18 траўня 2024, Субота, 3:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«За ўвесь гэты абсурд выканаўцам давядзецца адказваць»

88
«За ўвесь гэты абсурд выканаўцам давядзецца адказваць»
ФОТА: BELSAT.EU

«Дармаеды» абураныя: іх звесткі сталі вывешваць на дзвярах пад'ездаў.

Жыхар Віцебску Сяргей больш за 15 гадоў працуе ў Маскве апрацоўшчыкам. Вярнуўшыся па асабістых справах у Віцебск, ён знайшоў у паштовай скрыні «ліст шчасця» з так званай камісіі ў садзейнічанні занятасці насельніцтва Кастрычніцкага раёна, піша «Витебский курьер».

- Я будаўнік, апрацоўшчык. Усё жыццё гэтым займаюся, хоць па адукацыі наладчык радыёапаратуры. У Маскве рамантую дамы, катэджы, офісы. Раней атрымліваў блізу 80 тысяч расейскіх рублёў. Цяпер менш.

Дзе я такія грошы ў Віцебску змагу зарабляць? Не дадуць жа нармальна працаваць! А калі і дадуць, то станеш на ногі - і забяруць. Вы ж ведаеце, як гэта бывае. Некаторыя пасля такога на самагубства ідуць. А я не самазабойца...

Жонка бухгалтаркай раней працавала, а потым у будаўнікі перакваліфікавалася. Кажа, надакучыла мне ўжо чужыя грошы лічыць - хачу сама зарабляць. Спачатку тут працавала. А потым я яе ў Маскву забраў. Там ужо дзявяты год разам працуем, - падзяліўся Сяргей.

Паводле зместу ліста, атрыманага Сяргеем, грамадзяне, не занятыя ў эканоміцы, аплачваюць паслугі коштамі, якія забяспечваюць поўную кампенсацыю эканамічна абгрунтаваных затрат на іх наданне. Акрамя таго, у пасланні сказана, што ў пытанні ўключэння ў базу звестак працаздольных грамадзян, не занятых у эканоміцы, неабходна звяртацца ў камісію каардынацыі работы ў садзейнічанні занятасці насельніцтва.

КРЫНІЦА: VITEBSKSPRING.ORG

- Гэта маразм! Навошта я павінен некуды ісці і камусьці даводзіць? Калі ўжо вы мяне туды запісалі, то самі даводзьце, што я дармаед і як там - «не ўдзельнічаю ў эканоміцы краіны», - прадоўжыў Сяргей.

Мужчына мяркуе, што беларусы, якія працуюць у Расеі, бяруць такі ж удзел у эканоміцы Беларусі, як і тыя, якія зарабляюць на радзіме:

- Чаму я яшчэ павінен нешта плаціць? Палічыце, колькі грошай тут пакідаюць беларусы, якія прыязджаюць дадому з расейскімі заробкамі. Мы ж усё сюды цягнем! Дык гэта, што я не ўдзельнічаю ў эканоміцы? Я вунь рамонт у кватэры некалькі гадоў раблю. Усе матэрыялы тут, у Беларусі, набываю.

Вось што думаю: калі і ісці на гэтую камісію, то толькі для таго, каб сказаць ім, што за ўвесь гэты абсурд рана ці позна давядзецца адказваць менавіта ім - як наўпроставым выканаўцам.

Сяргей паведаміў, што не хадзіў у камісію занятасці, а звярнуўся з «лістом шчасця» адразу ў гарвыканкам.

- На ўлік я не збіраюся станавіцца, з якога перапуду? Чаму я павінен каму-небудзь штосьці тлумачыць? Гэта яны мне павінны тлумачыць, - абурыўся мужчына.

У гарвыканкаме Сяргей звярнуўся наўпрост да кіраўніка. Ягоны зварот афіцыйна зарэгістравалі ў часопіс.

- Мне паабяцалі даць адказ цягам 15 дзён. Ужо ў панядзелак будзе 2 тыдні з моманту звароту. Як раз сёння залез у паштовую скрыню - пуста. Пакуль цішыня, - каментуе мужчына.

Як распавёў Сяргей, папера аб тым, што ён «дармаед», вісела таксама і на дзвярах ягонага пад'езда:

- Сусед распавёў, што вісеў спіс «у вашым пад'ездзе дармаедаў» і маё прозвішча там. Я на свае вочы не бачыў, але навошта яму хлусіць? Дзе такое напісана? У якім дэкрэце, статуце напісана, што яны маюць права вывешваць такія спісы?

Пазіцыя мужчыны катэгарычная, аплачваць нешта, акрамя «камуналкі», ён не збіраецца ні пры якіх умовах.

- Калі ў панядзелак у мяне нічога не будзе, то я збіраюся да іх ісці сам. Прынцыпова плаціць нічога не буду. Яны нічога не робяць, а я буду ім плаціць. Няхай заводы запусцяць лепш і зноўку адбудуюць.

Усё адно, што я 15 гадоў у Расеі працую - я за самастойную Беларусь. Спачатку была спакуса кінуць усё, здаць кватэру ў Віцебску і пераехаць туды на сталае жыхарства. Што спыніла? І не тое, што тут спакайней, а проста...тут жа Радзіма, д’ябал! - скончыў Сяргей.

Пасля таго, як гарвыканкам дасць адказ на пісьмовы зварот, Сяргей паабяцаў звязацца з рэдакцыяй асабіста.

Напісаць каментар 88

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках