24 траўня 2019, Пятніца, 21:35
За нашу і вашу свабоду!
Рубрыкі

Спецслужбы Літвы: Расея выкарыстоўвае Беларусь для планавання ваенных аперацый

11
ІЛЮСТРАЦЫЙНАЕ ФОТА

У расейскай вайсковай дактрыне Беларусі адводзіцца роля «буфернай» дзяржавы.

Расея паслядоўна ўмацоўвае вайсковыя магутнасці ў Калінінградскай вобласці, але размешчаныя ў Балтыйскім рэгіёне дадатковыя сілы NATO і рост нацыянальных узброеных сіл краін Балтыі зніжаюць імавернасць канфлікту, гаворыцца ў штогадовай ацэнцы пагроз, падрыхтаванай дзвюма літоўскімі спецслужбамі - Дэпартаментам дзяржбяспекі і вайсковай выведкай Літвы.

«Дыслакаваная ў галіне вайсковая групоўка паслядоўна ўмацоўваецца: абнаўляецца старая і ствараецца новая вайсковая інфраструктура, фармуюцца новыя вайсковыя часткі, пастаўляюцца новыя ўзбраенні і баявая тэхніка, на наземных і марскіх палігонах вобласці праводзіцца інтэнсіўная вайсковая падрыхтоўка», - адзначаецца ў дакуменце, апублікаваным у аўторак, паведамляе Інтэрфакс.

Згодна з падрыхтаванай ацэнкай пагроз Беларусі, якая мяжуе з Літвой, у расейскай вайсковай дактрыне надаецца роля «буфернай» дзяржавы - РФ выкарыстоўвае тэрыторыю краіны для планавання ваенных аперацый і дэманстрацыі вайсковай моцы, а паглыбленне вайсковай інтэграцыі і эканамічная залежнасць зніжае магчымасці Менска ажыццяўляць незалежную абаронную палітыку і палітыку бяспекі.

Паводле звестак літоўскіх спецслужбаў, пашыраючы вайсковую прысутнасць у Калінінградскай вобласці, Расея павышае здольнасць весці ваенныя дзеянні цягам 24-48 гадзін з моманту атрымання загаду.

З іншага боку, падкрэсліваюць аўтары дакумента, павелічэнне нацыянальных узброеных сіл Балтыйскіх краін і дыслакаваных у рэгіёне магутнасцяў NATO ў выпадку ваеннага канфлікту дазволіць пазбегнуць шырокага ўцягвання NATO і зніжае імавернасць пачатку канфлікту ў рэгіёне.