3 траўня 2024, Пятніца, 2:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Што замінае беларусам жыць лепш?

27
Што замінае беларусам жыць лепш?

Тры парадоксы айчыннай эканомікі.

У Беларусі больш за 750 тысяч чалавек жывуць за рысай беднасці. Паводле звестак Белстата, у мінулым годзе сродкі меншыя за бюджэту пражытковага мінімуму мелі 8,1% грамадзян.

Што не дазваляе раскрыць патэнцыял беларускай эканомікі? На пытанні "Заўтра тваёй краіны" адказвае эканаміст Яўген Доўгель.

1. Недасканаласць фінансавання эканомікі

Крэдытная сістэма фінансавання эканомікі прыводзіць да пазыковых крызісаў і неканкурэнтаздольнасці дзяржаўнага сектара ў рынкавых умовах, а таксама да дэфіцыту грошай у краіне, і моцна падвышае патрэбу эканомікі ва уліваннях замежнай валюты, мяркуе Яўген Доўгель.

- Возьмем усялякі банк: ён выдае паводле крэдытнай схемы 100 рулёў, а патрабуе вярнуць 110. А хто выпускае гэта «больш»? Такі падыход нараджае сусветныя крызісы. Гэта заўважыў калісьці старшыня Рады кіраўнікоў Федэральнай рэзервовай сістэмы ЗША Бэн Бернанке, які паказаў, што пры крэдытнай падтрымцы непазбежны крызіс грашовай сістэмы, - тлумачыць эканаміст.

Беларусь імкнецца развіваць найбуйнейшыя стратэгічныя прадпрыемствы акурат на крэдытнай аснове. І замест таго, каб спрабаваць атрымаць больш танную ў плане выдаткаў і рэсурсаў прадукцыю, прадпрыемствы бяруць крэдыты, уключаючы іх у канчатковы кошт. У выніку на адным рынку з кампаніямі іншых краін гэтая прадукцыя неканкурэнтаздольная.

- У той жа час Цэнтрабанк Японіі выдае банкам грошы пад адмоўны адсотак. А гэтыя банкі арганізуюць фінансаванне буйных бізнэс-праектаў згодна з інвестыцыйнай схемай - патрабуюць і старанна правяраюць бізнэс-план, і даюць грошы не ў крэдыт, а як укладанне ў прадпрыемства, забіраючы акцыі ў забеспячэнне гэтых грошай, - кажа эканаміст.

Пагалоўнае крэдытаванне, наадварот, не забяспечвае эканоміку дастатковымі сродкамі, а павышае залежнасць ад прыцягнення замежных інвестыцый.

- Мы не можам, умоўна, маючы беларускіх рублёў у пераліку на 1,5 мільярда даляраў набраць крэдытаў на 7 мільярдаў даляраў, - адзначае экспэрт.

Больш надзейна было б забяспечваць нацыянальную грашовую сістэму не замежнымі валютамі, узятымі ў крэдыт, а акцыямі паспяховых айчынных дзяржаўных кампаній. Гэта значыць арганізаваць нацыянальна-грашовую сістэму так, каб забеспячэннем нацыянальнай валюты ствараліся ў краіне актывы высокапрыбытковых прадпрыемстваў.

Эканаміст прапануе надзяліць Нацбанк дзяржаўным капіталам у выглядзе каштоўных папер прадпрыемстваў і пераўтварыць яго з крэдытора камерцыйных банкаў у галоўнага нацыянальнага інвестара. Фінансаваць бізнэс-праекты буйных прадпрыемстваў не за кошт крэдытаў, а з дапамогай інвестыцый. Стымуляваць развіццё рынку каштоўных папер, метадаў ацэнкі камерцыйных рызык і дзяржаўнага страхавання нацыянальных інвестыцыйных бізнэс-праектаў. З цяперашнімі крэдыторамі разлічыцца акцыямі аздароўленых дзяржпрадпрыемстваў. А замежных інвестараў запрашаць укладваць у беларускую эканоміку не столькі грошы, колькі тэхналогіі і інавацыі.

2. «Цяжкая» для бізнэсу падатковая сістэма

Структура падатковай сістэмы зніжае канкурэнтаздольнасць і эфектыўнасць айчынных прадпрыемстваў.

Калі ўзяць беларускую кампанію з канкрэтнай прадукцыйнасцю і неабходнасцю разлічвацца з дзяржавай паводле падатковай сістэмы Беларусі і амерыканскай кампаніі з такімі ж выдаткамі працы і матэрыяльных рэсурсаў, але пры падатковай сістэме ЗША, першая будзе моцна саступаць у магчымасці рэалізаваць сваю прадукцыю.

- Бо ў кошт прадукцыі амерыканца ўключаныя мінімальныя выдаткі, а падаткі ён у асноўным выплачвае з прыбытку, - кажа Яўген Доўгель.

Часта беларускія прадпрыемствы не могуць канкураваць з кампаніямі іншых краін акурат таму, што ў нашай краіне падаткі ўключаюцца ў затраты вытворчасці і ў кошт прадукцыі, падкрэслівае эканаміст. Ён прапануе аптымізаваць падатковую сістэму, каб яна стала не фіскальнай, а накіравальнай і рэгулявальнй прыладай дзяржавы для дадатковай аптымізацыі і актывізацыі нацыянальнай вытворчасці, максімізацыі канкурэнтаздольнасці нацыянальных вытворцаў на рынках.

3. Адсутнасць матывацыі работнікаў

Многія наймальнікі імкнуцца плаціць работнікам як мага менш, але «выціснуць» з іх максімум. Калі б ўласнікі бізнэсу, кіраўнікі прадпрыемстваў, працадаўцы больш справядліва размяркоўвалі прыбытак і матывавалі работнікаў не адбываць працоўны дзень, а працаваць актыўна, то абодва бакі атрымлівалі б ад вытворчага працэсу больш выгод, перакананы эканаміст.

- Яшчэ Гесіёд сцвярджаў, што дзяліцца выгадней, чым забіраць усе сабе. Узгадайце, як «ірвануў» некалі «Беларуськалій», калі пасля страйку там укаранілі сістэму матывацыі. На наступны год прыбытак на прадпрыемстве істотна вырас, - падае прыклад Яўген Доўгель.

Намаганні дзяржавы ў гэтых трох кірунках дазволілі б забяспечыць больш высокі рост эфектыўнасці дзяржпрадпрыемстваў, ВУП і нацыянальнага даходу, бездэфіцытны дзяржбюджэт, а таксама рост узроўню жыцця людзей, мяркуе эканаміст.

Напісаць каментар 27

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках