11 траўня 2024, Субота, 4:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Беларусі 28% аўтамабілістаў не мыюць машыну ўзімку

12
У Беларусі 28% аўтамабілістаў не мыюць машыну ўзімку

40% удзельнікаў апытання мыюць зімой машыну пры неабходнасці.

Тут нават спрачацца няма чаго: што-небудзь чыстае заўсёды лепшае за гэткае самае бруднае. На чыстую машыну прыемней глядзець, у яе сядаеш з задавальненнем, яна нават ездзіць хутчэй! Адна праблема – падтрыманне ахайнага выгляду аўто заўсёды патрабуе намаганняў – грошай ці часу.

І першага, і другога заўсёды не хапае. Таму немалая частка машынаў па нашых дарогах ездзіць з бялявым саляным налётам узімку, рудымі "рабацінкамі" ўвесну і ўвосень ды шэрай павалокай гарачым летам. Некаторых нават суседзі адорваюць празрыстым намёкам "памый мяне, я ўся чашуся", піша abw.by.

КРЫНІЦА: ABW.BY

Зрэшты, на зімовым перыядзе варта спыніцца асобна, бо да традыцыйных адгаворак "няма грошай / часу" тут дадаецца ідэалагічная платформа: карысці ад мыйкі ў мароз можа быць нашмат менш, чым шкоды.

На мінулым тыдні расейскія калегі апублікавалі вынікі апытання пра тое, наколькі часта расейскія аўтамабілісты ў зімовы перыяд мыюць свае машыны, і атрымалі нечаканыя вынікі.

Высветлілася, што тры чвэрці (76,3%) аўтаўладальнікаў з рознай перыядычнасцю, але заязджаюць на мыйку, не чакаючы вясны. Прычым больш за палову ўдзельнікаў апытання (50,7%) адказалі, што робяць гэта "пры неабходнасці", а кожны чацвёрты (25,6%) прытрымліваецца ў гэтым пытанні рэгулярнасці. Так, 15,7% апытаных мыюць машыну з перыядычнасцю адзін раз на месяц, 5% робяць гэта ў два разы часцей, а прыкладна столькі сама (4,9%) – і зусім штотыдзень. Цікава, што прыблізна кожны чацвёрты рэспандэнт (23,7%) не бачыць у гэтым сэнсу і чакае вясны.

КРЫНІЦА: ABW.BY

"А як на гэтае самае пытанне адкажуць нашы аўтаўладальнікі?" – задумаліся мы і прадублявалі даследаванне.

Характэрна, што вынікі апынуліся падобнымі.

40% удзельнікаў апытання мыюць зімой машыну пры неабходнасці, 14% робяць гэта адзін раз на месяц, 9% – адзін раз у два тыдні і 9% – адзін раз на тыдзень.

Пры гэтым 28% рэспандэнтаў выбралі варыянт "Не мыю ўзімку, чакаю вясну".

Дзеля справядлівасці можна сказаць, што аўтаўладальнікаў, якія звыкліся ўтрымліваць свае аўтамабілі ў спартанскіх умовах, хапае і за заходнімі межамі нашай краіны. Напрыклад, на сайце апытанняў адзін з удзельнікаў сумленна напісаў: "Мыць машыну? Хіба не для гэтага ідзе дождж?"

А другі прызнаўся: "Адказ просты: так часта, як вы хочаце. Я працую на аўтамыйцы, таму мая машына мыецца як мінімум дзесяць разоў на тыдзень. Майму апошняму аўтамабілю было дзесяць гадоў, калі я прадаў яго, і выглядаў ён выдатна".

Але большасць еўрапейцаў і амерыканцаў сыходзяцца ў меркаванні, што ўзімку салявыя рэагенты настолькі агрэсіўныя, што аптымальны рэжым мыйкі аўто – кожныя дзесяць дзён, максімум два тыдні.

"Соль, якая выкарыстоўваецца на дарогах узімку, можа быць вельмі едкай для лакафарбавага пакрыцця аўтамабіля і металічных паверхняў. Пры гэтым у слотнае надвор'е ў ніжняй частцы аўтамабіля хутка назапашваецца бруд. Доўгае знаходжанне солі і зімовага бруду на аўтамабілі ў выніку прыводзіць да пашкоджання металічных паверхняў, аздаблення і фарбы, але вонкавымі недахопамі справа не абмяжоўваецца, бо каразійныя працэсы пачынаюцца і ў элементах хадавой часткі", – раяць брытанцы.

Зрэшты, аналагічнага меркавання прытрымліваюцца і нашы аўтаэксперты. Адзінае, што рабіць гэта трэба правільна.

Правілы зімовай мыйкі:

правіла №1 – не мыць халодны аўтамабіль гарачай вадой. Для лакафарбавага пакрыцця гэта шок. Як і для лабавога шкла, на якім у большасці машынаў ёсць мікрасколы ад камянёў;

правіла №2 – бруд спачатку трэба намачыць, потым змыць і толькі пасля гэтага дзейнічаць анучай або вяхоткай;

правіла №3 – пасля мыйкі праёмы працерці, замкі прадзьмуць, дзверы хвілінаў пяць не зачыняць.

Яшчэ пасля мыйкі лепш за ўсё не ставіць аўто на прыкол, а трохі на ім праехаць. Гэта неабходна, каб вільгаць, якая патрапіла паміж сотамі радыятара, выдзьмулася або выпарылася, каб высахлі тармазныя механізмы (асабліва гэта важна для машынаў з барабаннымі тармазамі, якія раніцай могуць і не крануцца з месца), каб не сабралася і не змерзла вада ў ніжняй частцы колавых дыскаў. Не перашкодзіць пасля мыйкі некалькі разоў скарыстацца і механізмам ручнога тормазу, каб не прыхапіла трос.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках