11 траўня 2024, Субота, 3:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дачнікі з Гародні абаранілі свае дзялянкі ад зносу

4
Дачнікі з Гародні абаранілі свае дзялянкі ад зносу

Іх надзелы чыноўнікі ўважалі за самазахопленыя.

Дачнікі Гарадзенскага садовага таварыства «Хімік-Азот», чые надзелы прызналі самазахопленымі, сустрэліся з губернатарам Гарадзеншчыны Уладзімірам Краўцовым. Той выслухаў гарадзенцаў і паабяцаў, што пастанова аб зносе домікаў і ачысткі надзелаў ад дрэў і кустоў будзе пакуль прыпыненая. Да заканчэння разбору ў гэтым пытанні, піша tut.by.

На сустрэчы таксама прысутнічалі мэр горада Мечыслаў Гой і старшыня раённага выканкама Ян Васілеўскі, які, дарэчы, распавёў, што вакол Гародні ёсць блізу тысячы свабодных дачных участкаў, праўда, знаходзяцца яны на некаторай адлегласці ад горада.

Нагадаем, садовае таварыства «Хімік-Азот» размешчанае фактычна ў межах горада у некалькіх сотнях метраў ад «Азоту». Тут у канцы 60-х гадоў супрацоўнікам прадпрыемства пачалі выдаваць дзялянкі. Аднак гаспадары ста надзелаў вясной гэтага года даведаліся, што іх домікі і агароды, якія знаходзяцца на падземных камунікацыях, пабудаваныя незаконна. А першага лістапада гэтага года дачнікам трэба было знесці будынкі і ачысціць зямлю ад дрэў і кустоў за свой кошт.

З такім становішчам спраў людзі не пагадзіліся і нават напісалі адкрыты ліст прэзідэнту, дзе раскрылі сваю праблему, а таксама адправілі амаль 40 індывідуальных зваротаў у аблвыканкам, пасля чаго іх запрасілі на сустрэчу з губернатарам.

Сёння губернатару дачнікі прынеслі цэлую тэчку дакументаў: планы садовага таварыства, перапіску з уладамі, заканадаўчыя акты і пастанову абласнога выканкама за 1988 год, згодна з якой зямля, дзе знаходзяцца надзелы, была перададзеная садоваму таварыству «Хімік-Азот». Людзі доўга і грунтоўна распавядалі пра тое, што зямлю яны не захоплівалі, а ў канцы 60-х гадоў мінулага стагоддзя законна па тых часах атрымалі свае дзялянкі.

- Знос лецішчаў ініцыявала само прадпрыемства. Неўзабаве будуць будаваць новы цэх і трэба пракладваць камунікацыі. Мы ўсё разумеем, але можна ж абрэзаць надзелы або неяк па-іншаму развязаць нашу праблему. Ну і тое, што нас прымушаюць усё зносіць уласнымі сіламі, - гэта вельмі крыўдна. Хто будзе гэта рабіць? У нас большасць — пенсіянеры. Мы 45 гадоў у гэтым таварыстве, многія ўжо памерлі з тых, хто першапачаткова атрымліваў дзялянкі. А што старым рабіць? Куды ісці? Домікі будавалі, дрэвы саджалі..., - эмацыйна распавядаюць дачнікі.

Уладзімір Краўцоў кажа, што вывучыў дакументацыю ў гэтым пытанні.

— Я нават у адзін са сваіх выходных прагуляўся па таварыству, паглядзеў, што там і як, — прызнаўся губернатар.

- Разумееце, гарадскія ўлады нас называюць самазахопнікамі зямлі. Але на якой падставе нашы надзелы патрапілі ў катэгорыю самабуду? - пытаецца дачнік Міхаіл Лукашэвіч - і паказвае губернатару пастанову Гарадзенскага аблвыканкама за 1988 год.

З дакумента вынікае, што зямля, якую горад калісьці перадаў «Гроднаазоту» для абслугоўвання камунікацый, замацоўваецца за садовым таварыствам.

- Межы нашага таварыства засталіся нязменнымі. Колькі прадпрыемства выдала надзелаў, столькі і замацавалі за намі па фактычнай прыкмеце карыстання зямлёй. Ні больш, ні менш, - кажа Міхаіл.

- Але мы не знайшлі ніякага графічнага матэрыялу, на аснове якога прымалася гэтая пастанова, - парыруе мэр Гой.

— Значыць, трэба шукаць, — дае наказ Уладзімір Краўцоў.

Дачнікі тлумачаць: яны — законапаслухмяныя грамадзяне, і ў 2008 годзе паспрабавалі «легалізаваць» свае надзелы, але нічога не выйшла. Гарадская ўлада адмовіла і людзі апынуліся ў падвешаным стане: прафкам прадпрыемства (а падчас Савецкага Саюза паводле закона садовыя таварыствы мелі права арганізоўваць толькі прадпрыемствы) выдаў зямлю, людзі пачалі займацца агародніцтвам, у 80-х гадах мінулага стагоддзя атрымалі чаленскія кніжкі садаводаў, а потым выявілася, што 100 надзелаў знаходзяцца па-за законам.

- Адзінае, што нам казалі: будзеце будаваць домікі - рабіце гэта далей ад вадавода. Вось і ўсё. Так і будавалі — - тлумачаць дачнікі.

- Вы разумееце, што там, пад зямлёй, ідзе труба дыяметрам метр? А калі нешта адбудзецца, прарыў, напрыклад, і хтосьці пацерпіць, хто будзе адказваць? - пытаецца Краўцоў.

Дачнікі парыруюць - такія ж трубы ёсць і пад зямлёй у горадзе.

У выніку губернатар даў даручэнне яшчэ раз старанна праглядзець дакументацыю, пракансультавацца з юрыстамі, а калі трэба, то і са спецыялістамі Дзяржкаммаёмасці і пракуратуры, каб зразумець, як законна развязаць гэтую праблему.

Саму пастанову аб зносе дач губернатар загадаў прыпыніць, а ў кожным выпадку разбірацца асобна.

- Ёсць не толькі чорнае і белае, ёсць нейкае ж і прамежкавае развязанне. Праблемай будзем займаць, а таксама прыцягнем да гэтага пытання адміністрацыю «Гроднаазота». З улікам звароту тэрмін зносу адкладзем да заканчэння разбору — рэзюмаваў Уладзімір Краўцоў.

Таксама на сустрэчы гаварылі аб тым, што побач з лецішчамі неўзабаве пачне будавацца аб'язная дарога, якая злучыць мікрараён Альшанка з прамзонай на ўскраіне горада. Праектная дакументацыя ўжо гатовая. Частку дачных надзелаў таксама давядзецца ліквідаваць, але тут іншая гісторыя — зямля залазіць пад дзяржпатрэбы, і людзям будуць выплачваць кампенсацыю.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках