11 траўня 2024, Субота, 1:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У РФ дазволілі збіваць дроны і забаранілі гаджэты без расейскага ПА

26
У РФ дазволілі збіваць дроны і забаранілі гаджэты без расейскага ПА

Законы пра гэта падпісаў расейскі кіраўнік.

Кіраўнік Расеі Пуцін падпісаў у панядзелак два законы: пра права супрацоўнікаў сілавых ведамстваў збіваць беспілотнікі і аб усталяванні на гаджэты, якія прадаюць на тэрыторыі Расеі, айчыннага праграмнага забеспячэння, паведамляе «Радио Свобода».

Першы дакумент дазваляе знішчаць беспілотнік супрацоўнікам ФСБ, ФСА, МУС і СЗР Расеі, а таксама супрацоўнікам Расгвардыі і Федэральнай службы выканання пакаранняў у тым выпадку, калі яны нясуць пагрозу для жыцця, здароўя і маёмасці грамадзян.

У другім дакуменце гаворыцца, што закрыты пералік прадукцыі, на якую будзе ў абавязковым парадку ўсталёўвацца расейскае праграмнае забеспячэнне, яшчэ будзе вызначаны ўрадам Расеі, але ў гэты спіс дакладна ўвойдуць смартфоны, кампутары і тэлевізары з функцыяй «смарт-ТВ».

Закон аб праве ўладаў знішчаць беспілотнікі быў ухвалены Дзяржаўнай думай пасля масавых акцый апазіцыі ў цэнтры Масквы, якія праходзілі на працягу ўсяго лета. Тады супрацоўнікі сілавых структур неаднаразова збівалі беспілотнікі, з дапамогай якіх удзельнікі мітынгаў здымалі тое, што адбываецца. Пры гэтым на ўладальнікаў дронаў не складалі пратаколы аб парушэнні правілаў выкарыстання паветранай прасторы і не праводзілі афіцыйную працэдуру канфіскацыі беспілотнікаў.

Закон аб усталяванні расейскага ПА на гаджэты, па задуме яго аўтараў, сярод якіх прадстаўнікі ўсіх чатырох думскіх фракцый, паспрыяе «развіццю расейскіх ІТ-кампаній і паставіць іх у роўнае высокаканкурэнтнае асяроддзе з замежнымі карпарацыямі», а накіраваны ён «на абарону правоў расейскіх спажыўцоў». Пры гэтым дакумент не абмяркоўваўся з бізнэсам і экспертнай супольнасцю.

Пазней супраць закона выступілі прадстаўнікі асацыяцыі вытворцаў электронікі РАТЭК, якая аб'ядноўвае Apple, Samsung і іншыя профільныя кампаніі. Яны заяўлялі, што прыняцце дакумента прывядзе да лішніх выдаткаў і «да сыходу з рынку вытворцаў прылад з зачыненымі аперацыйнымі сістэмамі». Таксама ў РАТЭК адзначалі, што некаторыя кампаніі тэхнічна не змогуць выканаць нормы закону. Між іншым, на аперацыйную сістэму прадукцыі кампаніі Apple не пераўстаноўліваецца нічога іншага.

Абодва законы, падпісаныя Пуціным, уваходзяць у дзеянне з 1 ліпеня 2020 года.

Напісаць каментар 26

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках