap са спасылкай на паўднёвакарэйскі камітэт кіраўнікоў штабоў.
Ракеты былі выпушчаныя ва ўсходняй правінцыі Паўднёвы Хамген у бок Японскага мора.
У камітэце заявілі, што пускі не спрыяюць намаганням у паслабленні напружанасці на Карэйскім паўвостраве.
Гэтыя выпрабаванні сталі чацвёртым выпрабаваннем сістэмы звышвялікіх ракетных установак, нагадалі паўднёвакарэйскія вайскоўцы.
"Паўторныя выпрабаванні накіраваныя на далейшае ўдасканаленне зброі перад яе разгортваннем для эксплуатацыі", – сказаў эксперт у ракетах у Карэйскім аэракасмічным універсітэце Чанг Янг-Кеун.
З 2006 года Паўночная Карэя зрабіла шэсць выпрабаванняў ядзернай зброі і дзясяткі запускаў балістычных ракетаў. Супраць краіны ўвялі санкцыі Еўразвяз, Рада бяспекі ААН, ЗША і шэраг краінаў, абмежавальныя захады неаднаразова пашыраліся.
12 чэрвеня 2018 года прэзідэнт ЗША Дональд Трамп і Кім Чэн Ын падпісалі пагадненне ў Сінгапуры. У дакуменце пазначана, што ЗША дадуць КНДР гарантыі бяспекі, Паўночная Карэя пацвердзіла прыхільнасць поўнай дэнуклеарызацыі Карэйскага паўвострава. 27–28 лютага 2019 года ў в'етнамскім Ханоі прайшоў другі амерыканска-паўночнакарэйскі саміт. Прэзідэнт ЗША сказаў, што паспрабуе дасягнуць з лідарам КНДР дамоўленасцяў у дэнуклеарызацыі, а потым "ператварыць Паўночную Карэю ў эканамічны цэнтр". Бакі не дасягнулі пагаднення.
30 чэрвеня 2019 года Трамп і лідар Паўночнай Карэі сустрэліся ў Пханмунджоме – вёсцы ў дэмілітарызаванай зоне на мяжы КНДР і Паўднёвай Карэі. Бакі дамовіліся стварыць групу перамоўнікаў ад дзвюх краінаў, якія будуць упаўнаважаныя займацца пытаннямі дэнуклеарызацыі.
З ліпеня 2019 года КНДР аднавіла запускі ракетаў.
Трамп заяўляў, што апошнія пускі ракетаў КНДР не парушаюць дамоўленасцяў, дасягнутых паміж ім і Кім Чэн Ынам. Кіраўнік Пентагона Марк Эспер адзначыў, што ЗША не будуць рэзка рэагаваць на запускі ракетаў і маюць намер "трымаць дзверы адчыненымі" для перамоваў з Пхеньянам.
24 жніўня лідар КНДР Кім Чэн Ын кіраваў пускам новай звышбуйной сістэмы залпавага агню. 10 верасня Паўночная Карэя ажыццявіла запускі двух невядомых снарадаў на палігоне ў правінцыі Пхенан-Намдо ў бок Японскага мора. 31 кастрычніка КНДР запусціла дзве ракеты таксама ў бок Японскага мора.