25 траўня 2019, Субота, 23:36
За нашу і вашу свабоду!
Рубрыкі

У Лукашэнкі з'явіўся новы гелікаптэр за $12 мільёнаў?

101
Фота: Mario Ferioli

У Расеі такой мадэллю карыстаецца прэм'ер-міністр Дзмітрый Мядзведзеў.

У Беларусь дастаўлены новы гелікаптэр ва ўрадавай ліўрэі. VIP-мадэль AW139, зробленая італійскай фірмай «AgustaWestland», каштуе ад 12 мільёнаў даляраў. Ён выкарыстоўваецца для эксклюзіўных перавозак.

У Расеі, напрыклад, гэтай мадэллю карыстаецца прэм'ер-міністр Дзмітрый Мядзведзеў. У Беларусі ім, хутчэй за ўсё, будзе карыстацца Лукашэнка, мяркуе Еўрарадыё.

Гэтае фота ў міланскім аэрапорце Мальпенса перад адпраўкай у Беларусь зрабілі 18 лютага спотэры - аматары назірання за самалётамі.

Фота: Mario Ferioli

AW139 можа перавозіць да 15 пасажыраў на хуткасці да 309 км/г. У салоне гелікаптэра ёсць кандыцыянер, гарнітура актыўнага падаўлення шуму, гукаізаляцыя, электрычныя трапы для пасажыраў, шафы, мультымедыя сістэмы з ВК-маніторамі, VIP-перамоўная з сістэмай бяспечнай сувязі.

На якіх гелікаптэрах лётае Лукашэнка

Ва ўрадавым авіяпарку Беларусі ёсць як мінімум тры гелікаптэры. Першым гелікаптэрам Лукашэнкі стаў Мі-8 з бартавым нумарам EW-25049, нагадвае tut.by. Таксама дыктатар карыстаецца мадыфікаваным гелікаптэрам Мі-8 з бартавым нумарам EW-001DA.

Ёсць у Лукашэнкі і гелікаптэр Мі-172 з бартавым нумарам EW-002DA. Са слоў спецыялістаў, ён быў выраблены на Казанскім гелікаптэрным заводзе на спецыяльную замову. Кошт гелікаптэра не агучваўся, але 20 гадоў назад кошт гелікаптэра Мі-172 для VIP-персоны быў блізу 4 мільёнаў даляраў.