23 красавiка 2024, aўторак, 13:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мацей Фалькоўскі пра фінансаванне «Хартыі-97»: Ёсць рэальны план, ніхто не гандлюе парталам з уладамі Беларусі

Мацей Фалькоўскі пра фінансаванне «Хартыі-97»: Ёсць рэальны план, ніхто не гандлюе парталам з уладамі Беларусі
Мацей Фалькоўскі

Прэзідэнт Фонду міжнароднай салідарнасці распавёў аб планах фінансавання незалежнага партала.

«Ніхто не гандлюе з беларускімі ўладамі «Хартыяй-97». Мы разумеем занепакоенасць рэдакцыі, якая змагаецца з нявызначанасцю кожны год», - заявіў прэзідэнт польскага Фонду міжнароднай салідарнасці Мацей Фалькоўскі парталу «Польскае радыё». Ён прызнаў, што сітуацыя складаная, але ўпэўнены, што і гэтым разам «Хартыя-97» выжыве.

Галоўная рэдактарка сайта Сharter97.org Наталля Радзіна зноў звяртаецца з просьбай дапамагчы беларускаму незалежнаму парталу, бо рэдакцыя сайта, якая існуе ўжо больш за 20 гадоў, зноў пад пагрозай знішчэння.

Наталля Радзіна заявіла на прэс-канферэнцыі, што шакаваная тым, што на гэты момант у «Хартыі - 97» ёсць шанец атрымаць ад Фонду міжнароднай салідарнасці толькі 30 000 еўраў - палову таго, што рэдакцыя штогод выдаткоўвае на сацыяльнае забеспячэнне работнікаў і падаткі ў Польшчы.

Яна падкрэсліла, што гэта толькі пятая частка фінансавання, якое было выдадзенае сайту летась і «Хартыя-97» знаходзіцца пад пагрозай закрыцця.

Наталля Радзіна зазначае, што былі прапанаваныя магчымасці для далейшага фінансавання, але для іх няма ніякіх гарантый. Яна падкрэсліла, што рэдакцыя стваралася шмат гадоў. У выпадку адсутнасці фінансавых сродкаў партал, які з'яўляецца адным з нямногіх незалежных СМІ ў Беларусі і карыстаецца вялікай папулярнасцю, можа разваліцца.

Прэзідэнт польскага Фонду міжнароднай салідарнасці: агулам мы плануем даць 2/3 ад леташняга фінансавання.

«Летась польскі Фонд міжнароднай салідарнасці правёў конкурс, у якім узяла ўдзел «Хартыя-97». Партал у ім перамог і атрымаў фінансаванне ў суме блізу 580 тысяч злотых», - растлумачыў у інтэрв'ю парталу PolskieRadio24.pl прэзідэнт польскага Фонду Мацей Фалькоўскі.

Сёлета, як патлумачыў прэзідэнт польскага Фонду міжнароднай салідарнасці, не было магчымасці арганізаваць конкурс, бо ён не быў арганізаваны Міністэрствам замежных спраў Польшчы, а яго незалежнае правядзенне немагчымае, бо гэта не ўваходзіць у кампетэнцыю фонду.

«Мы маем намер засяродзіцца на нашай уласнай дзейнасці, у асноўным - на месцах, у прыярытэтных для праграмы «Польская дапамога» краінах, а таксама супрацоўнічаць, калі гэта магчыма, наўпрост з партнёрамі з гэтых краін.

Мы ўважаем гэтую форму дзейнасці за найбольш эфектыўную, бо не хочам дубляваць дзейнасць Міністэрства замежных спраў і штогод арганізоўваць конкурсы для польскіх арганізацый. Таму сёлета мы адкрываем уласныя прадстаўніцтвы ў Кіеве і Тбілісі, аналагічныя прадстаўніцтву фонду ў Малдове, які паспяхова працуе ўжо некалькі гадоў», - распавёў Мацей Фалькоўскі аб прыярытэтах Фонду міжнароднай салідарнасці.

Што тычыцца «Хартыі-97», то, як заявіў Мацей Фалькоўскі, Фонд міжнароднай салідарнасці можа фундаваць яе ў рамках праграмы «Польская дапамога» і сродкамі ад іншых донараў, якія знаходзяцца ў яго распараджэнні, а таксама дапамагчы ў атрыманні дадатковага замежнага фінансавання.

Агулам, сайт Сharter97.org можа разлічваць на атрыманне 2/3 сродкаў, атрыманых летась, - дадаў дырэктар Фонду.

Ці атрымаецца гэта зрабіць? Прэзідэнт польскага Фонду міжнароднай салідарнасці настроены аптымістычна:

- Мы гатовыя да перамоваў з «Хартыяй-97» хоць сёння, - заявіў Мацей Фалькоўскі парталу PolskieRadio24.pl.

Ён дадаў, што летась конкурс пачаўся толькі ў траўні, і тады «Хартыя-97» сапраўды патрапіла ў гаротнае становішча, бо яна не магла быць упэўненая, што пераможа на конкурсе.

Неабходнасць прытрымлівацца ўстаноўленых працэдур

Прэзідэнт польскага Фонду міжнароднай салідарнасці Мацей Фалькоўскі ў інтэрв'ю парталу PolskieRadio24.pl прызнае, што сфера дзейнасці Фонду вельмі абмежаваная - гаворка ідзе аб законах і працэдурах, якіх ён павінен прытрымлівацца.

Прэзідэнт Фонду міжнароднай салідарнасці таксама сказаў, што выдатна разумее, што штогадовыя праблемы «Хартыі-97» - гэта вялікія цяжкасці і велізарная пагроза для рэдакцыі.

Ён таксама пагадзіўся з тым, што неабходна падумаць аб спецыяльных прававых механізмах, якія будуць зручныя для такіх арганізацый, каб фінансаваць іх на больш працяглы часовы адрэзак.

Цяпер, як растлумачыў Мацей Фалькоўскі, магчымая альбо арганізацыя конкурсу, альбо рэалізацыя ўласных праектаў, сумы якіх наўпрост залежаць ад Закона аб дзяржаўных закупках.

«Сайт Сharter97.org імкнецца забяспечыць сваё выжыванне, бо нават стан сталай нявызначанасці можа пагражаць распадам калектыву. Такая сітуацыя можа разбурыць шматгадовыя намаганні рэдакцыі і тых, хто ёй дапамагаў. Аднак, сайт вымушаны змагацца за фінансаванне кожны год, бо менавіта так выглядае рытм дзейнасці няўрадавых арганізацый», - заявіў прэзідэнт польскага Фонду міжнароднай салідарнасці.

Дыверсіфікацыя крыніц

Прэзідэнт польскага Фонду міжнароднай салідарнасці падкрэсліў, што дыверсіфікацыя крыніц фінансавання таксама вельмі важная. Мацей Фалькоўскі заявіў, што важна не прыцягваць толькі адну арганізацыю для фінансавання.

«Узаемная поўная залежнасць - гэта дрэнны варыянт. Можа здарыцца так, што донар не зможа даць або абмяжоўвае дапамогу на розныя прычыны. Такія сітуацыі вельмі распаўсюджаныя», - сказаў Мацей Фалькоўскі.

Гэта не палітыка

Прэзідэнт польскага Фонду міжнароднай салідарнасці сказаў, што дапусціў памылку, пачаўшы перамовы аб фінансаванні незалежнага партала падчас візіту кіраўніка беларускага «парламента» ў Польшчу, што выклікала шмат пытанняў, абвінавачванняў, напружанне з беларускай грамадзянскай супольнасцю.

Грамадзянская супольнасць звязала праблемы «Хартыі-97» што да фінансавання з візітам Міхаіла Мясніковіча ў Польшчу і пачала заяўляць, што магло дайсці да сітуацыі, што апазіцыйны партал, якому Польшча дала прытулак, стаў прадметам палітычнага гандлю.

Мацей Фалькоўскі заявіў, што гэта памылка - прызначаць сустрэчу падчас візіту кіраўніка беларускага «парламента» ў Польшчу і гэтага не павінна было адбыцца.

«Ніякага гандлю не было», - заявіў ён.

Мацей Фальскоўскі падкрэсліў, што Польшча падтрымлівае незалежныя СМІ ў Беларусі - і такія кіроўныя прынцыпы польскі Фонд міжнароднай салідарнасці атрымаў ад МЗС Польшчы.

На пытанне, хто першым патэлефануе пасля гэтай сітуацыі, «Хартыя-97 у Фонд або Фонд у «Хартыю-97», Мацей Фалькоўскі адказаў, што варта пакінуць гэтае пытанне для ўнутранага ўрэгулявання:

- Нам вядома патрэбны час, каб супакоіць эмоцыі з абодвух бакоў.

Незалежны беларускі партал, які знайшоў прытулак у Польшчы

Сharter97.org - гэта незалежны беларускі партал, які працуе больш за 20 гадоў. У сувязі з рэпрэсіямі і пераследам журналістаў, канфіскацыяй абсталявання, рэдакцыя ў 2010 годзе была вымушаная пакінуць Беларусь. У пачатку рэдакцыя сайта знайшла прытулак у Літве, а ў 2011 годзе «Хартыя-97» была запрошаная Польшчай.

У 2010 годзе, пасля пратэстаў супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў у Менску, галоўная рэдактарка партала Сharter97.org Наталля Радзіна была арыштаваная КДБ. Ёй пагражала турма.

Галоўная рэдактарка «Хартыі-97» здолела ўцячы з Беларусі. З тых часоў Наталля Радзіна не можа вярнуцца ў краіну. Сайт Сharter97.org, якім яна кіруе, працуе ў трох моўных версіях - беларускай, расейскай і ангельскай.

Гэта адна з нешматлікіх крыніц незалежнай інфармацыі для беларусаў. Сайт дае ім не толькі інфармацыю пра сваю краіну, але і пра падзеі ва Украіне і Расеі. Гэта важна ў сувязі з расейскай прапагандай і інфармацыйнай экспансіяй у рэгіёне, а таксама ў сувязі з рэпрэсіямі ў дачыненні да незалежных беларускіх СМІ з боку ўладаў Лукашэнкі.

Незалежныя СМІ ў Беларусі зазналі рэпрэсіі, што супала з узмацненнем прапагандысцкай дзейнасці Крамля ў Беларусі.

Англамоўная версія сайта з'яўляецца важнай крыніцай інфармацыі для Захаду, у тым ліку пра рэпрэсіі ў дачыненні грамадзянскай супольнасці, дзеяннях беларускай дэмакратычнай апазіцыі, нязручных для ўлады фактаў і меркаванняў.

Беларускія ўлады асабліва занепакоеныя папулярнасцю сайта і тым, што нягледзячы на тое, што год таму «Хартыя-97» была заблакаваная рэжымам Лукашэнкі, чытачы заходзяць на сайт, выкарыстоўваючы проксі-сэрверы.

- Да блакавання партала ў Беларусі сайт наведвалі блізу 2,5 мільёнаў карыстальнікаў на месяц. У нас было амаль 50 мільёнаў праглядаў. У «Хартыі-97» ёсць вялікае войска прыхільнікаў, якія навучыліся абыходзіць блакаванне. Сёння наша аўдыторыя складае блізу 1,5 мільёна ўнікальных карыстальнікаў і амаль 30 мільёнаў праглядаў на месяц, - заявіла Наталля Радзіна на прэс-канферэнцыі.

- Адной з галоўных задач працы сайта з’яўляецца інфармаванне беларускага грамадства аб сітуацыі ў Польшчы, аб рэформах у вашай краіне, аб трансфармацыі ўлады праз свабодныя выбары. Бо адносна свабодныя выбары ў Беларусі адбыліся ў 1994 годзе.

Дзіўна, што сёння скарачаецца дапамога аднаму з галоўных незалежных сайтаў напярэдадні дзвюх выбарчых кампаній. Нагадаю, што ў гэтым і наступным годзе ў Беларусі павінны адбыцца парламенцкія і прэзідэнцкія выбары. Ва ўмовах, калі інфармацыйная прастора ў Беларусі кантралюецца Расеяй, знішчэнне такога сайта як «Хартыя-97» азначае першы крок да акупацыі Беларусі. Вельмі шмат гаворыцца аб гібрыднай прапагандзе Пуціна, а напраўду ідзе значнае скарачэнне дапамогі незалежным СМІ з боку ЗША, Еўразвязу, а сёння, на жаль, і Польшчы, - заявіла Наталля Радзіна.

- Я вельмі спадзяюся, што гэта нейкая памылка і польскія ўлады зразумеюць, што гэта так. Я гатовая да размоў з МЗС Польшчы і Фондам міжнароднай салідарнасці, - заявіла Наталля Радзіна на прэс-канферэнцыі.

Вы можаце дапамагчы сайту наступным чынам:

АХВЯРАВАННЕ ПРАЗ PAYPAL:


РАЗЛІКОВЫ МУЛЬТЫВАЛЮТНЫ РАХУНАК ДЛЯ АХВЯРАВАННЯЎ:

Назва банка:Bank Millennium S. A.

Адрас: ul. Stanislawa Zaryna, 2A, 02-593, Warszawa

IBAN: PL 97 1160 0000 2202 0002 1671 1123

SWIFT: BIGBPLPW

Імя ўладальніка рахунку: Fundacja «KARTA '97»

Прызначэнне аплаты: Darowizna na cele statutowe


Звязацца з намі можна праз адрас charter97@gmail.com

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках