У ААН сталі на абарону фрылансера з Гомеля
4- 29.11.2019, 20:11
- 12,107
ФОТА: РАДЫЁ СВАБОДА
Камітэт ААН правоў чалавека прызнаў беларускія ўлады вінаватымі.
Камітэт ААН правоў чалавека апублікаваў пастанову (справа №2724/2016), прынятую паводле скаргі гомельскага журналіста Кастуся Жукоўскага. Беларускія ўлады прызнаныя адказнымі за парушэнне яго правоў на мірны сход і на распаўсюд інфармацыі, піша «Гомельская вясна».
25 лістапада 2014 года грамадскі актывіст, інвалід першай групы Юры Ляшэнка праводзіў на плошчы перад Светлагорскім райвыканкамам пікет у абарону правоў людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Прадстаўнікі Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) Ларыса Шчыракова і Кастусь Жукоўскі асвятлялі мерапрыемства, запісваючы тое, што адбываецца на відэакамеры. Міліцыя зацікавілася журналістамі, абвінаваціўшы ў знаходжанні ў забароненым для пікетавання месцы.
У пастанове суддзі суда Светлагорскага раёна Ірыны Алісейкі падрабязна апісвалася, як «Жукоўскі здымаў Юрыя Ляшэнку, а Шчыракова перадала Юрыю Ляшэнку белы скрутак, які быў плакатам з надпісам». Не выпусціў суд такія падрабязнасці, што ў нейкі момант плакат выпаў з рук у актывіста, а Кастусь Жукоўскі падняў яго. Суд палічыў, што дзеянні Юрыя Ляшэнкі і журналістаў былі ўзгодненыя. Таксама абцяжарваючымі абставінамі суд прызнаў той факт, што правапарушэнне было здзейснена «ў складзе групы», абавязаўшы выплаціць па 900 тысяч рублёў штрафу кожнаму.
Журналіст Жукоўскі з паваротам справы не пагадзіўся і з дапамогай юрыста БАЖ Леаніда Судаленкі падаў індывідуальнае паведамленне ў Камітэт ААН правоў чалавека (Жэнева).
«Каторы раз мы вымушаны паўтараць, што як супрацоўнікі міліцыі, так і суддзі розных судоў цалкам ігнаруюць міжнародныя абавязанні краіны ў частцы гарантый правоў кожнаму чалавеку. Гэтым кейсам мы чарговым разам нагадваем беларускаму ўраду - інфармацыя гэта тое, на што не трэба пытацца дазвол у дзяржавы», - адзначыў юрыст.
Ён таксама дадаў, што паводле пастановы Камітэта ААН правоў чалавека беларускі ўрад абавязана цалкам кампенсаваць К. Жукоўскаму шкоду і панесеныя па справе расходы, а таксама даць яму адэкватную кампенсацыю. Беларускі ўрад таксама абавязаны прыняць захады для прадухілення аналагічных парушэнняў у будучыні, між іншым перагледзець нацыянальнае заканадаўства, што выкарыстоўвалася ў гэтай справе, і практыку яго прымянення.
Нагадаем, гэта ўжо трэцяя пастанова ААН-аўскага Камітэта ў сувязі з пераследам журналіста Кастуся Жукоўскага. Раней былі апублікаваныя яшчэ дзве пастановы (№2955/2017 і 3067/2017) аб яго пераследзе на працягу 2015-2016 гадоў за супрацоўніцтва з польскім спадарожнікавым тэлеканалам «Белсат».