16 снежня 2025, aўторак, 1:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як сербы прымусілі Лукашэнку плакаць

15
Як сербы прымусілі Лукашэнку плакаць

У чым цымус стасункаў Беларусі з гэтай балканскай краінай.

2-3 снежня Аляксандр Лукашэнка зробіць афіцыйны візіт у Сербію. Як паведамляе ягоная прэс-служба, у Бялградзе ён правядзе перамовы з сербскім калегам Аляксандрам Вучычам.

У гэтыя ж дні ў Бялградзе пройдзе беларуска-сербскі бізнэс-форум, на якім чакаецца падпісанне камерцыйных кантрактаў і пагадненняў.

«Салідарнасць» сабрала цікавыя факты пра беларуска-сербскія стасункі.

Скандал на Еўрагульнях: «Лукашэнка ледзь не плакаў»

Трэба сказаць, што з гэтай еўрапейскай дзяржавай у Лукашэнкі даволі нетыповыя ўзаемастасункі. Мабыць, ані да адной іншай краіны заходняга свету Лукашэнка не дэманструе такой адданай любові. І сербскае кіраўніцтва адказвае ўзаемнасцю.

Апошні раз Лукашэнка і прэзідэнта Сербіі бачыліся ў чэрвені гэтага года. Тады Аляксандр Вучыч прылятаў у Менск, каб наведаць II Еўрапейскія гульні. Праўда, гэты візіт суправаджаўся скандалам. Сербскі госць не пайшоў на цырымонію адкрыцця, бо на ёй прысутнічаў прэзідэнт Косава. І як ні маліў Лукашэнка, Вучыч застаўся непахісным.

- Мне было вельмі цяжка паведаміць гаспадару, Лукашэнку, што я не прыйду на цырымонію, бо я ведаю, як шмат ён зрабіў — распавёў Вучыч у інтэрв'ю сербскаму інфармагенцтву. - З аднаго боку ён пасадзіў побач з сабой Мядзведзева, а з другога хацеў пасадзіць мяне. Гэта вялікі гонар. Ён сказаў, што не пойдзе на стадыён без мяне. Мне было цяжка бачыць, як гэты дужы мужчына ледзь не плакаў, калі я казаў, што не магу там знаходзіцца.

Паводле слоў Вучыча, Лукашэнка быў сумленным і карэктным. Гэта выявілася ў тым, што ў тых месцах, якія не наведвала інспекцыя Міжнароднага алімпійскага камітэта, сцяга Косава не было, а прэзідэнта гэтай не прызнанай Сербіяй дзяржавы Хашыма Тачы не пасадзілі ў ложу для vip-гасцей.

- Яны паклапаціліся пра нас, і мне шкада, што я расчараваў беларускага прэзідэнта, але ў мяне не было іншага выбару — сказаў сербскі лідар.

Толькі бізнэс і крыху асабістага

Паводле нейкага неймавернага збегу абставінаў «незалежны сербскі назіральнік» на так званых выбарах у Беларусі Драгамір Карыч выявіўся адным з суўладальнікаў кампаніі, якая вось ужо шмат гадоў паспяхова вядзе свой бізнэс у Беларусі.

Уладальнікі Сербскай кампаніі Dana Holdings указамі Лукашэнкі атрымалі пад забудову некалькі дзялянак зямлі ў Менску, у тым ліку на Кастрычніцкай плошчы. Іх бізнэсу тэлеканала «Белсат» прысвяціў расследаванне, у якім, напрыклад, сцвярджаецца наступнае:

— Кошты жылля ў Менску штучна завышаныя на дзясяткі адсоткаў. Гэтыя грошы ідуць не ў бюджэт, а ў схемы з прыкметамі карупцыі, якія вядуць да самых вярхоў улады.

Як паведамляў раней «Ежедневник», чысты прыбытак беларускіх кампаній холдынгу Astra Group, кантраляванага сербскімі мільянерамі Драгамірам і Багалюбам Карычамі, летась перавысіў 50 млн даляраў (увайшоў у лік самых прыбытковых кампаній Беларусі).

Сербскія сябры Лукашэнкі настолькі ўпэўнена сябе адчуваюць у нашай краіне, што пачалі пазначаць тэрыторыю ўласным фамільным гербам.

За ўвесь час дзейнасці ў Беларусі намаганнямі Dana Holdings да 2019 года было пабудавана і прададзена больш за мільён квадратных метраў. Быў уведзены ў эксплуатацыю адзін з найбуйнейшых у краіне гандлёвых цэнтраў Dana Mall і бізнэс-цэнтр Dana Center.

Цяпер кампаніі холдынгу будуюць жылы квартал «Мінск Мір «ля былога менскага аэрапорта, а таксама жылыя комплексы Vogue і «Парк Чэлюскінца». Усяго ў Беларусі зарэгістраваныя 7 арганізацый з удзелам сербскага капіталу.

Праца на «сям'ю»

Дасталася трошкі і сям'і. Відавочна, у падзяку за смачныя кавалкі зямлі ў сталіцы, будаўнічая кампанія Dana Holdings стала генеральным спонсарам Нацыянальнага алімпійскага камітэта (НАК), якім з красавіка кіруе Віктар Лукашэнка, памочнік бацькі ў нацыянальнай бяспецы, які курыруе ўвесь сілавы блок.

Дарэчы, жонка Віктара Лілія Лукашэнка ўжо некалькі гадоў працуе дырэктаркай галерэі «Арт Хаос». Таксама па чыстай выпадковасці гэтая галерэя размяшчаецца ў гандлёвым цэнтры Dana Mall і з'яўляецца адным з галоўных мецэнацкіх праектаў кампаніі, падкантрольнай братам Карычам.

На адну з выстаў нават прыехала дэпутатка парламента Сербіі Міланка Карыч, якая па сумяшчальніцтве з'яўляецца яшчэ і жонкай аднаго з братоў Карычаў Багалюба.

Месца для адпачынку

Але што мы толькі аб працы? Сербія заўсёды была гатовая запрасіць на свае курорты Лукашэнку і ягоную сям'ю. Яшчэ ў 2009 годзе Аляксандр Лукашэнка прыехаў на адпачынак на гарналыжны курорт Капаонік.

Як пісала выданне Вorba, менавіта Драгамір Карыч сустракаў Лукашэнку ў аэрапорце. Адтуль госці накіраваліся ў гатэль «Гранд». Паводле інфармацыі выдання, два вечары запар да позняй ночы Лукашэнка разам з Карычам і вялікай кампаніяй правёў у клубе, дзе гучалі прамовы ў гонар Сербіі, Расеі і Слабадана Мілошавіча.

У гатэлі «Гранд» распавялі, што разам з Лукашэнкам былі і «дзеці з сем'ямі».

А ў 2015 годзе сербскія СМІ паведамілі пра прыезд Віктара Лукашэнкі, які «з ахоўнікамі зноў прыбыў у Капаонік». Планавалася, што да яго можа далучыцца бацька, але гэтага не адбылося, паведамлялі выданні.

Зрэшты, Лукашэнка пабываў у Сербіі незадоўга да гэтага. У чэрвені 2014-га ён прыбыў з візітам у Бялград. Як можна было меркаваць з тэлерэпартажаў, у гэты час ад яго ні на крок не адступаў Драгамір Карыч.

І вось зноў Сербія гасцінна гатовая прыняць Лукашэнку. Падчас размовы з прэзідэнтам Вучычам у чэрвені гэтага года Лукашэнка заявіў:

- Сербія - гэта не толькі прыярытэт нашых дачыненняў, гэта блізкая нам краіна, гэта блізкі нам народ. Вы ведаеце, што такое Сербія для мяне асабіста.

І, відавочна, быў шчырым.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках