Наталля Радзіна: Знішчэнне «Хартыі-97» - гэта першы крок да акупацыі Беларусі
57- 15.02.2019, 15:25
- 117,725
На фоне размоваў аб гібрыднай прапагандзе Пуціна ідзе скарачэнне дапамогі незалежным СМІ.
Сёння галоўная рэдактарка сайта Charter97.org Наталля Радзіна правяла ў Press Club Polska ў Варшаве прэс-канферэнцыю ў сувязі са значным скарачэннем падтрымкі «Хартыі-97» з боку Польшчы.
Падчас прэс-канферэнцыі журналістка заявіла:
- Я прадстаўляю найстарэйшы беларускі незалежны сайт «Хартыя-97», які працуе ўжо больш за 20 гадоў. Увесь гэты час сайт знаходзіцца пад ціскам беларускіх уладаў. Журналістаў «Хартыі-97» неаднаразова саджалі ў турмы, збівалі, канфіскоўвалі кампутары, а цяпер нават блакуюць у Беларусі. У 2010 годзе быў забіты заснавальнік сайта Алег Бябенін. Рэдакцыя ў Менску была разгромленая, а я сама трапіла ў турму КДБ. Пазней мне ўдалося збегчы з-пад хатняга арышту ў Вільню, дзе ўдалося аднавіць працу сайта.
У 2011 годзе нас запрасіла працаваць у Варшаву Міністэрства замежных спраў Польшчы. І сёння палова рэдакцыі сайта, а ўсяго нас блізу 30 чалавек, працуе з Варшавы, а другая палова з Беларусі ва ўмовах падполля. Таксама ў нас ёсць журналісты ў Літве, Латвіі ды Украіне.
Сёння сайт Charter97.org змагаецца не толькі з лукашэнкаўскай цэнзурай, але і з пуцінскай прапагандай, якая вельмі прывольна адчувае сябе ў Беларусі. Пасля акупацыі Крыма палова беларусаў падтрымалі гэту пастанову Расеі. Здарылася гэта таму, што ў Беларусі дамінуе расейская тэлевізія, радыё, расейскія газеты, а апошнім часам і расейскія сайты.
Учора мяне запрасілі ў польскі Фонд міжнароднай салідарнасці, дзе паведамілі аб скарачэнні фінансавання «Хартыі-97» амаль у пяць разоў. Гэта фактычна ставіць сайт пад пагрозу закрыцця.
Мы ўдзячныя ўраду Польшчы за ўсе гады падтрымкі сайта Charter97.org. Нам вельмі добра працавалася ў Варшаве, бо мы не баяліся, што нас арыштуюць або заб'юць. Але ў цяперашняй сітуацыі мы не ведаем, што рабіць. Мы не можам вярнуцца ў Беларусь, дзе нас чакае турма. Мяне асабіста абвінавацілі паводле артыкула, на падставе якога мне пагражае 15 гадоў пазбаўлення волі. Многія журналісты сайта «Хартыя-97» - таксама палітычныя ўцекачы.
Беларусы маюць вялікую патрэбу ў альтэрнатыўнай, незалежнай і сумленнай інфармацыі. Да блакавання ў 2018 годзе беларускімі ўладамі сайт Сharter97.org штомесяц чыталі блізу 2,5 мільёнаў чалавек. У сайта было амаль 50 мільёнаў праглядаў штомесяц.
У «Хартыі-97» адданае войска прыхільнікаў, якое навучылася абыходзіць блакіроўкі і прадаўжае кожны дзень атрымліваць інфармацыю з незалежнай крыніцы. Наша аўдыторыя сёння складае блізу паўтара мільёна наведвальнікаў і амаль 30 мільёнаў праглядаў штомесяц. Сайт мае тры моўныя версіі - беларускую, расейскую і ангельскую. Таксама шмат перакладаў робіцца з украінскай і польскай моў.
Адна з галоўных задач працы сайта - інфармаванне беларускага грамадства аб сітуацыі ў Польшчы, аб рэформах у вашай краіне, аб трансфармацыі ўлады праз свабодныя выбары. Бо адносна свабодныя выбары ў Беларусі адбыліся ў 1994 годзе.
Дзіўна, што сёння скарачаецца дапамога аднаму з галоўных незалежных сайтаў напярэдадні дзвюх выбарчых кампаній. Нагадаю, што ў гэтым і наступным годзе ў Беларусі павінны адбыцца парламенцкія і прэзідэнцкія выбары. У варунках, калі інфармацыйная прастора ў Беларусі кантралюецца Расеяй, знішчэнне такога сайта як «Хартыя-97» азначае першы крок да акупацыі Беларусі. Вельмі шмат гаворыцца аб гібрыднай прапагандзе Пуціна, а напраўду ідзе значнае скарачэнне дапамогі незалежным СМІ з боку ЗША, Еўразвязу, а сёння, на жаль, і Польшчы, - заявіла Наталля Радзіна.
У адказах на пытанні журналістаў Наталля Радзіна пракаментавала «супадзенне» візіту эмісара Лукашэнкі Міхаіла Мясніковіча і значнае скарачэнне дапамогі «Хартыі-97».
- Дзіўнае, вядома, супадзенне, што мне паведамілі аб скарачэнні дапамогі сайту «Хартыя-97», калі ў Польшчы знаходзіўся кіраўнік нелегітымнага беларускага парламента Міхаіл Мясніковіч. Мы ведаем, што беларускія ўлады даўно дамагаюцца спынення польскай дапамогі сайту Charter97.org.
Я вельмі люблю Польшчу, я ўдзячная, што мы сёння можам працаваць з Варшавы. І пры папярэднім ўрадзе, і пры гэтым, улады Польшчы падтрымлівалі кантакты з уладамі Беларусі, але ў той жа час дапамагалі і беларускім незалежным медыям. Я вельмі спадзяюся, што тое, што цяпер здарылася - гэта нейкая памылка. Для мяне Польшча - гэта ў першую чаргу краіна салідарнасці.
Наталля Радзіна таксама падкрэсліла, што скарачэнне дапамогі незалежнаму сайту напярэдадні дзвюх выбарчых кампаній у Беларусі - гэта нейкае непаразуменне.
- Скарачаць дапамогу напярэдадні дзвюх выбарчых кампаній у Беларусі, калі ў краіне сёння інфармацыйная прастора кантралюецца Расеяй, - гэта нерацыянальна.
Я буду размаўляць і з Міністэрствам замежных спраў Польшчы, і з польскім Фондам міжнароднай салідарнасці. Для мяне самае галоўнае, каб сайт «Хартыя-97» прадаўжаў працаваць. Спадзяюся, што польскі ўрад разумее, што сёння нельга дапамагаць Лукашэнку знішчаць беларускія незалежныя медыі.
Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі пагаршаецца, прадаўжаецца пераслед незалежных медыяў, нават проста цяпер прадаўжаецца суд над галоўнай рэдактаркай партала tut.by Марынай Золатавай. У актывістаў грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» праходзяць ператрусы і шукаюць «зброю». У гэтай сітуацыі праца СМІ, якія знаходзяцца па-за кантролем КДБ, вельмі важная.
Вы можаце дапамагчы сайту наступным чынам:
АХВЯРАВАННЕ ПРАЗ PAYPAL:
РАЗЛІКОВЫ МУЛЬТЫВАЛЮТНЫ РАХУНАК ДЛЯ АХВЯРАВАННЯЎ:
Назва банка:Bank Millennium S. A.
Адрас: ul. Stanislawa Zaryna, 2A, 02-593, Warszawa
IBAN: PL 97 1160 0000 2202 0002 1671 1123
SWIFT: BIGBPLPW
Імя ўладальніка рахунку: Fundacja «KARTA '97»
Прызначэнне аплаты: Darowizna na cele statutowe
Звязацца з намі можна праз адрас charter97@gmail.com