ЗША перададуць Украіне яшчэ два катэры тыпу Island
8- 14.03.2019, 20:10
- 13,092
Амерыканскія катэры ўзмоцняць украінскія пазіцыі ў Чарнаморскім басейне.
ЗША плануюць перадаць Вайскова-марскім сілам Украіны яшчэ два патрульна-вартавыя катэры тыпу Island, заявіў камандуючы Аб'яднанымі ўзброенымі сіламі NATO ў Еўропе генерал Керціс Скапароцці на слуханнях у камітэце абароны Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША, паведамляе «Украинский милитарный портал».
«Мы працавалі і працягнем працаваць на марскім кірунку з іх (Украіны - заўв.) Вайскова-марскімі сіламі. У нас з імі добрыя стасункі. І цяпер ёсць павелічэнне фінансавання, якое мы запытвалі у Кангрэса для перадачы Украіне марскіх сродкаў, перш за ўсё - двух караблёў класа Island, каб пачаць папаўненне іх вайскова-марскіх сіл», - заявіў Скапароці.
Словы Скапароці аб магчымай перадачы Украіне яшчэ двух катэраў пацвярджаюць крыніцы ў ВМСУ, адзначае партал. Пры гэтым гаворка ідзе не толькі аб перадачы караблёў, але і аб выдачы ў распараджэнне ВМСУ іншых марскіх сродкаў.
Слуханні ў камітэце абароны Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША пры ўдзеле генерала Керціса Скапароці прайшлі 13 сакавіка 2019 года.
27 верасня 2018 года камандзір ВМСУ віцэ-адмірал Ігар Варончанка і віцэ-адмірал берагавой аховы ЗША Майкл Макалістар падпісалі мемарандум аб перадачы Украіне патрульных катэраў USCGC Cushing (WPB-1321) і USCGC Drummond (WPB-1323).
Цяпер яны знаходзяцца ў амерыканскім Балтыморы. Плануецца, што катэры прыбудуць на Чорнае мора не пазней за ліпень 2019 года.
Пасол Украіны ў ЗША Валерый Чалы адзначаў, што амерыканскія катэры ўзмоцняць украінскія пазіцыі ў Чарнаморскім басейне.