10 траўня 2024, Пятніца, 10:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Джон Маккейн: Веру ўсім сэрцам, што аднойчы беларусы перамогуць

6
Джон Маккейн: Веру ўсім сэрцам, што аднойчы беларусы перамогуць
ДЖОН МАККЕЙН
ФОТА: FORUM.MD

Гэта адбудзецца з той самай прычыны, як і ў іншых краінах.

У сваёй апошняй кнізе «Несуцішная хваля» нябожчык амерыканскі сенатар Джон Маккейн успамінаў пра Беларусь, піша беларускі актывіст Дзяніс Казакевіч.

Ён пісаў пра фальсіфікацыі прэзідэнцкіх «выбараў», пра арышты пратэстоўцаў і пра сваю веру ў тое, што рэжым будзе пераможаны.

«Цягам апошніх дваццаці гадоў я спрабаваў дапамагчы апазіцыі ў Беларусі перамагчы бязлітасны рэжым Аляксандра Лукашэнкі, які няўмела кіраваў краінай, пачынаючы з 1994 года. Я сустракаўся з беларусамі з усіх слаёў грамадства, якія змагаліся за тое, каб змяніць сваю краіну: студэнтамі, прафесарамі, адвакатамі, былымі дзяржаўнымі службовымі асобамі, адстаўнымі вайскоўцамі, прадпрымальнікамі, тэхнакратамі і акцёрамі.

У 2004 годзе сенатар Джо Ліберман і я звярнуліся па атрыманне візы для ўезду ў Беларусь. Урад адмовіў нам у візах, і з тых самых часоў не хоча нас упускаць у краіну. Прадстаўнікі апазіцыі павінны былі выязджаць за мяжу, каб сустрэцца з чальцамі Кангрэсу, якія падтрымліваюць іхнюю барацьбу. Мы сустракаліся ў Вільні і Рызе, мы сустракаліся ў Брусэлі і Вашынгтоне. На знак салідарнасці з імі я асудзіў ашуканскія «выбары» ў 2001 годзе, але адзіным вынікам стала тое, што Лукашэнка скраў яшчэ адны «выбары» ў 2006 годзе, і яшчэ адны – у 2010 годзе, і яшчэ адны – у 2015 годзе.

Я заклікаў да вызвалення з турмы апанента Лукашэнкі на «выбарах» 2001 года Міхала Марыніча, але адзіным вынікам стала тое, наступныя пяць гадоў ён заставаўся за кратамі пасля таго, як перанёс інсульт. Я без асаблівага поспеху заклікаў да вызвалення іншых палітычных вязняў.

Я назіраў за тым, як Лукашэнка, замест таго, каб паспрабаваць павесці краіну да большай незалежнасці, працуе разам з пуцінскай Расеяй так цесна, як быццам бы Беларусь да гэтага часу – васальная дзяржава, і заўсёды вяртаецца ў крамлёўскае слугаванне.

Я зрабіў незлічоную колькасць заяваў, прысутнічаў на шматлікіх канферэнцыях, дапамагаў прыняць законы, якія прадугледжваюць санкцыі супраць рэжыму. Я заклікаў іншыя краіны ўвесці санкцыі, і калі яны гэта рабілі, заклікаў да новых санкцый.

Я ўсімі магчымымі спосабамі ўгаворваў, пагражаў і даваў абяцанні з адной мэтай: падтрымаць права беларусаў самім кіраваць сваёй краінай. І што ў выніку? Не падобна, каб быў хоць які-небудзь эфект. Лукашэнка ўсё яшчэ там. Ён усё яшчэ саджае ў турму сваіх апанентаў і, што яшчэ горш, ён усё яшчэ паслухмяны Пуціну.

У лютым і сакавіку 2017 года дзясяткі тысячаў людзей выйшлі з пратэстамі на вуліцы Менска і дзясятка іншых гарадоў. Рэжым адказаў масавымі арыштамі. Міжнародныя заклікі вызваліць пратэстоўцаў былі праігнараваныя.

У 2015 годзе брытанская газета «Гардыян» апублікавала аналіз перспектываў пераменаў у Беларусі пасля паспяховых пратэстаў на Майдане ва Украіне. Аўтары прыйшлі да высновы, што ўлада Лукашэнкі ў бяспецы, а апазіцыя нямоглая, і заявілі, што рэвалюцыя ў Беларусі немагчымая. Але, як сказаў Уінстан Чэрчыль, «поспех – гэта ўменне рухацца ад адной няўдачы да іншай, не трацячы энтузіязму».

Кожны раз, калі я сустракаюся з прадстаўнікамі беларускай апазіцыі, яны гэтак сама катэгарычныя, упэўненыя і ўдзячныя за міжнародную падтрымку, як і першыя дысідэнты з якімі я сустракаўся шмат гадоў таму. Часта яны – гэта тыя самыя людзі, з якімі я сустракаўся шмат гадоў таму. Яны вераць. Яны змагаюцца і яны ўпартыя. Яны – гэта папрок цынікам і адчуванню стомленага фаталізму, якое можа скарыць нават самых аптымістычных.

Гэтаксама, як і яны, я веру ўсім сэрцам, што аднойчы яны ці іхнія дзеці перамогуць. І гэтага не здарыцца таму, што ў Беларусі надыдзе момант канца гісторыі, якая немінуча імкнецца да справядлівасці. Гэта адбудзецца з той самай прычыны, як і ў іншых краінах: бо смелыя мужчыны і жанчыны ўнутры краіны і верныя сябры за межамі краіны будуць прыкладаць знясільвальныя і нястомныя намаганні для таго, каб гэта адбылося».

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках